Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў зноў турбуецца


У Міністэрстве замежных справаў Беларусі паведамілі, што ня маюць ніякіх камэнтароў адносна прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Аcэтыі. Чаму ж маўчыць афіцыйны Менск?

Прэсавы сакратар беларускага міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў на пытаньне, ці прызнала Беларусь незалежнасьць самаабвешчаных рэспублік на тэрыторыі СНД, адказаў:

“Пакуль ніякіх камэнтароў на гэты конт ня будзе”.

Таксама пакуль ніякага рэагаваньня няма і з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі.

Дзяржаўныя мэдыі сёньня не публікуюць ніякіх камэнтароў адносна прызнаньня Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Аcэтыі. Асноўная афіцыйная газэта “Советская Белоруссия” наагул абмінула гэтую тэму. Паведамленьне пра дэмарш Масквы калі і трапляе ў выпускі навінаў дзяржаўнай тэлевізіі, то не на першыя пазыцыі. Пры гэтым ніхто з афіцыйных асобаў Беларусі яе не камэнтуе.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў, што маўчаньне афіцыйнага Менску зьвязана зь вельмі няпростай сытуацыяй, у якую той патрапіў:

“Са спадаром Лукашэнкам у Сочы вялі размовы, што ён павінен прызнаць гэтую незалежнасьць, ён быў у курсе. Але, відаць, там існуе праект пашырэньня саюзнай дзяржавы за кошт гэтых дзьвюх новаабвешчанных рэспублік. Ня думаю, што гэты варыянт Лукашэнку задавальняе, калі ён стане ўсяго толькі адным з чатырох кіраўнікоў. Відаць, выкарыстоўваліся нейкія элемэнты шантажу — кошты на газ і гэтак далей”.

Паводле спадара Баршчэўскага, у Менску ўзважваюць, якое рашэньне прыняць. Але ў любым выпадку яно будзе кепскім для А.Лукашэнкі:

“Калі будзе непрызнаньне, то гэта пагаршэньне стасункаў з Расеяй у пляне эканамічным. Калі гэта будзе прызнаньне, то гэта фактычна зьвядзеньне яго як прэзыдэнта да ролі спадароў Багапша і Какойты. Ня думаю, што гэта задаволіла б такога амбітнага чалавека, як Лукашэнка”.

Сёньня ж амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі выказаў спадзяваньне, што Беларусь як блізкі хаўрусьнік прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Аcэтыі. Гэта патрэбна таксама і для таго, каб яны мелі магчымасьць увайсьці ў саюзную дзяржаву.

Пры гэтым пасол падкрэсьліў, што ў адпаведнасьці з дагаворам аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы Расея і Беларусь у пытаньні прызнаньня незалежнасьці той або іншай краіны "маюць права рабіць па-свойму".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG