Праграмы / Начная Свабода

“Пазыцыя Захаду закране тых, хто далучыцца да Масквы”

27.08.2008 20:11

Госьць “Начной Свабоды” – палітоляг Андрэй Фёдараў.

Соўсь: Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі насуперак заклікам лідэраў заходніх краінаў і ЗША На думку Масквы, незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі павінен прызнаць і Менск. Беларускае МЗС пакуль захоўвае маўчаньне ў гэтым пытаньні. Спадар Андрэй, як на Вашую думку, ці прызнае Беларусь усьлед за Расеяй незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі? Ці будзе сябе паводзіць у гэтым пытаньні як блізкі хаўрусьнік Расеі? З улікам таго, што Беларусь зараз імкнецца палепшыць свае стасункі з Захадам – пра што сьведчыць сёньняшняя заява Эўразьвязу? І якія плюсы і мінусы яна можа атрымаць у такім выпадку?

Фёдараў: Тое, што з боку Масквы будзе адбывацца моцны ціск у гэтым кірунку – у мяне няма ніякіх сумневаў. Спадзяюся, што беларускае кіраўніцтва нейкім чынам вытрымае, хоць, безумоўна, гэта будзе вельмі цяжка, улічваючы эканамічную залежнасьць ад Расеі. Тым ня менш, я спадзяюся, што ёсьць пэўныя развагі і ў афіцыйнага Менску, якія дазволяць яму не пайсьці на гэты крок.

Што тычыцца плюсаў і мінусаў, то з плюсаў можна разьлічваць на пэўныя паблажкі з боку Масквы ў эканамічным сэнсе, бадай, гэта адзінае, хоць магу пагадзіцца, што гэта вельмі істотна. Што да мінусаў, дык баюся, што тая пазыцыя Захаду, якую ён займае ў адносінах да Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі, вельмі нэгатыўная, і яна будзе перанесеная на ўсіх, хто далучыцца да Масквы. Гэта, безумоўна, можа адбіцца на нашых адносінах, а гэта будзе вельмі шкада, тым больш зараз мы бачым пэўнае пацяпленьне гэтых адносінаў, ва ўсялякім разе, мы бачым спробы аднаго і другога боку пайсьці насустрач адзін аднаму.

Соўсь: Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт назваў рашэньне Масквы "намераным парушэньнем міжнароднага права". Скажыце, калі ласка, а якая працэдура прадугледжаная міжнародным правам на такі выпадак?

Фёдараў: У 1933 годзе ў Мантэвідэа была прынятая канвэнцыя аб правах і абавязках дзяржаваў, якая вызначыла крытэры міжнароднага прызнаньня. Дзеля гэтага дзяржава павінна мець сталае насельніцтва, вызначаную тэрыторыю, урад і магчымасьць ажыцьцяўляць зьнешнія зносіны.

Паўднёвая Асэтыя, можна сказаць, мела вызначаную тэрыторыю ў складзе Грузіі, аднак яе насельніцтва знаходзілася ў пастаянным перамяшчэньні з поўначы на поўдзень і назад, таму ня можа лічыцца пастаянным. Урад гэтай вобласьці быў абраны недэмакратычна, гэта агульнапрызнана, і гэты ўрад не падтрымліваў дыпляматычных зносінаў ні з кім акрамя Расеі, то бок фактычна зьяўляўся расейскай марыянэткай. Як бачыце, значная частка ўмоваў ня выкананая, таму казаць аб міжнародных прававых нормах гэтага прызнаньня не даводзіцца.

Соўсь
: Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Косава многія аналітыкі прадказвалі, што прызнаньне Захадам незалежнасьці Косава разьвяжа Маскве рукі адносна гэтак званых “замарожаных канфліктаў” на былой савецкай тэрыторыі. І гэтыя прагнозы спраўдзіліся. Як на Вашую думку, хто будзе наступным пасьля Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?

Фёдараў: На постсавецкай прасторы ёсьць яшчэ два такіх утварэньні – гэта Прыднястоўе, якое зьяўляецца фармальна часткай Малдовы, і Нагорны Карабах, які фармальна лічыцца незалежным, але на самой справе – гэта армянская тэрыторыя. Больш таго, і гэта мала хто ведае – больш за 20 адсоткаў тэрыторыі самога Азэрбайджану захоплена армянскімі войскамі, гэта калідор, які злучае Армэнію з Нагорным Карабахам.

Ня думаю, што нехта зь іх пойдзе на такі крок, тым больш што якраз учора, калі дзяржаўная Дума прымала рашэньне аб незалежнасьці Паўдзённай Асэтыі і Грузіі, расейскі прэзыдэнт Мядзьведзеў сустрэўся са сваім малдаўскім калегам Вароніным, і яны як быццам вырашылі, што Прыднястроўе мірным шляхам вернецца ў склад Малдовы. Але ў адрозьненьне ад Грузіі Малдова цяпер ніякіх жаданьняў уступіць у НАТО не выказвае, таму Расея ідзе на такія пагадненьні. На дадзены момант я ня бачу пасьлядоўнікаў Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі, хоць, безумоўна, напружанасьць захоўваецца, асабліва ў Нагорным Карабаху.

Соўсь: Пасьля сёньняшняй заявы Мядзьведзева расейскія фондавыя індэксы ўпалі на 20 пунктаў. Наколькі істотнымі будуць нэгатыўныя эканамічныя наступствы гэткага кроку Масквы і для Расеі, і для Беларусі?

Фёдараў: На жаль, мне вельмі цяжка адказаць на гэтае пытаньне, бо я не спэцыяліст у эканоміцы, але тое, што ўсе гэтыя падзеі, пачынаючы з вайны паміж, фактычна, Расеяй і Грузіяй, прывялі да вельмі істотнага падзеньня расейскіх фондавых рынкаў, гэта вядома. Яны апусьціліся да самага нізкага ўзроўню за апошнія дзесяць гадоў, з часоў вядомага дэфолту. Мяркую, што ў гэтых абставінах, калі Захад будзе прымаць нейкія меры, у тым ліку эканамічнага кшталту, нічога добрага расейскую эканоміку не чакае, хоць у іх ёсьць вельмі вялікія запасы з-за надзвычай вялікіх коштаў на энэрганосьбіты.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК
28.08.2008 16:44

Шмат у чым Фёдараў не мае рацыі. Але здіўляцца няма чаго, калі ён атаясамлявае сябе з уладай. ( "Мы...". "на нашых адносінах"). Найперш армянскі калідор да Нагорнага Карабаха значна меншы па плошчы чым НК і нават па дадзеным Азербайджана, захоплена меней 20% (14 000 км² ад 86,600 ). Па-другоя, мэтай агрэсіі Расеі можа быць Крым. Бо дапамагаць расейскім агентам у Прыдністроўі, ці армянам у НК Расеі няма сэнсу і вельмі праблематычна.
Але галоўнае Расея ўжо пріграла ў сусветнай супольнасьці. Яе не падтрымалі нават сябры ШАС, Шанхайская арганізацыя.


Імя:: Mikola Горад:: Litva
28.08.2008 19:17

Расейскі чэкіст "мачыла ў сортірах" даволі істотна пралічыўся ў сваіх разьліках паставіць перад фактам увесь сьвет, Захад на гэта адкажа пэўнымі эканамічнымі, палітычнымі і вайсковымі санкцыямі, Фактычна справакаваны развал
РФ, А для Беларусі найлепш памаўчаці і не
скакаці Лукашэнку з рознымі фантастычнымі заявамі аб маралі і этыцы там дзе таго няма.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ