Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса вызвалілі на патрабаваньне страсбурскага суду


У Крыме пасьля працяглага знаходжаньня ў сімфэропальскім сьледчым ізалятары вызвалілі 29-гадовага моладзевага актывіста і рок-музыку Ігара Коктыша, якога абвінавачвалі ў Беларусі ў цяжкім крымінальным злачынстве. Коктыш больш за два з паловай гады ў зьняволеньні чакаў экстрадыцыі ў Беларусь.


Яго адвакатам удалося пераканаць Эўрапейскі суд па правах чалавека ў палітычнай падставе абвінавачваньняў і ў неправамерных дзеяньнях украінскай улады.

Увечары 2 лютага Ігар Коктыш выйшаў на свабоду і разам з жонкай Ірынай, што яго сустракала ля сьценаў СІЗА, цягніком выехаў у сталіцу Ўкраіны. Ён мае намер вярнуцца ў Жытомір, дзе жыве яго сям'я. Ва Ўкраіну ён прыехаў у 2002 годзе, ратуючыся ад перасьледу беларускіх уладаў, тут ажаніўся і стварыў свой рок-гурт. Але ўлетку 2007 году, калі ён з жонкай быў на адпачынку ў Севастопалі, яго зьмясьцілі ў сімфэропальскі СІЗА. Там Коктыш знаходзіўся 2 гады і 7 месяцаў.

Беларусь патрабавала яго выдачы, абвінавачваючы ў забойстве. Сам Ігар Коктыш такія абвінавачваньні абвяргаў і сьцвярджаў, што гэта - помста ўладаў за яго актыўную падтрымку апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, які тады балятаваўся на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы.

Я пераканаўся: справядлівасьць ёсьць, яе можна дасягнуць. Але адзіная праблема ў тым, што яе цяжка дамагацца
Ігар Коктыш быў вызвалены паводле рашэньня Генпракуратуры Ўкраіны і на патрабаваньне Эўрапейскага суду па правах чалавека. У сваім рашэньні ад 10 сьнежня 2009 году Эўрапейскі суд зьвярнуў увагу на парушэньне дзяржавай Украіна ў дачыненьні да Ігара Коктыша адразу некалькіх артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, абавязаўшы краіну таксама выплаціць яму 7 тысяч эўра кампэнсацыі.

Разам з тым Ігар Коктыш у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што выкананьне Ўкраінай патрабаваньня Эўрапейскага суда хоць з амаль двухмесяцовай затрымкай, сьведчыць, што гэта ўсё ж ёсьць дэмакратыя і за яе варта змагацца: «Я пераканаўся: справядлівасьць ёсьць, яе можна дасягнуць. Але адзіная праблема ў тым, што яе цяжка дамагацца. У маім жа выпадку я праседзеў больш за два з паловай гады, таму што проста не было закону аб экстрадыцыі. Гэта элемэнтарныя рэчы, якія не вырашыць. Гэта праблема ».

Па словах Ігара Коктыша, цяпер ён хоча адпачыць і палячыцца. Кажа, што ні на каго не трымае зла. Але, усё ж судзіцца ён мае намер і далей - за права жыць ва Ўкраіне. Суд па яго пазову пры прызнаньні за ім статусу палітычнага бежанца павінен адбыцца ў Сімфэропалі 12 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG