Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваградку адкрылі музэй Барыса Кіта <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Наваградку ўрачыста адкрылі музэй Барыса Кіта, слыннага беларускага асьветніка і грамадзкага дзеяча, амэрыканскага дасьледчыка, удзельніка астранаўтычных праграм.


Музэй Кіта разьмясьціўся ў будынку былой беларускай гімназіі, а цяпер сярэдняй школы нумар 1, дзе сам спадар Кіт калісьці вучыўся, а пазьней працаваў настаўнікам і дырэктарам.

Дырэктарка школы Людміла Пелуць разразае стужку
На імпрэзе прысутнічалі настаўнікі і вучні, прадстаўнікі мясцовых уладаў, Саюза беларускіх пісьменьнікаў, згуртаваньня “Бацькаўшчына”, жыхары Наваградку.

У 1939 годзе ў памяшканьні Наваградзкай беларускай гімназіі (цяпер школа нумар 1) быў прыватны пакой, у якім жыў дырэктар гімназіі Барыс Кіт. Сёньня ў іншым пакоі, дзе калісьці месьціўся КІД (Клюб інтэрнацыянальнай дружбы), зноў “пасяліўся” Кіт. Экспазыцыя музэю Кіта створаная школай пры падтрымцы раённых уладаў і мясцовага Гісторыка-краязнаўчага музэю. Грашовую падтрымку зрабіў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расеі Валеры Казакоў, за чый кошт быў адрамантаваны цэлы школьны паверх.

Сам Барыс Кіт, якому ідзе 99-ты год, на ўрачыстасьць не прыехаў, хоць вельмі хацеў. Пісьменьніца Лідзія Савік зачытала ягоны зварот да прысутных:

“Я веру, што гэты музэй шмат паслужыць у культурным разьвіцьці горада Наваградка і будзе напэўна важнай цаглінай у будаўніцтве лепшай сьветлай долі беларускага народу”.

Іван Грынь
Нейкім дзіўным чынам імя Кіта аб’яднала і прадстаўнікоў неляяльных да цяперашняга ўраду грамадзкіх арганізацыяў, і супрацоўнікаў райвыканкаму.

Кіраўнік ідэалягічнай управы Наваградзкага выканкаму Іван Грынь назваў адкрыцьцё музэю падзеяй вялікага патрыятычнага гучаньня:

“І мясцовымі органамі ўлады, і калектывамі, грамадзкасьцю раёна аддаецца вельмі вялікая ўвага супрацоўніцтву з нашымі землякамі”.

І спадар Грынь, і іншыя асабіста знаёмыя з Барысам Кітом выступоўцы шмат станоўчага казалі пра яго як беларускага асьветніка, змагара за беларускую мову і адначасова грамадзяніна сусьвету, удзельніка касьмічных праграм.

Пісьменьніца Вольга Іпатава выказала спадзеў, што зь цягам часу школа нумар 1 Наваградка, збудаваная Барысам Кітом разам зь іншымі жыхарамі Наваградка і сялянамі навакольных вёсак у даваеннай Польшчы, каб вучыць дзетак на роднай мове, неўзабаве зноў стане беларускамоўнай. А вядомы мастак Аляксей Марачкін параўнаў
Аляксей Марачкін
лёс і памкненьні Язэпа Дразовіча і Барыса Кіта:

“Бачыце, космас іх аб’яднаў. У аднаго творцы, мастака Язэпа Драздовіча, космас быў ва ўяўленьні, такім фантастычным, а Кіт ужо канкрэтна адчуваў гэты космас у сваёй працы. Гэта сапраўды чалавек сусьвету”.

Аляксей Марачкін прапанаваў, каб першы спадарожнік, які накіруе незалежная Беларусь у космас, насіў імя Барыса Кіта.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму — у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў. У часе другой сусьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі. Барыс Кіт — адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для астранаўтычных праектаў. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.














Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG