Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх меншасьцяў у нас няма, у нас ёсьць адзінае маналітнае грамадзтва», - заявіў надоечы Лукашэнка, паведамляе ў сваім блогу iten. Разважаючы над словамі беларускага прэзыдэнта, ён піша: «Добры прыклад таго, як складана дыфэрэнцыяванае грамадзтва такім не прызнаецца, а ўсе адрозьненьні нівэлююцца дзеля "добрай" мэты... Улады намагаюцца ўсё ўніфікаваць, не прызнаючы "дыфэрэнцыяцыю" - працэс ускладненьня грамадзтва».

РОЗНЫЯ - РОЎНЫЯ


У гэтым канкрэтным выпадку ішлося пра нацыянальныя меншасьці, але маналітнасьць грамадзтва падразумявае адсутнасьць наогул якіх бы там ні было меншасьцяў, культурніцкіх, рэлігійных, палітычных, сэксуальных або іншадумных, няважна. Прынамсі, у рамках падобнай лёгікі, большасьць надзяляецца правам не прымаць іх да ўвагі, дыктаваць ім свае ўмовы, клеймаваць і нават дыскрымінаваць у сваіх інтарэсах.

Як сьведчаць спрэчкі вакол гей-параду, а яны цягам усяго мінулага тыдня бударажылі розумы беларускіх блогераў і дасюль яшчэ ня сьціхлі («Вось надта не хацелася ў чарговы раз пісаць на гей-тэматыку», - гэтак распачынае свой допіс czalex. - «А іншай і няма ўжо», - адказвае яму b0rmann.), азначаным прынцыпам – “большасьць вырашае, меншасьць падпарадкоўваецца” - кіруецца ня толькі беларуская ўлада. Ці ня ўсе, хто актыўна выступаў супраць выхаду геяў у публічную прастору, выказваліся ад імя абстрактнай большасьці. І лічылі, што большасьці натуральным чынам дазволена не цырымоніцца з тымі, хто здаецца ёй залішне (а значыць небясьпечна) адрозным. Даўно ўжо адышоў у нябыт СССР, але ягоныя традыцыі, запачаткаваныя ў часы сталінскага кансэрватыўнага павароту, жывуць і перамагаюць.



Шосты выпуск «Ленінградзкай кінахронікі» 56-га году - прапагандысцкі ролік, прысьвечаны барацьбе слаўных камсамольскіх дружынаў супраць стылягаў, выклаў timur_nechaev77. Паралель зь сёньняшнім цкаваньнем геяў для мяне відавочная. Такое ж самае задзёўбваньне зграяй «белай вароны» або «брыдкага качаняці», прыраўнаньне адрознасьці да злачынства (сюжэт роліка пачынаецца з расповеду пра вулічных хуліганаў і «лягічна» пераходзіць да стылягаў), кпіны зь неадпаведнасьці гендэрным нормам («Хто гэта, мужчына ці жанчына? Мужчына... Але якая прычоска!») і высьмейваньне «інваліднасьці» («Можа, калі маленькім ён быў, хтосьці яго на падлогу ўраніў?»).

Нават у дэталях ёсьць падабенства. У выпадку стылягаў, гэтак жа, як і ў выпадку з геямі, выклікае непрыязь парушэньне канону маскуліннасьці. Пра прыроду гэтай непрыязі Алена Гапава пісала наступнае:

«Відавочна, грамадзтва гэтак варожа настроенае ў адносінах да гомасэксуальнасьці менавіта таму, што ў аснове ўсёй культуры, усёй сацыяльнай гіерархіі ляжыць табу на аднолькавасьць мужчыны і жанчыны, якое падаўляе ў іх абодвух любое натуральнае падабенства. Страх "аднолькавасьці" - гэта боязь дэканструкцыі цяперашняга сацыяльнага парадку».

Многія блогеры, настроеныя супраць геяў, лічаць, што «іх у дзяцінстве на падлогу ўранілі», то бок уважаюць за інвалідаў. Аднак яны нібыта нічога ня чулі пра зьмены сацыякультурных установак, якія адбыліся ў сьвеце за апошнія часы. Да інвалідаў прынята ставіцца як да «людзей з асаблівасьцямі» і паводле прынцыпу «розныя - роўныя», інтэграваць іх у грамадзтва, ствараючы адпаведныя ўмовы, каб яны не пачуваліся ўшчэмленымі і адрынутымі «непаўнавартаснымі калекамі», чужародным элемэнтам. А вось што піша aliaks, параўноўваючы геяў з хворымі на энурэз:

«Для параўнаньня возьмем чалавека з такім непрыемным фізіялягічным адхіленьнем, як нетрыманьне мачы ад нараджэньня. Такі чалавек звычайна ўсяляк хавае гэтую праблему, разумеючы сваю непаўнавартасьць. А мог бы выйсьці на прайд зь лёзунгамі "Я таксама нармальны!", "Я ганаруся сваім нетрыманьнем!", "Буду мачыцца паўсюль!" і г.д.»

Ідзецца пра сапраўдную рэпрэсіўную дыктатуру нормы, пры якой усё, што ад нормы ў той ці іншы бок адхіляецца - калі не злачынна, то ганебна. І адзіны дапушчальны спосаб існаваньня для носьбітаў разнастайных адхіленьняў - саромецца саміх сябе, глыбока хаваючы ўласную інакшасьць. У адваротным выпадку яны павінны быць падвергнутыя перасьледу. Такой самай долі, паводле блогера aliaks, заслугоўваюць і абаронцы права быць інакшым:

«Зараз грамадзтва настолькі хворае, што ня ў стане ня толькі абмежаваць вычварэнцаў, але нават ня можа адправіць на шыбеніцу т.зв. "праваабаронцаў", што шчыруюць на карысьць садамітаў, змагаюцца з "гамафобіяй", сьмяротнай карай, "ксэнафобіяй", "расізмам", "фашызмам", "таталітарызмам" і г.д. Па-сутнасьці, усе гэтыя "праваабаронцы" - трупныя чарвякі, што жаруць наша сьмяротна хворае грамадзтва. Гэта маркёр нашага з вамі, панове, скону».

Аляксей Братачкін, аўтар артыкулу пад назвай «Пра карысьць гей-параду», мяркуе, што падобных традыцыяналістаў, да жалю, чакае ня скон, а росквіт:

«Беларусь, здаецца, мае ўсе шанцы з часам пераўтварыцца ў фундамэнталісцкую краіну... Адсутнасьць дэмакратычных каштоўнасьцяў, высокага ўзроўню жыцьця і гарантыяў індывідуальных правоў зьяўляецца базавай каштоўнасьцю "беларускага фундамэнталізму", які цяпер нараджаецца. Мы патрыярхальныя, традыцыйныя, пакутуем на ксэнафобію і адсутнасьць цярпімасьці - і гэта цудоўна, гэтым мы і будзем адрозьнівацца ад іншых...

Гэты фундамэнталізм ("традыцыяналізм") вымушаны будзе пастаянна вынаходзіць унутраных ворагаў, таму што з сапраўднымі прычынамі засмучальнага стану рэчаў у краіне ён зрабіць нічога ня зможа».


Нядаўна Сяргей Чалы ў інтэрвію «Эўрарадыё» гаварыў пра тое, што ў беларускіх уладаў «скончыўся тэрмін прыдатнасьці... яны як карабель, які задоўга плаваў па акіяне, расхістаўся, аброс ракавінкамі, згубіў у манэўранасьці і ў хуткасьці», ім на зьмену мае прыйсьці новая, маладая эліта.

Звычайна падразумяваецца, як быццам тыя, хто прыйдзе на зьмену цяперашняй уладзе, абавязкова будуць больш дэмакратычнымі, асьвечанымі, гуманнымі і г.д. Але можа стацца, выйдзе зусім і ня так.

НЯ ЖЫЦЬ «ПА ПАНЯЦЬЦЯХ»




На гэтым відэа зафіксаваны «грамадзянскі ўчынак» Васіля Сямашкі, журналіста інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, празванага ў блогасфэры «мужыком зь яйцамі» за тое, што ён сьмела і бескампрамісна выйшаў на бой супраць гей-параду, узброены дзясяткам яек.

«Цьвёрдая прынцыповая пазыцыя, на якую трэба раўняцца. А не жаваць саплю», - напісаў belnetmon, які выклаў відэазапіс у сваім блогу. Разам зь ім віталі ўчынак журналіста і многія іншыя блогеры.

«На добры толк, БелаПАНу б зрабіць уласнае дасьледаваньне і публічную заяву якую з гэтае нагоды. Бо калі ўсё згаданае праўда, то з пункту погляду журналісцкае этыкі гэта прафэсійнае самагубства» - выказаў разумнае, але непапулярнае меркаваньне g_rub.

Ніякіх публічных заяваў БелаПАН рабіць ня стаў, выбачэньняў не прыносіў, замест гэтага надрукаваўшы на сваім сайце артыкул Васіля Сямашкі пад назвай «Гамафобы і гамалюбы». Дзе ён, сярод іншага, тлумачачы прычыны таго, чаму апазыцыянэры не падтрымліваюць геяў, піша: «Многія лідэры апазыцыйных арганізацыяў пасьпелі адбыць розныя турэмныя тэрміны за сваю палітычную дзейнасьць, часткова ўвабраўшы паняцьці турмы».

Паняцьці турмы цяпер зрабіліся ўзорам маральнага эталёну?

Васіль Сямашка кажа, быццам турбуецца за будучыню свайго сына і ня хоча, каб той «бачыў п**араў, якія размахваюць сьцягамі і сьцьвярджаюць, што піхацца ў дупу нармальна».

У мяне падрастаюць двое сыноў і я не хацеў бы, каб яны чулі падобныя брыдкія выразы, засвойвалі турэмныя «паняцьці» і пераймалі, як сфармуляваў гэта g_rub, «рэпрэсіўны падыход да арганізацыі грамадзкага жыцьця». Каб яны лічылі дапушчальным ужываньне гвалту ў выпадку адхіленьня ад падтрымоўванай большасьцю нормы і атрымлівалі ад яго задавальненьне.

Задавальненьне ад «справядлівай кары» атрымаў skomoroh_roker, ухваліўшы зьбіцьцё байкерамі матацыкліста, які асьмеліўся «засьвяціцца» зь вясёлкавым сьцягам. Блогер такім чынам патлумачыў сваю пазыцыю:

«У грамадзтва ёсьць нейкія свае меркаваньні і нормы. Іх парушэньне ва ўсе часы зьлёгку каралася, альтэрнатыва - дэзынтэграцыя грамадзтва. Гэта пра гвалт як інструмэнт падтрыманьня еднасьці».

Мне не патрэбная еднасьць, падтрымоўваная гвалтам. Я не хачу жыць у грамадзтве, інтэграваным паводле адзінага ўзору, прычасаным пад адзін грабянец. Дзе АМАПаўцы вырашаюць, ці можна вам сядзець адно ў аднаго на каленях і дазволеныя толькі парады ваеннай і сельгастэхнікі.

А вы - хочаце?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG