Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Шапуцька працягне судзіцца з БДУ


Тацяна Шапуцька ля суду Маскоўскага раёну
Тацяна Шапуцька ля суду Маскоўскага раёну

Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў пазоў былой студэнткі юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Тацяны Шапуцькі да Міністэрства адукацыі і БДУ. Моладзевая актывістка лічыць, што яе адлічэньне з БДУ мае палітычны падтэкст — адпаведны загад рэктара БДУ зьявіўся неўзабаве пасьля вяртаньня з Брусэлю, дзе яна брала ўдзел у форуме «Ўсходняга партнэрства» 16-18 лістапада 2009 году.

Апроч таго, ад Тацяны неаднаразова патрабавалі зьнізіць актыўнасьць у «Маладым фронце». Суд палітычных матываў у дзеяньнях рэктарату не знайшоў.

Тацяна Шапуцька не зьмірылася зь сёньняшнім рашэньнем раённага суду і кажа, што дзеля абароны сваіх правоў мае намер прайсьці ўсе астатнія інстанцыі — гарадзкі суд, а калі запатрабуецца, то і Вярхоўны:

— Судзьдзя прыняў усе аргумэнты Міністэрства адукацыі і БДУ — і наконт прадстаўленьня на дысцыплінарнае пакараньне ў выглядзе службовай запіскі, і наконт законнасьці з гледзішча правілаў унутранага распарадку ў загадзе аб адлічэньні. Судзьдзя сказаў, што нашы аргумэнты фармальна непераканаўчыя, і цалкам прыняў пазыцыю супрацьлеглага боку. Зараз мы маем 10 дзён, каб падаць касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

— Асабіста для вас рашэньне ўсё ж у нечым чаканае?

— Так, бясспрэчна, прысуд чаканы. Спадзевы, канечне, заўжды ёсьць, але тут усе разумеюць, што і як адбываецца... У гэтай сытуацыі было вельмі прыемна, што сёньня на абвяшчэньне прысуду прыйшлі супрацоўнікі брытанскай амбасады. Яны сядзелі, слухалі ўсё гэта. І ўрэшце таксама сказалі, што вельмі расчараваныя судовым рашэньнем.



Падчас суду прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і БДУ тлумачылі: Тацяна Шапуцька адлічаная за пропуск трох дзён заняткаў без паважных прычынаў, а таксама за тое, што не папярэдзіла кіраўніцтва юрыдычнага факультэту пра ад’езд у Брусэль. Апроч таго, да адлічэньня прывялі «сыстэмныя парушэньні» правілаў унутранага распарадку ВНУ — маўляў, яшчэ ў лістападзе 2008-га студэнтку прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці і пакаралі трыма суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Пры гэтым прадстаўніца БДУ Аксана Харошка адмаўляе палітычны падтэкст у адлічэньні студэнткі:

«У яе заяве было сказана, што пры ўжываньні мераў узьдзеяньня павінна быць разгледжаная міжнародная канвэнцыя, а менавіта — Акт аб дэмакратычных і грамадзянскіх правах. Але калі разглядаць артыкул, на які спасылаецца заяўніца, то ў дадзеным міжнародным нарматыўным акце гаворыцца пра злачынства. А злачынства — гэта грамадзка небясьпечнае дзеяньне, якое парушае закон і падлягае крымінальнай адказнасьці. У нашым выпадку злачынства і дысцыплінарны ўчынак — гэта два розныя паняцьці, таму спасылацца на гэты міжнародны акт у гэтым выпадку немагчыма. Такім чынам, мы лічым, што адлічэньне студэнткі юрыдычнага факультэту БДУ Шапуцькі было праведзена ў адпаведнасьці з нормамі заканадаўства».

У скаргах на імя рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова Тацяна Шапуцька прасіла перагледзець рашэньне аб яе адлічэньні з БДУ. Аднак банальныя адпіскі вымусілі ўрэшце зьвярнуцца ў суд. І хоць Тацяну неўзабаве прынялі на дыстанцыйнае навучаньне ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні, сваім пазовам супраць БДУ і Міністэрства адукацыі яна дамагаецца справядлівасьці і намінальнага аднаўленьня на вучобе.

Праваабаронца Тацяна Гацура была з Тацянай Шапуцькай у той самай паездцы ў Брусэль, якая каштавала студэнтцы месца на юрфаку. Спадарыня Гацура не сумняецца, што менавіта ўдзел у эўрафоруме стаў падставай да пасьпешлівага выключэньня пасьпяховай студэнткі напярэдадні сэсіі:

Гэта было ня тое што фармальнае, а дэманстратыўнае выключэньне.
«Гэта было ня тое што фармальнае, а дэманстратыўнае выключэньне. Была патрэбная толькі нейкая нагода. І яе выключылі дэманстратыўна — якраз пасьля вяртаньня з Брусэлю... Паказальна, што Тацяна ў прынцыпе была адной з самых дысцыплінаваных удзельніц таго форуму. Ажно да таго, што канспэктавала ўсё, што там гаварылі — выступы, прамовы ды ўсё астатняе. То бок магу казаць, што ў пэўным сэнсе Тацяна Шапуцька і брала ўдзел у імпрэзе... як студэнтка. Бо яна там перадусім вучылася. Цалкам натуральна: калі людзі вучацца, займаюцца паліталёгіяй і маюць магчымасьць ня толькі ў тэорыі, але і непасрэдна быць удзельнікамі такіх палітычных форумаў, то, канечне, гэта карысна. А ў дачыненьні да Тацяны — усё гэта было і ёсьць для яе карысна. Незалежна ад таго, скончыць яна БДУ ці іншую ўстанову».

Тацяна Шапуцька настойвае, што рашэньне аб адлічэньні і адмова ў задавальненьні яе скаргі — незаконныя і неабгрунтаваныя хоць бы таму, што ў службовых запісках на імя рэктара і ў выпісцы з пратаколу пасяджэньня факультэцкай рады прафіляктыкі ў якасьці меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня прапаноўвалася «строгая вымова». Але ў любым выпадку, на думку Тацяны, маштаб зьдзейсьненага «правапарушэньня» ніяк не адпавядае прынятаму рашэньню — адлічыць з унівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG