Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адкрылі "Ўкраінскі Дом"


Адзін з заснавальнікаў "Украінскага дому" Зьміцер Кісель
Адзін з заснавальнікаў "Украінскага дому" Зьміцер Кісель
Берасьцейскі аблвыканкам зарэгістраваў эканамічна-інтэграцыйную ўстанову "Ўкраінскі Дом". Паводле статута, ўстанова будзе займацца падтрымкай грамадзкіх і культурных і эканамічных ініцыятываў украінскай дыяспары на Берасьцейшчыне. На сёньня колькасьць этнічных украінцаў у гэтым рэгіёне складае каля 60 тысяч чалавек.

"Украінскі Дом" у Берасьці стварылі грамадзяне Беларусі. Напачатку меркавалася, што гэта будзе грамадзкая арганізацыя. Але першыя спробы рэгістрацыі выявіліся няўдалымі. Заснавальнікам давялося падпарадкавацца патрабаваньням управы юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму. Удакладняе каардынатар "Украінскага Дома" Віктар Місіюк:

"Украінскі Дом" зарэгістраваны як установа. Праўда, зьмест, спадзяемся, мала чым будзе адрозьнівацца ад арганізацыі. Асноўнае адрозьненьне — у кірунках дзейнасьці. Бо структурна розьніца сапраўды прадугледжана заканадаўствам".

Паводле рэгістрацыі "Ўкраінскі Дом" будзе працаваць на тэрыторыі Берасьцейшчыны. Цягам ліпеня-жніўня "Ўкраінскі Дом" плянуе распрацаваць канкрэтныя праекты эканамічнага і культурнага кірунку. Распавядае адзін з заснавальнікаў установы Зьміцер Кісель:

"Цяпер створаны эканамічны аддзел у нашым "Украінскім Доме". Далей — "Грамадзкая прыёмная", якая будзе прымаць ініцыятывы грамадзян, прычым ня толькі прадстаўнікоў дыяспары, але і беларусаў, бо гэта ініцыятыва грамадзянаў Беларусі. Наступны кірунак — культурны. Чацьвёрты — турыстычны. І пяты — бадай, самы галоўны — новыя магчымасьці для прадпрымальнікаў. Будзем шукаць магчымасьць стварэньня сумесных прадпрыемстваў".

На Берасьцейшчыне зараз таксама дзейнічае грамадзкае аб'яднаньне "Ўкраінскі навукова-пэдагагічны саюз "Берегиня". Традыцыйнымі сталі Шаўчэнкаўскія чытаньні, якія праходзяць у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
XS
SM
MD
LG