Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мабільныя тэлефоны спрычыніліся да катастрофы пад Смаленскам?


Сьледчыя ў справе катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта ТУ-154, які разьбіўся пад Смаленскам 10 красавіка, вывучаюць магчымасьць, што да здарэньня прычыніліся мабільныя тэлефоны на борце самалёта і прысутнасьць у кабіне пілётаў некага з пасажыраў.

Як паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду кіраўніца міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў краінаў былога СССР, Тацяна Анодзіна, тэракту, выбуху або пажару на борце польскага прэзыдэнцкага самалёта не было. Паводле яе, паломкі авіяцыйнай тэхнікі ў палёце таксама не было. Абсталяваньне і аэрадром былі прыдатныя для прыёму паветраных судоў такога тыпу. Анодзіна аднак дадала, што ў экіпажу самалёта Леха Качынскага не было актуальных аэранавігацыйных дадзеных аб надвор'і на аэрадроме Смаленску.

Прадстаўнік польскага ўраду Эдманд Кліх паведаміў, што паводле запісаў перамоваў падчас палёту, у кабіне самалёта за 16-20 хвілін да аварыі знаходзіліся асобы, якія не зьяўляліся чальцамі экіпажу. На той час пілёты ужо атрымалі прынамсі першае паведамленьне пра кепскія умовы для прызямленьня на смаленскім аэрадроме.

Тацяна Анодзіна паведаміла, што сьледчыя цяпер вывучаюць, як гэтая прысутнасьць паўплывала на рашэньні экіпажу. Яна дадала, што голас аднаго з двух пасажыраў у кабіне самалёта ідэнтыфікаваны, але авіяцыйныя правілы забараняюць агучваць гэтую інфармацыю.

Пазьней польскае агенцтва ПАП са спасылкай на ананімныя крыніцы ў польскім урадзе паведаміла, што ідэнтыфікаваны голас належаў камандуючаму ваенна-паветранымі сіламі Польшчы Анджэю Бласіку.

Як нагадвае сёньня брытанскае выданьне Financial Times, у 2008 годзе падчас расейска-грузінскай вайны Лех Качынскі спрабаваў загадаць экіпажу ўрадавага самалёта прызямліцца ў Грузіі, а калі пілёт адмовіўся, абвінаваціў таго ў баязьлівасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG