Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Moscow Times: "Варты жалю стан мытнага саюзу"


Кіраўнікі Расеі, Беларусі і Казахстану
Кіраўнікі Расеі, Беларусі і Казахстану

Дамова аб пастаўках вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь — гэта эканамічны блеф, пішуць у сёньняшнім выданьні The Moscow Times амэрыканскі палітоляг Пітэр Рутлэнд і расейскі палітычна-эканамічны экспэрт Алег Рэут.


"Праўдападобна, галоўнай мэтай візыту Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу было разьвярэдзіць Пуціна. У рэшце, Лукашэнка і Чавэс часта аддавалі большую ўвагу дэмагогіі, чым эканамічай лёгіцы", — сьцьвярджаюць аўтары артыкулу.

Ратлэнд і Рэут даюць зразумець, што дамова аб пастаўках вэнэсуэльскай нафты патрэбная Лукашэнку як аргумэнт у спрэчцы з Масквою за тое, каб захаваць бяспошлінныя пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, нягледзячы на пагадненьне Расеі, Беларусі і Казахстану аб стварэньні паўнапраўнага мытнага саюзу зь 1 ліпеня 2010. У сувязі з гэтым аўтары адзначаюць і дэманстратыўны характар паездкі прэзыдэнта Беларусі ў Вэнэсуэлу, якая адбылася зусім нечакана напярэдадні даўно заплянаванага візыту прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Беларусь.

Тым ня менш Ратлэнд і Рэут лічаць, што надыходзіць няўмольны канец манэўраваньні Лукашэнкі ў дачыненьнях з Масквою, і што замежны доўг Беларусі, які вырас да 22 мільярдаў даляраў (45 адсоткаў ВУП краіны), прымусіць беларускае кіраўніцтва ісьці на саступкі, уключна зь перадачай у расейскія рукі акцый у нафтаперапрацоўчых заводах і прыняцьцем агульнай з Расеяй валюты.

Аўтары таксама зьвяртаюць увагу на шырэйшыя наступствы згаданага трохбаковага мытнага саюзу на постсавецкай прасторы:

"Стварэньне мытнага саюзу, — калі дапусьцім, што ён сапраўды скранецца зь месца, — яшчэ больш ускладніць здаўна адкладанае ўступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Гэты крок таксама будзе яшчэ адным цьвіком у труну Саюзу незалежных дзяржаваў, паколькі ён павысіць эканамічныя бар’еры паміж сябрамі СНД. Краіны такія як Кыргызстан і Ўкраіна, магчыма, захочуць уступіць у мытны саюз, але яны ня змогуць гэтага зрабіць, бо яны ўжо зьяўляюцца сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі".

Паводле Ратлэнда і Рэута, узьнікненьне мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану будзе сьведчыць пра тое, што тэндэнцыі да пашырэньня сусьветнага свабоднага гандлю будзе нанесены чарговы ўдар з боку краінаў, прывязаных да пратэкцыянісцкіх захадаў у эканоміцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG