Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна беларуса ня выдасьць


У Страсбуры Эўрапейскі суд у правах чалавека сёньня забараніў Украіне выдаваць Беларусі абвінавачанага ў забойстве Ігара Коктыша. Суд таксама абавязаў Украіну выплаціць беларускаму грамадзяніну 7 тысячаў эўра ў якасьці кампэнсацыі.

Ігар Коктыш абвінавачваецца беларускай пракуратурай ў забойстве і рабаўніцтве. У 2001 годзе ён быў апраўданы Берасьцейскім судом. Пазьней пракуратура апратэставала рашэньне. Ігар Коктыш у той час знаходзіўся ва Ўкраіне і вырашыў не вяртацца на радзіму. Беларусь патрабуе ягонай экстрадыцыі.

У звароце ў суд Коктыш заявіў, што ў Беларусі ў выпадку ягонага вяртаньня яго могуць катаваць і асудзіць да сьмяротнага пакараньня. Эўрапейскі суд у сваім рашэньні кіраваўся артыкулам 3 Эўрапейскай канвэнцыі ў правах чалавека, які забараняе жорсткае ці прыніжальнае абыходжаньне з падсудным, што можа адбыцца з Коктышам, калі яго выдадуць Беларусі.

Як падае ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН, Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры на сваім сёньняшнім паседжаньні канстатаваў у дачыненьні да Коктыша парушэньне ўкраінскай дзяржавай адразу некалькіх артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека (арт.3 аб забароне негуманных ці зьневажальных паводзінаў, арт.5 аб свабодзе і ўласнай недатыкальнасьці, арт.13 аб праве на эфэктыўныя сродкі судовай абароны) і абавязаў гэтую дзяржаву выплаціць беларускаму грамадзяніну 7 тысячаў эўра ў якасьці кампэнсацыі.

Паводле словаў прадстаўніцы Ігара Коктыша ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека Айгуль Муканавай, у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі краіна, дзе забароненае сьмяротнае пакараньне, ня мае права выдаваць чалавека той краіне, дзе такое пакараньне існуе. Паводле Муканавай, ва Ўкраіне няма заканадаўчых нормаў, што дазволілі б трымаць пад вартай чалавека, які чакае экстрадыцыі.

Да гэтага часу Ігар Коктыш знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Севастопалю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG