Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шапуцька супраць БДУ і Мінадукацыі


Тацяна Шапуцька

Тацяна Шапуцька

Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд пазову былой студэнткі юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Тацяны Шапуцькі да згаданай навучальнай установы і Міністэрства адукацыі Беларусі. Адлічаная пры канцы мінулага году студэнтка перакананая, што пакараньне не адпавядала маштабу правапарушэньня.

Фармальнай падставай для адлічэньня стаў удзел дзяўчыны ў форуме «Эўрапейскага партнэрства» ў Брусэлі, у выніку чаго Шапуцька прапусьціла тры дні заняткаў. Падчас судовага паседжаньня прадстаўнікі БДУ і адукацыйнага ведамства заявілі: аб’ектыўных прычынаў для зьмены рашэньня рэктара няма.

Некаторыя прэтэнзіі Тацяны Шапуцькі, выкладзеныя ў пазове, агучыў судзьдзя Юрый Шастакоў:

«Дадзены загад мной абскарджаны ў вызначаным парадку ў Міністэрстве адукацыі. Аднак намесьнікам міністра Жуком скарга пакінутая без задавальненьня. Мяркую, што прынятыя рашэньні аб адлічэньні і адмове ў задавальненьні маёй скаргі незаконныя і неабгрунтаваныя. Падставай для вынясеньня загаду аб адлічэньні паслужыла службовая запіска прарэктара па вучэбнай працы, службовая запіска дэкана юрфаку, выпіска з пасяджэньня савету па прафіляктыцы факультэту. У дзьвюх апошніх прапаноўвалася ўжываньне да мяне такой меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня, як вымова. І толькі ў службовай запісцы прарэктара — адлічэньне з унівэрсытэту».

Тацяна Шапуцька лічыць, што такім чынам кіраўніцтва навучальнай установы адпомсьціла за яе палітычную і грамадзкую актыўнасьць. Шапуцька — сябра «Маладога фронту», і кіраўніцтва факультэту не аднойчы выказвала ёй прэтэнзіі за галаўны боль, які мае ад такой студэнткі.

Да таго ж галоўны юрысконсульт упраўленьня прававой і аналітычнай працы Мінадукацыі Тацяна Марчанка патлумачыла, што Тацяна адлічаная на загад рэктара БДУ ня толькі за пропускі заняткаў без паважных прычынаў, але і з-за таго, што не папярэдзіла кіраўніцтва юрыдычнага факультэту пра меркаваны ад’езд у Брусэль. Ведамства не знайшло прычынаў засумнявацца ў мэтазгоднасьці радыкальнага кроку.

Намесьніца начальніка ўпраўленьня прававой працы БДУ Аксана Харошка кажа, што да адлічэньня Шапуцькі прывялі «сыстэмныя парушэньні» правілаў унутранага распарадку ВНУ, якія пачаліся яшчэ два гады таму. Яна нагадала, што ў лістападзе 2008-га студэнтка была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасьці і пакараная трыма суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце:

«Не сышоў тэрмін таго гадавога ўзьдзеяньня, што таксама было прынята пад увагу. І вось усе гэтыя абставіны паслужылі падставай для падрыхтоўкі загаду аб ужываньні мераў дысцыплінарнага ўзьдзеяньня паводле прынцыпу заяўнасьці. У выніку яна была адлічаная зь ліку студэнтаў ІІ курсу юрыдычнага факультэту за парушэньне правілаў унутранага распарадку. Загад набыў моц 2 сьнежня 2009 году».

Намесьнік дэкана па вучэбна-выхаваўчай працы юрфаку Андрэй Шыдлоўскі «ўчапіўся» за тлумачальную запіску Тацяны Шапуцькі, якую яна напісала пасьля вяртаньня з эўрафоруму. На яго думку, студэнтка прызналася, што наўмысна ўвяла ў зман калектыў — маўляў, з той прычыны,
Чалавек апраўдальных дакумэнтаў не прынёс, мы пагутарылі, яны дакладна выклала сваю пазыцыю ў тлумачальнай, указаўшы на наўмыснае парушэньне правілаў.
што ў дэканаце ўсё адно не далі б дазволу на паездку. Аднак прызнаўся, што кіраўніцтва факультэту не зьбіралася яе караць па максымуме:

«Мы ўсё ж вырашылі на наладжваць ніякіх зьдзекаў і катаваньняў. Чалавек апраўдальных дакумэнтаў не прынёс, мы пагутарылі, яны дакладна выклала сваю пазыцыю ў тлумачальнай, указаўшы на наўмыснае парушэньне правілаў. Увогуле, як дэканат, мы ўсё ж абавязаныя адстойваць правы студэнтаў, і мы прасілі рэктара, безумоўна, абвясьціць вымову. Хоць разумелі, што гэта выключная кампэтэнцыя і паводле практыкі павінна быць адлічэньне. Але, напэўна, якраз у гэтым сэнс дэмакратычнай працэдуры — накладаньне дысцыплінарнага спагнаньня. Паўтару: мы прасілі вымову, але рашэньне было прынятае іншае».

Тацяна Шапуцька ўдакладняе, што цяпер прадстаўнікі БДУ намагаюцца ўва ўсім абвінаваціць менавіта яе. Таму і хапаюцца за словы, спрабуючы іх усяляк перакруціць на сваю карысьць:

«Я тлумачыла: „сьвядома“ — гэта значыць асэнсавана. Я ўсе свае дзеяньні асэнсоўвала. Але не „наўмысна“, бо гэта зусім іншы сэнс. Вы павінны разумець тонкае адрозьненьне. Я не пісала, што наўмысна парушала, я ўказвала, што парушала сьвядома, але на той момант гэта быў вымушаны крок. А вы тут прадстаўляеце сытуацыю, нібыта я наўмысна рабіла такі выпад супраць унівэрсытэту і парушала правілы. Дык вось гэтага не было!»

Судовы працэс, ініцыяваны Тацянай Шапуцькай, працягваецца. Судзьдзя зьбіраўся абвясьціць прысуд ужо сёньня, аднак абарона Шапуцькі вылучыла шэраг хадайніцтваў.
XS
SM
MD
LG