Ініцыятарам рэстаўрацыі плошчы быў на той час новапрызначаны старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец.
Паводле зацьверджанага ім праекту, на плошчы выкарчавалі рэдкія дрэвы, прывезеныя сюды з краінаў, вызваленых ад фашызму беларускімі жаўнерамі, і ўсю тэрыторыю заклалі тратуарнай пліткай. Такім чынам частка плошчы, дзе гараджане маглі адпачыць, ператварылася ў вялізную забаўляльную пляцоўку з двума сьвятладыёднымі экранамі, на якіх круглыя суткі трансьлююць канцэрты.
Сёньня Аляксандар Косінец урачыста адкрыў другую частку плошчы Перамогі — уласна мэмарыяльную. Ягоны выступ таксама быў паказаны віцебскім мінакам, але яны ў большасьці прыйшлі сюды не для гэтага — проста каб прагуляцца зь дзецьмі каля фантанаў ды паглядзець, наколькі зьмянілася рэканструяваная частка плошчы.
Зрэшты, спачатку ўсіх ахвотных падысьці да манумэнта вызваліцелям на пусьцілі. Да «трох штыкоў», як у народзе завецца гэты помнік, прайшлі чыноўнікі і вэтэраны, якім адмыслова да сьвята выдалі чырвоныя бэйсболкі. Потым пусьцілі ўсіх — бо пераканаліся, што ажыятажу няма. На плошчу прыйшлі хіба толькі бацькі са сваімі дзецьмі — пераважна вучнямі малодшых клясаў суседняй школы № 2, БРСМаўцы з чырвона-зялёнымі сьцяжкамі, міліцыянты і спадары ў цывільным з рацыямі ў адным вуху, апранутыя ў амаль аднолькавыя гарнітуры. А яшчэ прыбіральшчыкі, якіх абавязалі тут жа вымятаць проста з-пад ног мінакоў нават самае дробнае сьмецьце.
Цырымонія адкрыцьця была ня дужа працяглай. Выступілі старшыня аблвыканкаму, прадстаўнікі вэтэранскай арганізацыі ды праваслаўны сьвятар. Потым усіх запрасілі на «салдацкую кашу» — неад’емны элемэнт на падобнага кшталту імпрэзаў.
Ахвотныя маглі паглядзець канцэрт мастацкай самадзейнасьці, прычым для вэтэранаў, чамусьці, абсталявалі глядзельную залю на самым санцапёку.
А бацькі зь дзецьмі пайшлі фатаграфавацца ў таксама адкрытую сёньня Алею славы. Так цяпер завецца пляцоўка на ўскрайку плошчы Перамогі, куды з усяе вобласьці звозілі вайсковую тэхніку, якая брала ўдзел у вызваленьні тамтэйшых гарадоў і мястэчак. Баявыя машыны сталага веку і пачэснага лёсу сталіся проста фотаантуражам.