Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь адзначае 90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну


У гэтыя дні Беларусь адзначае юбілейныя 90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца на Случчыне.



Сюды ў суботу з Менску накіраваліся два аўтобусы з прадстаўнікамі беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Больш як 70 чалавек на маршруце Менск-Грозава-Семежава-Вызна-Слуцак наведалі знакавыя мясьціны Слуцкага збройнага чыну. Месцы пахаваньня змагароў за вольную Бацькаўшчыны і Крыжы Памяці ўшанаваны кветкамі. Тут жа прагучалі словы ўдзячнасьці, гімн БНР, «Магутны Божа» і песьні слуцкіх ваяроў.

У другой палове дня 27 лістапада на слуцкім гарадзкім стадыёне распачаўся мітынг у гонар юбілейных угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Сярод удзельнікаў мітынгу — кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ «Адраджэньне» Аляксей Янукевіч, лідэр стваранай партыі БХД Павал Севярынец, старшыня Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

На стадыёне і вакол яго шмат міліцыянтаў. Улады прыгналі сюды нават вадамёт, як кажуць удзельнікі мітынгу пра пажарную аўтамашыну.

У інтэрвію «Свабодзе» Рыгор Кастусёў адзначыў наступнае:

«Мне прыемна прысутнічаць сярод людзей, якім дарагая памяць пра абаронцаў незалежнасьці Беларусі — за родную зямлю, за БНР.
Я веру і спадзяюся, што гэты дзень будзе дзяржаўным сьвятам.
Я веру і спадзяюся, што гэты дзень будзе дзяржаўным сьвятам. І чакаць такога часу засталося нядоўга».

На стадыёне шмат жыхароў Слуцку. І як кажа грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошык, сьвята атрымае працяг і заўтра:

«Заўтра адбудзецца мітынг ля будынка краязнаўчага музэя а 14:30. Гэты мітынг арганізоўвае КХП БНФ. Апрача мітынгу нашы случчакі выедуць на аўтамашынах да месцаў, дзе ў 1920-м годзе вялі баі паўстанцы: Грозава, Семежава, Вызна».

Вячаслаў Сіўчык, які арганізаваў вандроўку па знаных месцах Слуцкага збройнага чыну, гаворыць, што гэтыя месцы не забытыя. Іх даглядаюць мясцовыя жыхары. А ў Семежаве нядаўна ўсталявалі высокі мэталічны крыж, ля падножжа якога гранітная пліта з памятным надпісам.

Сіўчык: «Дзякуй Богу, змаганьне за Беларусь працягваюць нашчадкі слуцкіх паўстанцаў. Гэта жывыя, сьмелыя людзі. Мяркую, што сёньня ім было добра, утульна, і таму лягчэй будзе змагацца за лепшую будучыню Беларусі».

За гасьцямі цікуе міліцыя.
Жыхары Грозава наглядаюць за памінаньнем зводдаль.
Вячаслаў Сіўчык прамаўляе ля новага памінальнага крыжа з Пагоняй у Семежаве.

Вызна (Чырвоная Слабада)
Мітынг у Слуцку на футбольным стадыёне.


Прамаўляе Павал Севярынец.
Выступае Рыгор Кастусёў.

Восеньню 1920 году, у час вайны Польшчы і савецкай Расеі, ваюючыя бакі падпісалі замірэньне. Дэмаркацыйная лінія і нэйтральная зона прайшлі якраз цераз Случчыну.

Сытуацыю выкарысталі сьвядомыя патрыятычныя сілы. 14 лістапада 1920 году яны склікалі Першы беларускі зьезд Случчыны, які абраў часовы ўрад — Беларускую раду Случчыны.

Пры падтрымцы сялянства і месьцічаў Рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе двух палкоў.

Паўстаньне пачалося 27 лістапада 1920 году. Баі з Чырвонай арміяй працягваліся да 28 сьнежня 1920 году. Спроба стварыць незалежную беларускую дзяржаву апынулася гераічнай, але часовай, бо Чырвоная армія шматкроць перавышала ў колькасьці і ўзбраеньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG