Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладая Беларусь” за Мілінкевіча


Кася Галіцкая і Артур Фінькевіч адкрываюць зьезд.
Кася Галіцкая і Артур Фінькевіч адкрываюць зьезд.
Сёньня ў менскай сядзібе БНФ адбыўся ўстаноўчы зьезд моладзевага руху «Маладая Беларусь». Дэлегаты вырашылі таксама падтрымаць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Зьезд пачаўся са спазьненьнем амаль на гадзіну ў зьвязку з тым, што чакалі дэлегацыі з трох абласьцей — Берасьцейскай, Магілёўскай і Гарадзенскай — якія так і не змаглі прыехаць у Менск. На момант пачатку зьезду не было магчымасьці зьвязацца зь імі па тэлефоне. Абраны лідэрам руху Артур Фінькевіч адзначыў, што ў наступны раз будуць прымацца захады для большай кансьпірацыі. Упершыню стваральнікі руху падаюць дакумэнты на рэгістрацыю ў міністэрства юстыцыі. Ці ёсьць спадзяваньні, што аб’яднаньне будзе зарэгістравана?

Артут Фінькевіч
Артур Фінькевіч: «З юрыдычнага гледзішча, няма ніякіх падставаў, каб нас не зарэгістраваць. Усе дакумэнты ў нас у парадку. А там ужо пытаньне будзе прымацца на іншым узроўні. Гэта пытаньне палітычнае, таму я асаблівых ілюзіяў ня маю».

Напярэдадні зьезду Артура Фінькевіча моцна зьбілі і абрабавалі невядомыя. Ён расцэньвае гэта як няўдалую спробу ўладаў сарваць зьезд:

«Мне ня вельмі добра нават зараз. У мяне баліць галава, відаць ёсьць страсеньне. Я адмовіўся ад шпіталізацыі, бо трэба было арганізоўваць зьезд. Было цяжка, бо ў тых рэчах, якія ў мяне забралі ў двары, было ўсё: нататнікі, кантакты, ноўтбук, дакумэнты, якія былі прэзэнтаваныя на зьезьдзе. Іх даводзілася за дзьве ночы і дзень аднаўляць з нуля. Зьезд адбыўся, няхай не такі шматлюдны».

Дэлегаты прынялі заяву да «Міжнароднай амністыі» з заклікам прызнаць вязьнем сумленьня свайго паплечніка Алега Сургана, які адбывае зьняволеньне ў Глыбокім.

На зьезьдзе «Маладой Беларусі» прысутнічаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.
Таксама дэлегаты вырашылі падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча ў якасьці кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Бальшыня актывістаў плянуе працаваць у яго выбарчых штабах, адзначыў Артур Фінькевіч:

«Мы перакананыя, што з гэтым чалавекам мы здольныя перамагаць.Я ўпэўнены, што разам мы здольныя прыйсьці да дэмакратыі».

На зьезьдзе «Маладой Беларусі» прысутнічаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан і лідэр руху «За свабоду»

Аляксандар Мілінкевіч. У сваім выступе спадар Мілінкевіч адзначыў:
Вось сёньня затрымка — гэта дэманстрацыя вашай моцы. Такія мэдалі ад улады за вашу дзейнасьць.

«Я вас заклікаю, калі робіце справу, ведайце, што мы змагаемся за правы чалавека, за дэмакратыю і ня менш — штодня за незалежнасьць. Яна пад пагрозай. А гэта самае галоўнае. У вас ёсьць сіла, бо бачыце, як вас прэсуюць. Баяцца, што вы проста зьберацеся. Вось сёньня затрымка — гэта дэманстрацыя вашай моцы. Такія мэдалі ад улады за вашу дзейнасьць. У вас ёсьць актывісты, лідэры, Артур, Аляксандар, на якіх учынены бандыцкі напад. Ад чаго? Ад сілы? Ды ад слабасьці. Шалеюць ад слабасьці».

З запрошаных кандытатаў у прэзыдэнты прыйшоў толькі Аляксандар Мілінкевіч.
Гаворачы пра будучую выбарчую кампанію, спадар Мілінкевіч адзначыў неабходнасьць аб’яднаньня сярод аднадумцаў.

«Выбараў няма. Мала веру, што будуць. Гэта будзе важная палітычная кампанія. Але мне страшэнна ня хочацца, і я так не зраблю, каб як статак перціся на выбары, якія яны арганізуюць выключна па сваіх правілах. Мне ня хочацца ўдзельнічаць у гэтым маскарадзе. І ў мяне пачуцьцё пэўнай агіды. Бо калі няма выбараў, мы мусім хаця б маральна патрабаваць. Я адчуваю, што трэба жорстка паставіць умовы. Хацеў бы і вашай падтрымкі. Вельмі простая ўмова: каб першы крок зрабіць да больш сумленных, адкрытых выбараў — давайце лічыць разам галасы!».

На зьезьдзе таксама падтрымана працэдура абраньня адзінага кандыдата ад БНБ, прапанаваная Партыяй БНФ.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG