Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч: “Білі па твары нагамі”


Артур Фінькевіч у шпіталі, 8 ліпеня.

Артур Фінькевіч у шпіталі, 8 ліпеня.

Лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, якога моцна зьбілі і абрабавалі невядомыя ўвечары 8 ліпеня, напісаў заяву ў міліцыю і пракуратуру. Ён зрабіў гэта, нягледзячы на тое, што ўсе папярэднія заявы моладзевых актывістаў, якіх зьбівалі пры аналягічных абставінах, ні разу не прывялі да затрыманьня вінаватых.

Артур Фінькевіч выпісаўся са шпіталя, куды трапіў пасьля пабояў, і аднавіў падрыхтоўку да зьезду «Маладой Беларусі», прызначанага на гэтую суботу. Учора невядомыя нападнікі скралі ў Фінькевіча ноўтбук і флэшкі, на якіх была інфармацыя, патрэбная для правядзеньня зьезду. «Сёньня ўвесь дзень аднаўляем дадзеныя», — паведаміў актывіст.

«Баліць галава. Гэта ад таго, што білі па галаве, прычым некалькі разоў — ляжачага, нагамі. Баляць і вочы, пырснулі ў твар нейкай атрутай».

Дактары засьведчылі, што ў Фінькевіча апёк вачэй і рук, якімі ён спрабаваў прыкрыць твар. Артур Фінькевіч паведаміў, што напісаў заяву ў міліцыю.

«Пакуль ня езьдзіў у міліцыю, але мой сябра Аляксандар Лыкшын, якога зьбілі разам са мной, ужо зьвярнуўся ў міліцыю. Але па факце міліцыянты мяне апытвалі на месцы здарэньня, я там расьпісваўся ў іхных паперах. Такім чынам, яны мусяць разьбірацца».

Карэспандэнт: «Што вы думаеце пра тое, хто гэта быў?»

Перакананы, што гэта былі супрацоўнікі аднаго са спэцпадразьдзяленьняў.
Фінькевіч: «Перакананы, што гэта былі супрацоўнікі аднаго са спэцпадразьдзяленьняў, хутчэй за ўсё — з „Алмазу“. Аднаго з нападнікаў я бы мог пазнаць, бо бачыў яго досыць добра. Яшчэ памятаю чалавека, які ў мяне вырываў ноўтбук. Гэты быў у гадах, у яго была сівізна».

Карэспандэнт: «На вас відавочна палююць. Навошта?»

Фінькевіч: «Чарговая спроба мяне запалохаць. А ў дадзеным выпадку, відаць, яшчэ гэта зьвязана са зьездам „Маладой Беларусі“, які мае адбыцца заўтра на Варвашэні, 8, у офісе БНФ».

Акрамя ноўтбуку, флэшак, мабільніка і грошай, у Артура Фінькевіча невядомыя скралі пашпарт зь візай ЗША. Артур не выключае, што ставілася мэта сарваць ягоную паездку ў Амэрыку.



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што падобныя інцыдэнты апошнім часам сталі часьцейшымі, і кажа пра марнасьць спробаў праваахоўных органаў шукаць злачынцаў:

«Такое сапраўды пачало здарацца значна часьцей. Летась мы некалькі разоў фіксавалі тое, што невядомыя проста вывозяць актывістаў моладзевых арганізацый у лес. Гэта было з Настай Палажанкай, з тым жа Фінькевічам. Дарэчы, якраз напярэдадні Фінькевіч зьвяртаўся да нас, казаў, што невядомыя званілі яму ў кватэру, называліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і хацелі яго бачыць, але ён ім не адчыніў. У яго было падазрэньне, што яго могуць ізаляваць, каб ня ўдзельнічаў у зьезьдзе. І вось сярод белага дня, у вельмі людным месцы, непадалёк ад Акадэміі міліцыі яго чатыры чалавекі зьбілі ды яшчэ адабралі рэчы. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта самае натуральнае рабаваньне. Але я падазраю, што гэта не звычайны крымінал, а ўзьдзеяньне на палітычную дзейнасьць Фінькевіча. На жаль, і пракуратура належным чынам на такія факты не рэагуе».

Дзяжурны Савецкага РАУС сказаў, што яму нічога невядома пра вынікі разбору наконт нападу на Артура Фінькевіча 8-га ліпеня. Атрымаць камэнтар у пракуратуры Беларусі не ўдалося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG