Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стой! Буду здымаць!


Франак Вячорка зноў на шпітальным ложку.

Франак Вячорка зноў на шпітальным ложку.

Франак Вячорка трапіў у бабруйскі шпіталь. Адбываючы запар чатыры пазачарговыя нарады, ён спаў па паўтары гадзіны ў суткі. З-за праблемаў з сэрцам і ціскам у хлопца пагоршыўся стан здароўя. Тым часам у вайсковай частцы, дзе служыць лідэр моладзі БНФ, рыхтуюцца да прыезду здымачнай групы БТ.

Франак Вячорка ад сёньняшняга дня праходзіць абсьледаваньне ў бабруйскім вайсковым шпіталі. Яшчэ да гвалтоўнага прызыву мэдыкі 10-га клінічнага шпіталя выявілі ў яго сардэчную хваробу, зь якой у войску служыць забаронена.

Гэта пацьвердзіў мэдык вайсковай камісіі на судзе, калі Франак патрабаваў, каб дзеяньні вайскоўцаў прызналі незаконнымі. Тады старшыня мэдычнай камісіі спаслаўся на тое, што ў вайсковым шпіталі няма неабходнага абсталяваньня для абсьледаваньня сэрца.

Франак некалькі разоў ад пачатку службы ў войску трапляў у шпіталь. Апошні месяц ён адбываў чатыры пазачарговыя нарады запар — за карыстаньне мабільным тэлефонам для публікацыі ў інтэрнэце свайго дзёньніка.

У нарадах Франак выконваў функцыі днявальнага, а таксама прыбіраў тэрыторыю. Спаць у кругласутачным нарадзе дазваляецца паўтары гадзіны. Бацькі хлопца лічаць, што менавіта гэта адмоўна адбілася на стане яго здароўя.

Франак Вячорка паведаміў, што ў вайсковую частку, дзе ён служыць, павінна была прыехаць здымачная група БТ.

“Яны прыехалі якраз на наступны дзень пасьля майго ад’езду з мазырскай часткі. Мне сказалі, што яны зьбіраюцца здымаць рэпартаж, які тычыцца й мяне. Але мне пакуль невядома, што яны дакладна здымалі, з кім кантактавалі.

Усе-усе рыхтаваліся да прыезду БТ: прыбіралі, адпрацоўвалі прыёмы, пад’ём, гатоўнасьць, каб паказаць БТ, якія мы мужныя і добрыя.

У бабруйскім шпіталі Франак сустрэў Алеся Краўчэню, лідэра моладзевага дэмакратычнага руху з Баранавічаў. Алеся, як і Франка, напрыканцы студзеня гвалтоўна забралі ў войска.

Франак Вячорка лічыць, што БТ рыхтуе фільм пра салдат-апазыцыянэраў, каб выставіць іх у негатыўным сьвятле.

“У мяне сяброўскія стасункі з салдатамі і афіцэрамі. Імкнуся шмат кантактаваць, абмяркоўваць нешта. Я маю нейкі аўтарытэт сярод іх. Ні ў якім разе не адчуваю сябе ізгоем, як бы гэтага ні хацелі ідэолягі і зампаліт. Адчуваю прэсінг толькі ад тых, хто займаецца ідэалягічным выхаваньнем. А ад шараговых вайскоўцаў — толькі падтрымку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG