Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль рэклямы «AD.NAK!»: Усё больш кампаніяў пераходзяць на беларускую мову


Ужываньне беларускай мовы ў рэклямнай прадукцыі стала зьявай, якая пашыраецца, бо запатрабавана грамадзтвам, — лічаць арганізатары фэстывалю AD.NAK.

16 красавіка ў Беларусі распачаўся штогадовы фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Ad.nak!». Арганізатары заяўляюць, што ўжываньне роднай мовы ў рэклямнай прадукцыі стала зьявай, якая пашыраецца, бо запатрабавана грамадзтвам.

«Калі першы фэстываль „Ad.NAK!“, які праходзіў у 2010 годзе, сабраў 59 удзельнікаў, дык леташні — у чатыры разы болей. Ужо 6 з 10 беларусаў, паводле дасьледаваньняў, перакананыя, што беларуская мова абавязкова павінна выкарыстоўвацца ў аздабленьні вуліц і вітрын, а больш як кожны другі ўхваляе ўжываньне мовы ў рэкляме. 5 год таму такіх была толькі траціна», — адзначыў на адкрыцьці фэстываля кіраўнік рэсурсу marketing.by Сяргей Скараход, які трывала супрацоўнічае з кампаніяй «Будзьма беларусамі» ў правядзеньні фэстывалю «Ad.nak!».

У фэстывалі бяруць удзел рэклямісты, адмыслоўцы у сфэры камунікацыяў, мэнэджэры культурніцкіх праектаў і прадусэры. Іх заклікаюць дасылаць свае працы ў прапанаваных сфэрах, пра якія можна даведацца на сайце фэстывалю. Прыём заявак, як паведамілі арганізатары, пачнецца 20 красавіка і скончыцца 1 чэрвеня. Цырымонія ўзнагароджваньня адбудзецца 2 ліпеня ў Менску.

Арганізатары запрашаюць да ўдзелу таксама неадмыслоўцаў у галіне рэклямы. Для іх прапанаваны ўдзел у конкурсе «Каша сувораўская» — неабыякавыя людзі могуць дасылаць на конкурс узоры безгустоўнай рэклямы з ужываньнем беларускай мовы. Такі конкурс праводзіцца ўжо другі год і набыў вялікую папулярнасьць сярод публікі.

Штогод колькасьць фірмаў, якія пачынаюць ужываць беларускую рэкляму, павялічваецца. На рэклямным шчыце партнэраў фэстывалю, які быў зьмешчаны за сьпінамі ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі ў кавярні «Café Netta», зьявіліся дзясяткі новых назваў. Працэс ідзе нібыта сам сабой, паводле лёгікі разьвіцьця гандлю. Чаму ж арганізатары фэстывалю спрабуюць уплываць на рынак беларускамоўнай рэклямы?

Каардынатар грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская адказвае на гэтае пытаньне наступным чынам:

Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

«Бо рэкляма, хочам мы гэтага ці не, штосэкундна ўплывае на нашу падсьвядомасьць і фармуе тое сацыяльна-культурнае поле, у якім мы штодня існуем. Таму вельмі важна, каб нашая нацыянальная адметнасьць і, адпаведна, каштоўнасьць у сучасным сьвеце прысутнічала і візуальна, адначасова фармуючы і густ, і агульную атмасфэру ў Рэспубліцы Беларусь».

Генэральны партнэр фэстывалю «Ad.nak!» — зноў кампанія мабільнай сувязі Velcom, якая ня першы год ужывае беларускамоўную рэкляму, падтрымлівае беларускую культуру праз культурніцкія праекты. Кіраўнік управы маркетынгу кампаніі Юлія Дайнека паведаміла пра важны выбар на карысьць мовы, які зрабіла кіраўніцтва кампаніі зусім нядаўна.

Юлія Дайнека
Юлія Дайнека

«Сёньня, тры гадзіны таму, генэральны мэнэджэр кампаніі Velcom абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі, што тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі выбіраецца ключавым напрамкам карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці кампаніі Velcom. То бок тое, што мы раней рабілі празь невялікія праекты, становіцца стратэгіяй кампаніі. Цяпер мы распрацоўваем пералік праектаў, якія мы будзем падтрымліваць».

Ці прыносіць дадатковы прыбытак фірмам тое, што яны ўжываюць беларускамоўную рэкляму замест расейскамоўнай? Ала Мачалава, мэнэджэр па карпаратыўных камунікацыях акцыянэрнага таварыства «Піўзавод Аліварыя», які ўваходзіць у Carlsberg group, паведаміла пра павелічэньне продажаў за год на 1,3%. Але і гэта ня самае галоўнае ў выбары на карысьць беларускамоўнай рэклямы, мяркуе адмыслоўца.

Ала Мачалава
Ала Мачалава

«Чаму гэта так важна і блізка нам? Усё проста. „Аліварыя“ — гэта найстарэйшы бровар у Беларусі, якому больш за 150 год. Гэта і кампанія, і прадукт піва зь вялікай спадчынай, з выбітнымі гістарычнымі асобамі. І нам падаецца, што гэта проста натуральна — казаць пра ўсю гэтую спадчыну, пра беларускае піва па-беларуску».

З 1 студзеня 2015 году на аўтазапраўках групы кампаніяў «А-100 АЗС» пачалі абслугоўваць кліентаў па-беларуску, а таксама перавялі службовую дакумэнтацыю на беларускую мову. Кіраўнік управы маркетынгу кампаніі Ніна Ніканорава ўжо вольна карыстаецца беларускай мовай і кажа, што гэтак робяць усё больш яе калегаў. А як наконт карысьці ад беларускай мовы?

Пасьля пераходу на беларускую мову ў заправак А-100 вырасьлі продажы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:30 0:00

«Продажы павялічыліся. Бо мы прыцягнулі да сябе частку модных і прагрэсіўных беларусаў, якія падзяляюць нашу пазыцыю што да пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG