чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 23:17

Грамадзтва

На гаўптвахту за карыстаньне тэлефонам

Салдаты-апазыцыянэры больш за паўмесяца знаходзяцца ў ізаляцыі. У вайсковых частках Зьмітра Хведарука і Франка Вячоркі не працуюць таксафоны, Іван Шыла – дзень таму адбыў 7 сутак арышту на гаўптвахце за знойдзены ў ягоных рэчах мабільны тэлефон.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +


Іван Шыла
Івана Шылу 26 чэрвеня прывезьлі ў вайсковую частку з гаўптвахты, дзе ён адбываў 7 сутак арышту за карыстаньне мабільным тэлефонам. Іванаў бацька абураўся дзеяньнямі вайскоўцаў і называў пакараньне занадта жорсткім за такі дробны праступак яго сына.

У нядзелю бацькі Івана наведаюць яго і распытаюць у якіх умовах яму давялося адбываць вайсковы арышт.

Гаворыць бацька Івана Ўладзімер Шыла:

“Адзінае, што я ведаю, гэта, што ён у 3 гадзіны прыехаў у частку. Там жа цяпер таксафон працуе. Ільля быў дома і ён тэлефанаваў на хатні. Абяцаў, што патэлефануе ўвечары, але пакуль званка няма”.

Франак Вячорка
Франак Вячорка
пазбаўлены звальненьня ў выходныя. Яго часта ставяць у нарады і таму зь ім ня могуць сустрэцца сваякі і сябры. Франкаў бацька Вінцук Вячорка апавёў, што цягам апошніх двух тыдняў ягоны сын не атрымлівае недзяржаўную прэсу.

З бібліятэчкі, якую зьбіралі сябры і сваякі для вайсковай часткі выключылі каля 30 кніг без тлумачэньня прычынаў. Таксафон, адзіны дазволены сродак тэлефанаваньня, пасьля невялікага перапынку зноў не працуе.

Вінцук Вячорка непакоіцца станам здароўя свайго сына:

“Штодня Франку фэльшар мерае ціск і, на вялікі жаль, вынікі гэтага мераньня пацьвярджаюць, што ён мае праблемы з ціскам, не сумяшчальныя са службай у войску.

Я вельмі натхнёны тым, што ў Рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ёсьць асобны пункт, прысьвечаны палітычнаму прызыву, як новай форме рэпрэсій у Беларусі. Пра новыя формы рэпрэсіяў гаварылі й камісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр”.

Вінцук Вячорка перакананы, што вайскоўцы, адказныя за ідэалёгію, аказваюць псыхалягічны ўціск на яго сына, нацкоўваючы супраць яго салдат.

Зьміцер Хведарук
Маці Зьмітра Хведарука прытрымліваецца такога ж меркаваньня ў дачыненьні да свайго сына.

Гаворыць Ірына Хведарук:

“Першы раз за ўсю службу ў сталоўку паставілі, дык ён мне напісаў: “Я крокі да станаўленьня сапраўдным мужчынам раблю сямімільныя. Акрамя адбіваньня канціка на ложку і выроўніваньня ложку па нітцы, я навучыся сапраўднай мужчынскай працы – мыць 273 падноса за вечар і выроўніваць па нітцы сталы.

І толькі адно псуе мне жыцьцё: войска ня зробіць зь мяне сапраўднага мужчыну, бо я не змагу навучыцца паліць, піць і лаяцца матам”.

У справе Франка Вячоркі і Зьмітра Хведарука гарадзкі суд адмовіўся адмяніць рашэньне раённых судоў, якія прызналі гвалтоўны прызыў хлопцаў у войска законным.

Бацькі Івана Шылы пакуль не падалі скаргу на аналягічнае рашэньне Салігорскага суду.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: василь Горад:: минск
27.06.2009 17:28
а что можно ждать от минобороны-министр которого в 1995 выставили пьяным дураком и который познее все равно согласился занять эту должность

Імя:: Алег Горад:: Бераставіца
28.06.2009 00:47
Толькі садысты могуць прызываць ў войска не здатных, па стану здароўя, маладзёнаў.

Імя:: Генка Супраць
28.06.2009 13:51
Калі б за карыстаньне мабільным тэлефонам усіх вайскоўцаў адначасова адправілі на гаўптвахту,дык нашу краіну не было б каму абараняць.А тут ідзе відавочнае запалохваньне маладых людзей,робіцца спроба зламаць іх псіхіку,падпарадкаваць рэжыму,вытрасьці зь іх сапраўдную чалавечаю годнасьць.Гэта дзедаўшчына,а галоўным дзедам-садзістам выступае ўлада.

Імя:: Гамяльчук Горад:: Гомель
28.06.2009 22:45
Падчас маёй службы пабачыў шмат розных дурнотаў. Але такога... Можа, трэба распачаць нейкую акцыю салідарнасці з хлопцамі? Бо гэта ж сапраўдны здзек. Ганьба такому войску і такім афіцэрам. А тым, хто кажа пра магчымасць (калі ўзнікне такая неабходнасць) абараняць незалежнасць нават пад Лукашэнкам - чырвона зялёны сцяг у рукі! Нармальныя людзі ваяваць за гэты рэжым не будуць.

Імя:: Мікола Горад:: З БССР
29.06.2009 05:48
У чырвонай арміі Рыгоравіча ўсе мусяць размаўляці па расейску і праз сапсаваны тэлефон аутамат, тады цётачкі з КДБ РБ крыху разумеюць, што салдацік балбоча бацькам ці дзяўчыне пра сакрэты войска, а праз мабільны тэл. ён будзе плясьці, што хоча і КДБ РБ яго не падслухае.