Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдат-апазыцыянэраў не адпускаюць у звальненьні


Салдаты-апазыцыянэры некалькі тыдняў пазбаўленыя магчымасьці пакінуць вайсковую частку ў выходныя. Зьміцер Хведарук зноў трапіў у шпіталь, Франак Вячорка адбывае пазачарговыя нарады, Іван Шыла ізаляваны з-за карантыну, які падоўжаны да 8 чэрвеня.

Іван Шыла
Іван Шыла рыхтуецца да выпускнога экзамэну па ангельскай мове, які ён будзе здаваць у лепельскай школе 9 чэрвеня.

Але яшчэ раней, 4 чэрвеня, у Салігорску адбудзецца суд у справе Івана. Ён будзе дабівацца прызнаньня дзеяньняў вайскоўцаў і мэдыкаў, якімі камандавалі людзі ў цывільным падчас гвалтоўнага прызыву, незаконнымі.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук знаходзіцца ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі. Гэтым разам з-за праблемаў з вушамі. Калі падлічыць, то ад моманту прыняцьця прысягі па сёньняшні дзень Зьміцер большую частку сваёй вайсковай службы правёў у шпіталях і лязарэтах.

Адны падтрымлівалі, а іншыя казалі, што нас трэба вешаць, што калі б ня мы, то нават і бульбы б не было, каб есьці.
Зьміцер распавёў, што ягоныя стасункі з салдатамі ў частцы ўскладніліся пасьля таго, як іх двойчы прымусілі глядзець фільм БТ «„Малады фронт“. Кіднэпінг»”.

“Паўставалі некаторыя праблемы ў салдацкім асяродку. Мне падаецца, што нехта настройваў салдат супраць мяне, штурхаў іх да нейкіх правакацыяў. Часткова паўплываў і фільм, які спачатку глядзелі ў сваіх ротах, а потым у нядзелю ўсе разам у клюбе. Гэта фільм пасеяў варожасьць.

Але большасьць казалі, што гэта прапагандысцкая стужка, зробленая для дыскрэдытацыі, і не паверылі ў яе праўдзівасьць.

Меркаваньні падзяліліся: адны падтрымлівалі, а іншыя казалі, што нас трэба вешаць, што калі б ня мы, то нават і бульбы б не было, каб есьці”.

Франак Вячорка з бацькам Вінцуком
Франак Вячорка адбывае пазачарговыя нарады і пазбаўлены звальненьня ў выходныя. Хлопец падаў заяву на імя камандзіра часткі, каб яму дазволілі здаць уступныя экзамэны ў ВНУ, але яму адмовілі. Франка, які вучыўся на выдатна, адлічылі з вучобы з трэцяга курсу журфаку БДУ пасьля таго, як ён адседзеў 15 сутак арышту падчас зімовай сэсіі. Праз два тыдні ім зацікавіўся ваенкамат. Прыканцы студзеня Франка схапілі на вуліцы і ў кайданках адвезьлі ў войска.

Бацька Франка Вінцук Вячорка: “Ён атрымаў раней ажно пяць нечарговых нарадаў за тое, што нібыта карыстаўся мабільным тэлефонам. Цяпер разглядаецца магчымасьць, каб ён гэтыя нарады адбыў не запар, а па выходных. Я так разумею, што дзеля таго, каб мець абмежаваньне кантактаваньня з навакольным сьветам.

Дагэтуль таксафон, адзіны сродак сувязі ў частцы, стаіць не адрамантаваны. Ужо, па-мойму, пару месяцаў, як ёсьць такая сытуацыя”.

Лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка напісаў артыкул, у якім даў ацэнку палітычнай сытуацыі ў краіне і выказаў свае думкі наконт сытуацыі ў партыйным жыцьці. Артыкул зьмешчаны ў інтэрнэце.

Што ж тычыцца таго, што зь ягонай пошты забіралі недзяржаўныя выданьні, то пасьля публікацый пра гэта сытуацыя зьмянілася і Франак зноў атрымлівае газэты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG