Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары пасёлка Езярышча Гарадоцкага раёну пратэстуюць супраць таго, каб з мэмарыяльных могілак забіралі танк часоў Другой сусьветнай вайны. Яго хочуць завезьці ў Віцебск, дзе да 9 траўня ладзяць Алею Славы з вайсковай тэхнікай.


Супраць “раззбраеньня” выказалася траціна насельніцтва: у Езярышчы крыху больш за тысячу жыхароў, і зь іх пад калектыўным лістом да абласных уладаў падпісаліся каля 300 чалавек.

Аднак ім патлумачылі, што распараджэньне ўжо прынята: рэканструкцыю плошчы Перамогі да будучых сьвятаў курыруе асабіста старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец. На ягоны загад на плошчы і зьбіраюць Алею Славы вайсковай тэхнікі. Чыноўнікаў не хвалюе, што танк у Езярышчы — гэта не выпадковая дэталь мэмарыяльных могілках, а баявая машына з гістарычным мінулым: менавіта на ёй вызвалялі пасёлак ад фашыстаў, а потым танк быў усталяваны на магіле камандзіра танкавай брыгады Хайдукова, які загінуў пры вызваленьні гэтых мясьцінаў. Наведаць магілу бацькі прыяжджае дачка Сямёна Хайдукова. Зьбіралася яна ў Езярышча і сёлета на Дзень Перамогі.

Невядома, як ёй патлумачаць зьнікненьне танка і зьяўленьне замест яго на бацькавай магіле гарматы, якая была экспанатам у віцебскім музэі партызанскага камбрыга Міная Шмырова — такі “абмен” прыдумалі прадстаўнікі ўладаў. Адно суцяшае мясцовых жыхароў: танк Т-70 аказалася няпроста зрушыць зь месца. Ён урос у тутэйшую глебу.
XS
SM
MD
LG