Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт Леха Качыньскага Ту-154 разьбіўся на лётнішчы ў Смаленску. Часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Польшчы прызначаны сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі. “Праклятая Катынь. Ізноў нашыя лепшыя людзі гінуць там,” – кажа былы прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі.


Самалёт Леха Качыньскага Ту-154 разьбіўся на лётнішчы ў Смаленску. Ніхто ня выжыў у катастрофе. Польская дэлегацыя мелася ўзяць удзел у жалобных ўрачыстасьцях, прысьвечаных 70-й гадавіне расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні.

Як паведаміў сайту gazeta.pl прадстаўнік МЗС Польшчы Пётар Пашкоўскі, самалёт пры пасадцы зачапіўся за дрэвы. Карэспандэнт тэлеканалу TVN24, спасылаючыся на навочнага сьведку, паведамляе, што самалёт заходзіў на пасадку ў густым тумане. Сесьці не ўдалося, самалёт зноў узьняўся ў паветра і пры павароце зачапіўся за дрэвы, упаў і загарэўся.







Паводле непацьверджанай інфармацыі, на борце самалёта было 88 чалавек. Апрача Леха Качыньскага з жонкай там меліся быць апошні прэзыдэнт Польшчы ў эміграцыі Рышард Качароўскі, старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Януш Куртыка ды іншыя высокапастаўленыя асобы.

Польская дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам мелася сёньня ўзяць удзел у жалобных ўрачыстасьцях, прысьвечаных 70-й гадавіне расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні.

Для расьследаваньня абставін трагедыі створаная дзяржаўная камісія пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна.

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск склікаў надзвычайнае пасяджэньне кабінэту міністраў.

Часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Польшчы, згодна з Канстытуцыяй, прызначаны сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі, які цягам 14 дзён мае абвясьціць дату датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

У 14:15 МЗС Польшчы падаў новую інфармацыю: загінулі 96 чалавек, 88 чальцоў дэлегацыі і 8 сяброў экіпажу. Паўсюль у Польшчы адмяняюцца забаўляльныя мерапрыемствы. Карэспандэнт Свабоды перадае: жалобныя набажэнсты ў Кракаве і Варшаве. Сьцяг на прэзыдэнцкім палацы апушчаны – там зьбіраецца ўсё боле людзей. Відаць таксама бел-чырвона-белыя стужкі на некаторых букетах кветак, ёсьць беларусы.

“Яны ляцелі, каб ушанаваць памяць тысячаў полськіх афіцэраў і нават не змаглі гэтага зрабіць, загінулі самі. Гэта страшэнная рана, якую цяжка будзе загоіць,” -- сказаў былы прэзыдэнт Польшчы А.Квасьнеўскі.

Лешэк Мілер – былы прэм’ер Польшчы -- заявіў, што частковая віна за катастрофу ляжыць на палітычных элітах, якія баяліся закупіць новыя самалёты для ўрадоўцаў, баючыся дрэннай рэакцыі грамадзтва.

Польскія ўрадавыя самалёты ТУ-154 старыя, маюць па 20-30 гадоў. Прэзыдэнцкаму самалёту было больш як 20. На месцы катастрофы знойдзеная чорная скрынка самалёту, вядзецца сьледзтва.

У 15.40 паводле Менскага часу скончылася надзвычайная нарада польскага ўраду, якая пачалася хвілінай маўчаньня.

Прэм’ер Дональд Туск адзначыў, што “Польшча сутыкнулася з трагедыяй, якой раней ня бачыў сьвет. Гэта і мая асабістая трагедыя. Але трэба дзейнічаць. Дзяржава працягне функцыянаваць”, – сказаў Туск.

Спачуваньні Польшчы выказалі прэзыдэнт ЗША, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі, прэзыдэнт Аўганістану, кіраўнікі Беларусі, Расеі, Францыі, Нямеччыны, прадстаўнікі НАТА, іншыя сусьветныя лідэры.

Спачуваньні даслала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.


Сачыце за абнаўленьнямі на СТУЖЦЫ НАВІНАЎ

Лех Качыньскі
Лех Качыньскі — прэзыдэнт Польшчы з 2005 году. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Варшаве.
  • У 1992 — 1995 гады — кіраўнік Кантрольнай палаты Польшчы,
  • 2000 — 2001 — міністар юстыцыі,
  • 2002 — 2005 — мэр Варшавы.
Адін з стваральнікаў польскай Партыі права і справядлівасьці, яе першы кіраўнік. Доктар юрыдычных навук, прафэсар Гданьскага ўнівэрсытэту і ўнівэрсытэту кардынала Стэфана Вышынскага.

Жонцы прэзыдэнта Марыі было 59 год. Яе род паходзіць зь Вільні. Шлюб яны ўзялі ў 1978 годзе. Прэзыдэнцкая пара мела дачку Марту і ўнучку Еву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG