Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геі: курс на Асьветніцтва


Як быць, што рабіць сучасным беларускім геям, якія жывуць у Беларусі і якія думаюць заставацца на не зусім ветлівай радзіме? Што яны могуць зрабіць якаснага і эфэктыўнага, каб змагчыся пэўных зварушэньняў на карысьць калі не сваіх пакуль правоў, а хаця б на карысьць свайго вобразу ў грамадзтве?


Што могуць яны прадпрыняць, калі вуліца ў прынцыпе пакуль заказаная ім? Вуліца, у існасьці, заказаная ўсім, хто не разам з прэзыдэнтам, хто не “За – Беларусь” у духу афіцыйнай рэклямы і лёзунгаў БРСМ, але некаторым яна заказаная асабліва, бо акрамя палітычнай альтэрнатыўшчыны гей-рух пагражае афіцыйнаму і апазыцыйнаму кансэрватыўнаму грамадзтву пэўнай маральнай дэстабілізацыяй.

На маю думку, для гей-руху пакуль вымалёўваецца адна-адзіная стратэгія – асьветніцтва. Так, радыкальнае Асьветніцтва, зь якім Эўропа сутыкнулася ў 17-18 стагодзьдзях, а затым хвалямі яно разыходзілася па Эўропе ды іншых заходніх дэмакратыях да канца 20-га стагодзьдзя. Праз палітычны летаргічны сон у некалькі стагодзьдзяў мы, беларусы, амаль ня ўдзельнічалі ў гэтым Асьветніцтве, таму трэба прайсьці гэты этап, каб ня проста з мосту патрабаваць правоў, часам радыкальных і незразуметых бальшынёю (нават бальшынёю геяў і лесьбіянак), а падрыхтаваць суайчыньнікаў і падрыхтавацца самім (перадусім самім) да супольнага, пажадана мірнага суіснаваньня. Слова “Асьветніцтва” не павінна палохаць, ані сьмяшыць нас, бо, на вялікі жаль, нам часта проста не хапае элемэнтарнай культуры – палітычнай, сэксуальнай, гендэрнай, моўнай ды іншай. Не хапае культуры і спакойнага, умеркаванага ўспрыманьня іншых, іншага.

На вялікі жаль, ані Дзяржава, ані Цэрквы, ані якая іншая салідная інстытуцыя не спрыяюць тут, не ствараюць плятформы і ўмоваў дзеля вырашэньня шурпатасьцяў і канфліктаў. Яны не інтэгруюць геяў і лесьбіянак, пакідаючы іх вырашаць свае праблемы самастойна. Такім парадкам Дзяржава адштурхоўвае ад сябе ня проста людзей, “вычварэнцаў”, як клічуць геяў у народзе, а сваіх патэнцыйных прыхільнікаў, сваіх чальцоў, шараговых падаткаплацельшчыкаў. Трэба прызнаць, што Дзяржава, хоць і дэкрыміналізавала гомасэксуальнасьць у 1993 годзе, але зрабіла гэта па інэрцыі за іншымі краінамі рэгіёну, спрабуючы паказаць сваю нібы дэмакратычнасьць. Насамрэч, гэты крок па дэкрыміналізацыі ня быў падтрыманы сымбалічна, рэальна дзяржава не падтрымала геяў, нічога не зрабіла на шляху да іх лепшай інтэграцыі ў супольнасьць. А магла: напрыклад, праз сыстэму адукацыі, войска, праз рэкляму прасоўваць станоўчы, натуральны вобраз гея і лесьбійкі і тым самым спыніць ці прынамсі мінімізаваць агрэсію і гамафобію, што ліецца з грамадзянскай супольнасьці і Дзяржавы.

Што да Цэркваў, то і яны, атрымаўшы пэўны статус і адчуўшы аднову і мацату пасьля цкаваньняў за савецкім часам, толькі шкодзяць інтэграцыі геяў і лесьбіянак у грамадзтва сваімі ўстаноўкамі і проста антысацыяльнымі і шкоднымі ў сьвецкай краіне “сацыяльнымі праграмамі”. Дзяржава, якая ў прынцыпе павінна быць нэўтральнай і сьвецкай, у сытуацыі з геямі падтрымлівае сымфонію з Царквой. Таму геі і лесьбійкі мусяць разумець цемрашальства бальшыні Цэркваў Беларусі і імкнуцца да павагі прынцыпу сьвецкасьці ці нават прынцыпу атэізму Дзяржавай. І гэты прынцып мусіць быць адным з фундамэнтаў новага асьветніцтва, гей-асьветніцтва, калі пажадаеце. Амаль сто год таму Царкву ўжо аднойчы аддзялілі ад Дзяржавы, калі яна сёньня зноў становіцца поперак дарогі да дэмакратыі, то мы мусім ігнараваць яе і змагацца за новае аддзяленьне Цэркваў ад Дзяржавы, без усялякіх спэцыяльных дамоўленасьцяў і рэмарак аб нейкім спэцыяльным унёску праваслаўя ці каталіцтва ў разьвіцьцё беларускай культуры. Беларусь мусіць заставацца сьвецкай краінай, пошук нейкіх спэцыяльных стасункаў з Цэрквамі – гэта ўжо рызыка і пагроза ўсёй грамадзянскай супольнасьці.

Іншым важным момантам асьветніцтва павінна стаць асьветніцтва сярод саміх геяў, бо часам страшны не вонкавыя гамафобы, а свае ўласныя, нутраныя гамафобы. Страшыць адсутнасьць салідарнасьці сярод геяў і лесьбіянак, страшыць тэндэнцыя, папулярная сярод беларускіх геяў, да “нармальнасьці”, да гетэравобразу, да жаданьня быць, напрыклад, мужчыністым мужчынам ці фэміннай дзяўчынай ці жанчынай. І ўсё гэта каб унікнуць і схаваць уласную вобразнасьць, уласны стыль.

Асноўным кірункамі гей-Асьветніцтва ў бліжэйшай пэрспэктыве павінна быць:

Распаўсюджваньне ведаў і разнастайных вобразаў гомасэксуальнасьці. Праз правядзеньне і арганізацыю ўсялякіх культурных праграмаў (вечарыны, танцы, сустрэчы з выбітнымі асобамі, пісьменьнікамі, музыкамі, артыстамі, навукоўцамі), а таксама падтрымку перакладаў гей-і лесьбі-твораў (мастацкіх і навуковых) пастарацца зьмясьціць акцэнт у прэзэнтацыі, тоеснасьці і вобразе гея з выключнай сэксуальнасьці да адначасова ўнівэрсальнасьці і разнастайнасьці вобразаў. Бо традыцыйна гея асацыююць з шукальнікам сэксу, шлыху, шукальнікам хлопчыкаў і дупак. Такім самым парадкам, можна асацыяваць гетэра з шукальнікам жаночых вабнотаў. Тым ня менш, такой асацыяцыі не адбываецца альбо часьцей за ўсё не адбываецца.

Цікава, што ў гетэрасэксуальнасьці ўсе засяроджваюцца на першай частцы слова “гетэра”, тады як у гомасэксуальнасьці ўсё адразу бачаць, чытаюць “жывую сэксуальнасьць”. У гэтым ёсьць і пэўная загана, і пэўная рэвалюцыйнасьць гомасэксуальнасьці. Бо ў кансэрватыўным грамадзтве, дзе афіцыйна няма сэксу, акцэнт на сэксуальнасьці ў слове гомасэксуальнасьць аўтаматычна зьяўляецца знакам змаганьня, знакам дэмакратыі, знакам разнастайнасьці. Іншая рэч, што ў такім грамадзтве носьбітам і сьмелым праяўляльнікам гэтай самай сэксуальнасьці варта ўвесь час сутыкацца з пагрозамі, дыскрымінацыяй і абразамі. Зрэшты, гомасэксуальнасьць у Беларусі дасюль зьяўляецца і застаецца лакмуснай паперай дэмакратычнасьці ня толькі ўладных структураў і асобаў, а перадусім апазыцыі. Наша палітычная апазыцыя, якой бы гамафобнай ні была, вымушаная станавіцца і стане палітычна карэктнай, то бок правільнай і карэктнай, гамафільнай вонкі і гамафобнай унутры.

Таму менавіта гомасэксуальнасьць зьяўляецца першым і асабліва важным іспытам на дэмакратычнасьць усіх удзельнкаў палітычнай прасторы Беларусі, перадусім апазыцыі. Не сакрэт, што гомасэксуальнасьць – тэма, якая раздражняе ня толькі афіцыйныя СМІ, але і многія СМІ незалежныя, а калі не раздражняе, то бянтэжыць і ставіць у няёмкія сытуацыі. Так, рэдакцыі “Народнай Волі”, “Нашай Нівы”, Архэ, хоць і зьяўляліся традыцыйна ўжо так бы мовіць гей-фрэндлі-выданьнямі, то цяпер стараюцца карэктна замоўчваць і надта не праяўляць сваёй адкрытасьці і эўрапейскасьці ў гей-пытаньні. Бо гэтым выданьням не патрэбныя лішнія праблемы і ўвага з боку Дзяржавы.

Акрамя Асьветніцтва цалкам мажлівыя іншыя стратэгіі гей-руху, але ва ўмовах застылага грамадзтва і дэмакратыі на паперы яны рызыкуюць перакінуцца ў небясьпечныя і гвалтоўныя, рэвалюцыйныя дзеі і акцыі, а таму стаць антыдзяржаўнымі і пераўтварыць яго ўдзельнікаў у патэнцыйных ахвяраў і арыштантаў. Цалкам магчыма пазьбегчы гвалтоўных стратэгіяў і шляхам асьветы падрыхтаваць да пэўных зьменаў мэнталітэт беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG