Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абхазы і асэтыны пашкадуюць, што памянялі Грузію на Расею”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 27 жніўня, сераду.



Расея прызнала незалежнымі ад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, а таксама заклікала зрабіць гэта іншыя краіны сьвету. Камэнтары слухачоў:

Спадар Віктар: “Прызнаўшы Асэтыю і Абхазію, Расея фактычна наступіла на граблі. Цяпер усе краіны, якія ўваходзяць у Расею, маюць права абвяшчаць незалежнасьць і патрабаваць выхаду з Расеі. Фактычна, акупацыя гэтых краінаў Расеяй заканчваецца”.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Ну што, Расея? Загнаў ваш тандэм Пуцін-Мядзьведзеў цябе ў бутэльку, і цяпер будзеш доўга сядзець у ёй, у палітычнай ізаляцыі. Выклікаўшы агонь на сябе, прэзыдэнт Грузіі паскорыў уступленьне ў НАТО і, магчыма, у Эўразьвяз. Дый Захад ня кіне ў бядзе, дапаможа падняць эканоміку. Прыйдзе час, калі і абхазы, і асэтыны пашкадуюць, што памянялі Грузію на Расею”.

Спадар: “Шушкевіч перасьцерагае Лукашэнку, каб той не падтрымліваў дзьве свабодныя рэспублікі. А чаго ж ён не папярэджваў нікога, калі пра Косава вырашалася пытаньне? Вось такое пытаньне задайце яму”.

Адказвае Станіслаў Шушкевіч:

“Я гэтаксама ставіўся да прызнаньня Косава, як і да прызнаньня Абхазіі. У кожнай краіне ёсьць сваё Косава. І калі мы пачнём гэтыя прызнаньні, то мы пачнём дзяліць краіны на кавалкі. А вызначэньне межаў — галоўны вынік другой усясьветнай вайны. Так што я займаў і там і тут аднолькавую пазыцыю”.

У працяг тэмы яшчэ адно пытаньне слухача:

Спадар: “Ці будзе мітынг 31 жніўня гэтага году ў падтрымку Грузіі? Проста ходзяць чуткі наконт гэтага. Раскажыце, калі ласка”.

Адказвае адзін зь лідэраў Маладога Фронту Артур Фінькевіч:

“Прынамсі, я пра гэта нічога ня чуў. Адначасна мы прынцыпова стаім за тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. І зараз шукаем у Грузіі партнэраў, каб працаваць разам. Каб уплыў Расеі ў нашым рэгіёне быў усё меншы і меншы…”

Працягваем праграму СМС-допісам Алега Лебедзева зь Віцебску: “Вітаю вызваленьне лідэра апазыцыі Аляксандра Казуліна!” І далей —тэлефанаваньні на розныя тэмы.

Спадар: “Абсалютнай большасьцю дэлегатаў 20-га зьезду КПСС культ асобы Сталіна быў асуджаны назаўжды. На пачатку 21 стагодзьдзя прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, гісторык па адукацыі Лукашэнка аднаўляе каля Менску “Лінію Сталіна”, якой ніколі не існавала”.

Спадар Алесь: “Шаноўныя слухачы! Знайдзіце магчымасьць зайсьці на афіцыйны сайт КХП БНФ pbpf.org і азнаёмцеся зь вельмі цудоўным аналітычным артыкулам Зянона Пазьняка “Захоп, ці аб новым расейскім пляне акупацыі Беларусі”. Азнаёмце зь ім сваіх сяброў, знаёмых!”


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG