Праграмы / Грамадзкі рэдактар

Рыгор Барадулін: “Сусьвет Быкава недаацэнены і неспазнаны”

20.06.2008 05:02

На гэтым тыдні, на які прыпадаюць дні нараджэньня і сьмерці Васіля Быкава (19 і 22 чэрвеня), Рыгор Барадулін як грамадзкі рэдактар даручыў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць тэматычную перадачу “Быкаў і сьвет”. Яна выйдзе ў эфір у пятніцу ўвечары. А сам Рыгор Барадулін штораніцы расказвае, якім запомніўся яму Васіль Быкаў. Сёньня – пра быкаўскую інтэлігентнасьць.

“Быкаўская далікатнасьць – асаблівая: яна інтэлігентная. Інтэлігентнасьць Быкава ня вонкавая, не завучаная. Ён інтэлігентны душой. І яна зноў жа своеасаблівая, бо – выкрышталізаваная пакаленьнямі, крывіцкая.

За жыцьцё Быкаў не павысіў ні на кога голасу. Гэтаксама ён ніколі ня кідаўся ў балаганную роспач. Заўсёды падаваўся спакойным, але ў душы ягонай кіпеў вулькан неспакою.

Яшчэ адна адметнасьць – дужа любіў людзей. Памятаю ягоны выраз – “беларускае людзтва”... Васіль жыў любоўю да Беларусі, усяго беларускага.

І верыў: ня крыкам, а толькі думкай, толькі працай думкі душы мы адновім Беларусь. Вернем яе, мову нашую. 

У ім адначасова была інтэлігентнасьць сельскага настаўніка і выкшталцонага эўрапейца.

Яго натуральная культура – глыбінная. Ён увабраў у сябе ўвесь сусьвет. І – меў свой сусьвет. Які пакуль яшчэ недаацэнены і неспазнаны. Таму яшчэ доўга будуць пісацца дасьледаваньні па Быкаву. І тут няма сакрэту – бо па ім, па Васілю, можна будзе зразумець таямніцу беларускай душы.

А яна асаблівая. Яна не паддаецца ціскам. Гвалту.

Васіль Быкаў быў узорам беларускага інтэлігента. Таго інтэлігента, якога так намагаліся зьнішчыць нашыя суседзі… І зьлева, і справа.

Лёс вучыцца ў крамяных зор
На долы не глядзець звысоку.
Лес вучыцца ў рахманых гор
Трымаць нябёсы й не згінацца.
Ня цёмна сонцаваму воку
У вочы сораму ўглядацца.
Сябе ўракаць нялёгка ўроку.

Толькі Бог Прароку
Дарадца
”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Твая
20.06.2008 19:14

Беларуская каралева выбрала вЁску ВАСІЛЕВА

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ