Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Ні блянка, ні паштовачкі па-беларуску знайсьці нельга»


У Салігорску правялі маніторынг выкананьня правоў беларускамоўных. Высновы несуцяшальныя.

Беларускі Хэльсынскі камітэт падрыхтаваў справаздачу «Аб выніках салігорскага грамадзкага маніторынгу выкананьня правоў беларускамоўных грамадзян».

Каардынатарам маніторынгу стаў сябра БХК з Салігорска Леанід Мархотка. Актывіст адказаў на пытаньні Свабоды.

Карэспандэнтка: «Як праводзіўся маніторынг на практыцы, ці былі якія асаблівасьці гэтай працы ў Салігорску?»

Мархотка: «Актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту праводзілі гэты маніторынг у супрацоўніцтве з Таварыствам беларускай мовы ў Салігорску. Мы заходзілі ў розныя дзяржаўныя ўстановы і цікавіліся ў чыноўнікаў, ці прысутнічае ў адміністрацыйным карыстаньні беларуская мова: ці ёсьць шыльды і надпісы, ці магчыма напісаць заяву, запоўніць блянк па-беларуску. Да прыкладу, на пошце, у банку — ці ёсьць магчымасьць адправіць ці атрымаць якую заяўку. Таксама высьвятлялі, ці ёсьць беларускамоўныя клясы ці групы ў дзіцячых садках, ці ўмеюць чыноўнікі карыстацца беларускай мовай. Гэткіх прыкладаў на карысьць беларускай мовы вельмі мала альбо зусім няма. Мы нават не сустракалі такіх людзей у дзяржаўных установах, які б добра размаўлялі па-беларуску. Да прыкладу, тыя ж шыльды ў чыноўніцкіх кабінэтах расейскамоўныя — дык напішыце ж і на беларускай мове, калі Канстытуцыя кажа пра дзьвюхмоўе. Тым болей, што падчас апытаньня многія людзі казалі, што яны беларусы і іх родная мова —беларуская».

Карэспандэнтка: «Ці цікавіліся вы стаўленьнем саміх салігорцаў да роднай мовы?»

Мархотка: «Задавалі такое пытаньне людзям: ці хацелі бы яны вярнуцца да беларускай мовы? А яны адказвалі: маўляў, а як мы можам вярнуцца, калі ні блянка, ні паштовачкі па-беларуску знайсьці нельга. Хоць пры гэтым вельмі многія маладыя людзі казалі, што з задавальненьнем аддавалі б сваіх дзяцей у беларускія садкі і школы, каб дзеці мелі шанец ня толькі навучыцца беларускай мове, але каб потым таксама была магчымасьць камунікацыі. Менавіта маладое пакаленьне гэтак мяркуе, бо старэйшае — гэта людзі, якіх завозілі ў Салігорск на распрацоўку радовішчаў солі ў 1950-гады. Гэта людзі з Уралу — з Расеі ў асноўным. У іх не было ні жаданьня, ні магчымасьці ведаць беларускую мову. Яны яе ня ведалі і ведаць ня хочуць. Але вырасла новае пакаленьне і на „Беларуськалій“ прыйшло шмат мясцовых жыхароў, і жывуць тут ужо мясцовыя людзі, якія вывучалі і ведаюць беларускую мову, могуць размаўляць па-беларуску. Таму становішча ўжо крыху паляпшаецца».

Карэспандэнтка: «Якія высновы вы зрабілі ў выніку маніторынгу?»

Мархотка: «Высновы нашыя такія, што Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах, падпісаны Беларусьсю, які не дапускае дыскрымінацыі, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон аб мовах, Аб зваротах грамадзян — яны не працуюць у поўнай меры. Але высновы зрабілі ня толькі мы, але і нават Аляксандр Рыгоравіч, калі ён загаварыў пра беларускую мову. Гэта пытаньне стала ўжо ня толькі культурным і гістарычным, але і палітычным: калі мы хочам заставацца самастойным народам і дзяржавай, то павінныя мець сваю мову. Гэта ўжо пытаньне далейшага фармаваньня нашай нацыі, дзяржавы і яе сувэрэнітэту».

Карэспандэнтка: «Як доўга праводзіўся маніторынг, і чаму дасьледаваньне ў моўных пытаньнях праводзілася менавіта ў Салігорску, чым гэты горад адметны ў пытаньнях мовы?»

Мархотка: «Салігорск цяпер абсалютна не паказальны і не адметны у параўнаньні з іншымі рэгіёнамі — падобная моўная сытуацыя ў Слуцку, Магілёве, Гомелі ці Бабруйску. Наадварот, у больш буйных гарадах — у Менску, да прыкладу — беларускай мовы можна пабачыць больш, чым у Салігорску. Гэта і адносна рэклямы ці шыльдаў, і адносна размоўнай мовы. А праца нашая вялася ад пачатку студзеня гэтага году і, можна сказаць, працягваецца яшчэ і цяпер. Бо па яе выніках мы рыхтуем зварот ва ўсе органы дзяржаўнай улады: прэзыдэнцкую адміністрацыю, абедзьве палаты Нацыянальнага сходу, профільныя міністэрствы, абласныя і гарадзкія органы заканадаўчай і выканаўчай улады. Будзем таксама чакаць рэакцыі ўладаў на нашыя звароты».

Карэспандэнтка: «Ці будуць мець вынік гэтыя звароты і ўся вашая праца ў цэлым, як вам бачыцца?

Мархортка: «Я думаю, што будуць мець. Раней мы рабілі такі рэгіянальны маніторынг адносна людзей з абмежаванымі магчымасьцямі — для інвалідаў-вазочнікаў. Улада наўпрост не адгукнулася, але вынікі ў горадзе былі: зьявіліся і пандусы, і адмысловыя пад’езды. Іншая рэч — наколькі якасна яны былі зробленыя тэхнічна, але ж гэтая праца была. Спадзяемся, што ня будзе дарэмнай нашая супольная праца — БХК і ТБМ — і гэтым разам.

Гэта першы маніторынг салігорскіх праваабаронцаў аб дыскрымінацыі беларускамоўных жыхароў. Прадстаўнікі БХК таксама робяць выснову, што на дзяржаве ляжыць адказнасьць, ці будзе дыскрымінацыйная практыка працягвацца, альбо гэты факт будзе прызнаны, і будуць зроблены дзейсныя крокі ў яе пераадоленьні».

XS
SM
MD
LG