Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Лянкевіч: Фатограф сёньня — гэта не чалавек з фотаапаратам, а фатаграфія не расказвае пра рэчаіснасьць


Выставачны праект «Восеньскі салён зь Белгазпрамбанкам», мэтай якога было — на глебе сучаснага беларускага мастацтва адбудаваць атмасфэру знакамітых парыскіх салёнаў пачатку ХХ стагодзьдзя, завяршыўся сэнсацыйна. У конкурснай частцы, дзе былі прадстаўленыя творы 90 маладых аўтараў, што працуюць у розных відах мастацтва, перамог фотамастак Андрэй Лянкевіч. Міжнароднае журы за каляж «Бывай, Бацькаўшчына» прысудзіла яму Вялікі прыз. А Белгазпрамбанк прафінансуе ягоны наступны творчы праект на суму 15 тысяч эўра.

Чым так уразіў журы малады фотамастак? Чаму лічбавы каляж перамог жывапісныя, графічныя, скульптурныя творы? Прычына ў тым, што фатаграфія Беларусі зрабіла рэвалюцыйны крок наперад у прастору мастацтва, а традыцыйныя віды мастацтва — крок назад? Ці гэта ўвогуле эўрапейская тэндэнцыя? І ў чым сёньня выяўляецца мастацкасьць фатаграфіі?

На гэтыя пытаньні адказвае сам ляўрэат першага ў Беларусі такога маштабу камэрцыйнага выставачнага праекту Андрэй Лянкевіч.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Як вы самі патлумачыце, што ў вялікім конкурсе вельмі таленавітых мастакоў перамог фатограф? Чым вы ўразілі вельмі аўтарытэтнае журы?

Андрэй Лянкевіч: Я ня думаю, што мае фатаграфіі нечым уразілі такое кампэтэнтнае журы, у якое ўвайшлі сапраўдныя знаўцы сучаснага мастацтва з усяго сьвету. Яны вельмі добра арыентуюцца ў сусьветных мастацкіх працэсах, таму для іх мае творы былі шараговымі.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што сучасная фатаграфія ў сьвеце зрабіла аж такі вялікі прарыў у плашчыну мастацтва, што адсунула на другі плян жывапіс, графіку, скульптуру? Ці, запытаюся правакацыйна, беларускае традыцыйнае мастацтва зрабіла крок назад?

Лянкевіч: Адкажу проста. Амаль сотню гадоў таму зьявіліся спачатку Ван Гог і ягоная каманда, а пасьля Марсэль Дзюшан, і мастацтва перастала быць тым мастацтвам, якое аж да гэтага часу, напрыклад, у Акадэміі мастацтваў прымаецца за тое, якім яно павінна быць. Па-першае, мастацтва перастала быць, так бы мовіць, фігуратыўным. Мастацтва стала, і гэта самае галоўнае, выразам таго, што бачыць, што адчувае мастак. І тут вы пачынаеце выбіраць сабе мэдыюм, каб гэта давесьці да гледача. Ня мае значэньня, ці гэта фатаграфія, ці скульптура, ці графічны аркуш. Гэта першы адказ. Другі адказ у тым, што за апошнія сто гадоў кожны від мастацтва зрабіў вялікі крок наперад. І тое, як у акадэміях вучаць пяць гадоў фігуратыўнаму мастацтву, ці як сваімі рукамі ляпіць скульптуру, ня ёсьць галоўным. Галоўнае — што ты хочаш данесьці да гледача.

Ракіцкі: Канцэптуальнасьць?

Лянкевіч: Гэта толькі адзін з адказаў. Гэта можа быць ваш унутраны сьвет, гэта можа быць ваша бачаньне сьвету, гэта можа быць ваш жыцьцёвы вопыт. Альбо вы будзеце прапаноўваць, у якім кірунку будзе разьвівацца грамадзтва. Сёньня дыскутуюцца сацыяльныя і палітычныя выклікі, што адбываецца з грамадзтвам. Вы проста бераце гэта і паказваеце грамадзтву: глядзіце. Гэта прапановы мастака грамадзтву паглядзець на сябе.

Ракіцкі: Але гэта яшчэ і распрацоўка новых візуальных моваў. Да прыкладу, возьмем фатаграфію. Вы пачыналі як фотажурналіст. А затым зрабілі імклівы, рэзкі крок у плашчыну мастацтва. Прыйшлі да пастановачных, канцэптуальных здымкаў. На гэтым конкурсе перамаглі ўвогуле з каляжам. Як каляж становіцца мастацтвам? Як ня вашы фатаграфіі ў вашых руках сталі вашым аўтарскім творам? Мы ж прывыклі, што фатограф фатаграфуе, адлюстроўвае на здымку з дапамогай камэры рэчаіснасьць...

Вам трэба ўвогуле забыцца, што фатаграфія расказвае вам пра рэчаіснасьць

Лянкевіч: Вам трэба ўвогуле забыцца, што фатаграфія расказвае вам пра рэчаіснасьць. Мы існуём у тым часе, калі фатаграфія пяройдзе ў такую сваю форму, калі ўвогуле ня будзе мець нічога агульнага з наўпроставым адлюстраваньнем рэчаіснасьці.

Ракіцкі: Вы разбуральнік традыцыі?

Лянкевіч: Я не разбуральнік. Я і не стваральнік. Я проста бяру тыя візуальныя мовы, якія да мяне ўжо прыдумалі. Прывыкнуць трэба да таго, што фатограф сёньня — гэта не чалавек з фотаапаратам. Гэта першае. Другое — фатаграфія не расказвае пра рэчаіснасьць. Месяц таму ў часопісе Time выйшаў фантастычны артыкул з прыкладамі пра тое, што фатаграфія ў дадзены гістарычны момант губляе сваю базу, зь якой яна прыйшла ў сьвет мастацтва, у наш сьвет. Яна ня будзе больш адказваць за адлюстраваньне рэчаіснасьці...

Ракіцкі: Восеньскі салён арганізаваў і фундаваў Белгазпрамбанк. Гэты ж банк выступае фундатарам і іншых цікавых мастацкіх праектаў у Беларусі. Прыкладам, маштабнага тэатральнага фэсту «Тэарт». Можна казаць, што ў Беларусі наладзіліся, наладжваюцца сувязі на лініі «мастацтва і бізнэс»?

Лянкевіч: Я думаю, што пачаліся зрухі. Але да гэтага моманту няма адпрацаванага мэханізму камунікацыі паміж калекцыянэрамі і мастакамі, няма грантаў ні ад дзяржавы, ні ад мэцэнатаў. У прынцыпе няма дзейснай схемы набыцьця твораў у калекцыі, фармаваньня калекцыяў сучасных мастакоў. Але першыя крокі ўжо зробленыя нават на заканадаўчым узроўні, калі спонсарскія грошы залічваюцца ў падаткі. Пэўная колькасьць твораў беларускіх мастакоў ужо знаходзіцца ў прыватных калекцыях, якія фармуюцца багатымі беларускімі бізнэсоўцамі. Мы ў гэтай справе знаходзімся на пачатку шляху, як, дарэчы, і гэты «Восеньскі салён» стаў першай спробай на нашай тэрыторыі ад велізарнай установы зь велізарнымі грашыма зрабіць публічны продаж сучаснага мастацтва. І, што самае галоўнае, — кошты былі не прыхаваныя, і вы ведаеце, які твор і за колькі быў прададзены.

Ракіцкі: Прысудзіўшы вам галоўную ўзнагароду за лічбавы каляж, Белгазпрамбанк тым самым даў імпульс і новым кірункам у мастацтве?

Спадзяюся, што як найменей тыдзень будзе яшчэ працягвацца гарачая размова ў мастацкім асяродзьдзі, чаму так адбылося, што такое сёньня фатаграфія, што такое лічбавы каляж, ці ёсьць гэта мастацтвам

Лянкевіч: Так. Уявіце сабе, што да гэтага моманту ў нашым Нацыянальным мастацкім музэі ў асноўнай калекцыі не вісіць ніводная фатаграфія. І ў гэтым адказ на пытаньне пра значэньне і разуменьне мастацкай фатаграфіі ў Беларусі. Тым часам на такой велізарнай падзеі «Восеньскі салён» перамагае ўжо нават не фатаграфія, а як бы фатаграфія. Спадзяюся, што як найменей тыдзень будзе яшчэ працягвацца гарачая размова ў мастацкім асяродзьдзі, чаму так адбылося, што такое сёньня фатаграфія, што такое лічбавы каляж, ці ёсьць гэта мастацтвам. Мне здаецца, што прысуджэньне мне прэміі ўскалыхне працэс. І гэта вельмі важна.

Ракіцкі: А дзяржава? Чым вызначаецца яе ўдзел у мастацкіх працэсах Беларусі? Дапамагае, перашкаджае, кантралюе, рэгулюе? Чаго б вы хацелі ад дзяржавы? Чаго чакаеце? Ці не чакаеце нічога?

Лянкевіч: На дадзены момант склалася такая сытуацыя, што амаль няма магчымасьці зь ёй камунікаваць і супрацоўнічаць. Таму хай не перашкаджае, хай займаецца тым, чым яна павінна займацца, — будуе музэі, рэканструюе тэатры, дапамагае «Лістападу», іншым фэстывалям. Абы не забараняла, ня ўлазіла на гэтую маленькую тэрыторыю сучаснага мастацтва, якім мы цяпер займаемся. Вось і ўсё, чаго нам ад яе ў такой сытуацыі трэба.

Ракіцкі: І спрыяе мэцэнацтву, правакуе яго?

Лянкевіч: Абсалютна слушная заўвага. Хай дае нам інструмэнты заканадаўчыя, якія вымусяць багатых людзей ісьці да мастакоў набываць іхныя творы, ці падтрымліваць іх, ведаючы, што гэтыя грошы будуць залічаныя ў падатак.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG