Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Плошчу Перамогі на сьвята схавалі за плотам


Два тыдні таму на Плошчы Перамогі пачалі зьнішчаць сквэр, і да сьвята 9-га траўня гэты зялёны куточак канчаткова ператварылі ў голую плешку. Цяпер яе абнесьлі плотам – каб схаваць ад вачэй гараджан вынікі “першага этапу рэканструкцыі”.


Старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец распарадзіўся, каб Плошча Перамогі сталася цэнтральнай плошчай гораду. Таму яе вырашана замасьціць пліткай, выкарчаваўшы ўсе дрэвы – у тым ліку 50-гадовыя канадзкія елкі, крымскія ружы, плакучыя арабіны ды іншыя рэдкія расьліны, якія ў 1974 годзе прывозілі сюды з усяго былога Савецкага Саюзу.

Ініцыятыва губэрнатара выклікала абурэньне гараджан, асабліва жыхароў бліжэйшых дамоў, для якіх сквэр на плошчы цягам дзесяцігоддзяў быў сапраўднай зонай адпачынку. Людзі дужа шкадавалі дрэвы, пад якімі было добра гуляць дзецям, і ўрэшце віцебскія чыноўнікі мусілі арганізаваць для журналістаў дзяржаўных СМІ адмысловы “тур” у Батанічны сад – каб праз газэты паведаміць жыхарам, што самыя каштоўныя дрэвы не зьнішчылі, а перасадзілі. Хаця адмыслоўцы й не гарантуюць, што такія старыя расьліны прыжывуцца на новым месцы.

Між тым плян рэканструкцыі Плошчы Перамогі доўгі час заставаўся таямніцай для віцяблян. Бо нават тады, калі ўжо зьнішчалі сквэр, дакладна не было вядома, што ж будзе на гэтым месцы ў пэрспэктыве. 9-га траўня на плоце, якім абгарадзілі пустую плешку на месцы былога сквэру, плян рэканструкцыі ўсё ж вывесілі. Праўда, пазнаць на ім тутэйшыя мясьціны праблематычна: фантаны, лавачкі, ліхтарыкі ды іншыя малыя архітэктурныя формы чамусь увасобленыя на фоне менскіх ці яшчэ якіх іншагародніх краявідаў. А накрэсьлены архітэктарамі агульны схематычны малюнак могуць зразумець ды ацаніць, бадай што, толькі адмыслоўцы.

Таму жыхары Віцебску абураныя ізноў: зьнішчэньне сквэру, паводле пляну чыноўнікаў, мае цяпер гучны назоў “Першы этап рэканструкцыі Плошчы Перамогі”. Канчаткова яе завяршыць мяркуюць да 9-га траўня наступнага году – да 65-х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А сёньня вэтэраны ды іхныя сваякі мусілі хадзіць уздоўж высокага плоту, за якім – палова плошчы, што заўжды была для іх увасабленьнем самай значнай падзеі ў жыцьці ды гісторыі. На думку віцяблянаў, на знак павагі да гэтых людзей гарадзкія ўлады мусілі хаця б пачакаць з пачаткам работ на Плошчы Перамогі, і не псаваць вэтэранам сьвяточны настрой. Бо для іх гэтая плошча – перадусім мэмарыяльнае месца, а не пэрспэктыўны пляц для ўсталяваньня навагодняй ёлкі ды правядзеньня гарадзкіх забаўляльных мерапрыемстваў, як мяркуе зрабіць старшыня аблвыканкаму спадар Косінец.

Першы этап рэканструкцыі на Плошчы Перамогі завершаны

З вокнаў гэтай “дзевяці павярхоўкі” раней быў відаць зялёны сквэр

Віцябляне ўпершыню ўбачылі плян рэканструкцыі плошчы, частка якой ужо зьнішчана
XS
SM
MD
LG