Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Кіт расказвае, як дажыць да 100 гадоў


Барыс Кіт
Барыс Кіт

6 красавіка 100-гадовы юбілей сустракае вядомы беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт.


Напярэдадні юбілею ў Франкфурце-на-Майне, дзе жыве цяпер Барыс Кіт, з усясьветна вядомым навукоўцам і шчырым патрыётам Беларусі пагутарыў наш карэспандэнт Валер Каліноўскі.

АЎДЫЁ





“Барыс Уладзіміравіч, сто гадоў — цудоўная і нават унікальная магчымасьць ня толькі падвесьці вынікі жыцьця, але і ацаніць ягоную якасьць, разабрацца ў ягонай філязофіі. І таму я хацеў бы, каб вы, зыходзячы са свайго канкрэтнага жыцьцёвага досьведу, адказалі на некалькі агульначалавечых пытаньняў. Ну і найперш: што трэба, каб дажыць да 100 гадоў?”

“Каб дажыць да 100 гадоў, ёсьць шмат такіх элемэнтаў, прычын, зьвязаных ня толькі з харчаваньнем ці захаваньнем здароўя, але таксама і зь цікавым інтэлектуальным жыцьцём. І вось гэта мне ўдалося ў маім жыцьці. Па-першае, на Беларусі я шмат гадоў быў настаўнікам і вельмі любіў гэтую сваю прафэсію. І лічу, што гэта адна з найважнейшых і найцікавейшых прафэсій у чалавецтва.

А пазьней у Амэрыцы мне ўдалося таксама патрапіць у навуку, у дасьледаваньні найцікавейшых рэчаў у астранаўтыцы. Асабліва я ганаруся, што я браў удзел у распрацоўцы падарожжа на Месяц. Гэта Амэрыка пасьпяхова закончыла, паслаўшы 6 разоў сваіх астранаўтаў на Месяц. Адначасна я таксама быў прафэсарам Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту, 30 гадоў, што мне таксама давала вялікае задавальненьне, бо я вучыў новыя пакаленьні навуцы. Вось гэта ўсё і склалася на тое, што мне Бог даў пражыць так доўга. Аж 100 гадоў. Можа, таксама памагло тое, што на Беларусі на пачатку майго жыцьця ў дзяцінстве прыйшлося перажываць страшэнна цяжкія часы, голад і іншае — гэта таксама дапамагло фізычнаму стану чалавека.

А таксама, што самае галоўнае, я стараўся дапамагаць людзям, любіў людзей, дапамагаў ім. І гэта мне прыносіла вялікае задавальненьне. Я стараўся ніколі нікому не зрабіць шкоды, гэта значыць, што я маю чыстае жыцьцёвае сумленьне. І гэта, лічу, ёсьць вялікая частка прычын таго, што зьберагае чалавека, дапамагае яму трымацца здаровым”.

“Апрача гэтага, што вам яшчэ прыносіла ў жыцьці радасьць?”

“Само жыцьцё, вось, напрыклад, кантакты зь вялікімі людзьмі, з добрымі сябрамі, шчасьлівы шлюб, магчымасьць мець выдатных дзяцей. Я меў двух сыноў. На жаль, адзін ужо памёр... Але ён дасягнуў высокіх ступеняў у сваёй кар’еры, сышоўшы ў адстаўку памочнікам кіраўніка НАСА ў Вашынгтоне. Другі мой сын, таксама пасьпяховы, вельмі шмат мне прыносіў задавальненьня, радасьці, стаў хірургам, што зьяўляецца складанай прафэсіяй. На заканчэньне хачу сказаць, што я шчасьлівы чалавек, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і моманты, калі мне даводзілася ледзьве не памерці, пражыў гэта ўсё, прайшоў. Я лічу, што самы найвышэйшы наш апякун Бог мяне трымаў увесь час у сваёй апецы”.

“Як вы ставіліся цягам свайго жыцьця да няўдачаў, да бедаў і праблемаў?”

“Усяго поўна было ў жыцьці. Жыцьцё было доўгае, і праблем было шмат. Ну вось хоць бы тое, што я ўжо згадаў, што я падчас нямецкай акупацыі Беларусі быў арыштаваны, абвінавачаны ў сувязях з партызанамі і правёў у Глыбокім 30 дзён, кожны дзень чакаючы сьмерці, у камэры сьмяротнікаў. Ну вось, адна з асноўных цяжкасьцяў, што я перажыў”.

“Што давала вам сілы гэта перажыць?”

“Цікавае ў маім характары тое, што ў самыя цяжкія моманты прыходзіла нейкае такое халоднае цярпеньне. Адносіўся да ўсяго з прымірэньнем і холадам. Што будзе — тое будзе”.

“Барыс Уладзіміравіч, у чалавечым жыцьці чаго больш — радасьці ці гора?”

“Цяжка мераць. Можна было толькі сказаць, што многа было аднаго і другога. Гэта не памераеш ніякай лінейкай”.

“Барыс Уладзіміравіч, вам 100 гадоў, і вы можаце напэўна адказаць, ці ёсьць узроставая мяжа для каханьня?”

“Я нармальны чалавек, зразумелая рэч, што я як мужчына меў розныя каханьні ў сваім жыцьці, ад малых гадоў нават. І меў вельмі такія цудоўныя моманты жыцьця, якія правёў з кабетамі. Некаторыя зь іх цяпер не жывуць нават, але таксама ёсьць такія, што жывуць, і я вельмі ім удзячны, бо, асабліва апошняя мая, Тамара, яна мне вельмі дапамагла ў маім жыцьці ў Нямеччыне. Таму што сама яна высокаінтэлігентная жанчына, дапамагала мне ўсюды, і я яе таксама заўсёды браў з сабою, калі езьдзіў на міжнародныя кангрэсы астранаўтыкі”.

“І, завяршаючы размову, хацеў бы спытаць: ці ў цэлым вы лічыце сябе шчасьлівым чалавекам?”

“У апошні момант памёр мой старэйшы сын, і вось гэта мяне вельмі засмуціла. Але наагул да гэтага я мог сказаць, што я сапраўды шчасьлівы чалавек”.

ВІДЭА


Эксклюзыўнае інтэрвію Барыса Кіта
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:00 0:00


Барыс Кіт
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям'ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднаньняў. Апошні час жыве ў ФРГ.

Барыса Кіта са 100-годзьдзем павіншавалі прэзыдэнт Нямеччыны Хорст Келер, мэрыя Франкфурта-на Майне, Расейская фэдэрацыя касманаўтыкі, беларус-касманаўт Уладзімер Кавалёнак… Сёньня а 17-й гадзіне ў Менску ў залі Палаца мастацтва пройдзе вечарына да 100-годзьдзя Барыса Кіта, на якой зьбяруцца ягоныя менскія сябры.

Сам Барыс Кіт адзначыць стогадовы юбілей разам зь сям'ёй, жонкай Тамарай Казевіч, сынам Віктарам і іншымі сваякамі, якія прыехалі да яго з Амэрыкі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG