Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах пахавалі пілётаў


Сёньня ў Баранавічах пахавалі загінулых лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча. З паловы 12-й у Доме афіцэраў труны былі выстаўленыя для публічных разьвітаньняў. Пахаваньне пачалося а 14-й гадзіне на гарадзкіх могілках.


16.00 Жалобная цырымонія скончылася.

15.45 Пасьля жалобнага мітынгу на могілках Русіно пахавалі загіблых пілётаў. Намесьнік камандуючага ВПС Беларусі згадаў: калі было здарэньне ў Львове, дзе загінулі людзі, Марфіцкі сказаў, што ніколі не дапусьціў бы гібелі людзей. І ён зрабіў тое, што абяцаў. Камандзір авіяпалка сказаў, што пілёты ня гінуць, а адлятаюць у неба і не вяртаюцца. У пахаваньні браў удзел архіяпіскап Мірон, праваслаўны ардынарый Войска Польскага. Потым адбыўся ўрачысты праход ганаровай варты.

14.20 Шматтысячная жалобная працэсія прайшла па вуліцы Куйбышава. Вайскоўцы ўскладалі веткі на дарогу. Ад цэнтральнай плошчы жалобная працэсія накіроўваецца на могілкі вёскі Русіна.

Вайскоўцы ўхіляюцца ад камэнтароў журналістам. Былы афіцэр Вячаслаў сказаў, што яшчэ рана казаць аб прычынах трагедыі. Але адназначна, што пілёты, ахвяруючы сваім жыцьцём, адвялі самалёт убок, каб выратаваць жыхароў.


13.30
У Доме афіцэраў скончылася разьвітаньне грамадзкасьці з пілётамі, якія загінулі ў польскім Радаме. Выступілі міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, камандуючыя ваенна-паветранымі сіламі Беларусі і Польшчы, а таксама намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Супрык.

Міністар Мальцаў адзначыў, што пілёты-палкоўнікі, якія загінулі ў Польшчы, зрабілі вялікі ўнёсак у будаўніцтва ўзброеных сілаў Беларусі і цаной свайго жыцьця выратавалі жыхароў польскага гораду, на якіх мог упасьці самалёт. Тое ж адзначыў і прадстаўнік Польшчы, камандуючы ВПС. Спадар Супрык сказаў, што гэта трэці і чацьвёрты чалавек зь Берасьцейшчыны, якія зьдзейсьнілі подзьвіг, выратаваўшы жыцьці людзей.

Міністар Мальцаў падзякаваў польскі народ і свайго польскага калегу Богдана Кліха “за тое, што ў цяжкія хвіліны падтрымалі нас, падзялілі нашу жалобу”, перадае БелаПАН.

Камандуючы ВПС і войскамі Беларусі Ігар Азаронак сказаў, што ў загіблых быў выбар, але яны зрабілі яго сьвядома і выратавалі жыхароў суседняй краіны. Ён адзначыў, што пра тое, што насамрэч адбылося ў небе Польшчы ў дэталях, відаць, не даведаецца ніхто. Але як відавочца Азаронак заявіў, што пілёты зрабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць людзкую трагедыю на зямлі.

У жалобнай цырымоніі, паводле БелаПАН бралі ўдзел таксама польскія сьвятары.

Пілётаў пахаваюць на могілках у вёсцы Русіна, непадалёк ад Баранавічаў.


12.30
Польская дэлегацыя на чале з камандуючым ВПС Польшчы ўсклала кветкі да трунаў і выказала спачуваньне сваякам.

12.00.
У гарнізонным доме афіцэраў праходзіць цырымонія разьвітаньня з загіблымі пілётамі Аляксандрам Марфіцкім і Аляксандрам Жураўлевічам. Сабраліся некалькі тысяч чалавек. Усе падыходы да Дома афіцэраў запруджаныя людзьмі і машынамі. Людзі няспынна ідуць у будынак, каб разьвітацца зь нябожчыкамі, нясуць кветкі. У залі грае “Рэквіем” Моцарта.

Чакаецца прыезд міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава. Прысутнічае камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ігар Азаронак. Тут жа знаходзяцца прадстаўнікі польскай арміі, польская ганаровая варта.



30 жніўня на авіяшоў у польскім горадзе Радаме разьбіўся беларускі зьнішчальнік СУ-27 з двума пілётамі. Загінулі пілёты Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч: яны адвялі свой самалёт убок ад жылых раёнаў і цаной свайго жыцьця прадухілілі больш маштабную катастрофу.

Абодва пілёты ў званьні палкоўнікаў, Марфіцкі быў намесьнікам камандуючага Заходнім апэратыўна-тактычным камандаваньнем ВПС і СПА Беларусі, Жураўлевіч – намесьнікам камандзіра 61-й зьнішчальнай авіябазы, што месьціцца ў Баранавічах. Гэтай жа авіябазе належаў і самалёт.

Целы пілётаў былі дастаўленыя ў Барнавічы 2 верасьня спэцрэйсам.

Салдаты нясуць труну з целам лётчыка Жураўлевіча

Ганаровая варта. Аляксандар Жураўлевіч

Сваякі сустракаюць труну

Суседзі сабраліся разьвітацца з Жураўлевічам

Куток памяці Аляксандра Марфіцкага

Тут жыў Аляксандар Жураўлевіч

Варта на пляцоўцы каля кватэры лётчыка


У Баранавічах разьвітваюцца з загіблымі лётчыкамі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG