Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: “Больш за ўсё Быкаў баяўся страціць невядомасьць”


На гэтым тыдні, на які прыпадаюць дні нараджэньня і сьмерці Васіля Быкава (19 і 22 чэрвеня), Рыгор Барадулін як грамадзкі рэдактар даручыў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць тэматычную перадачу “Быкаў і сьвет”. Яна выйдзе ў эфір у пятніцу. А сам Рыгор Барадулін штораніцы расказвае, якім запомніўся яму Васіль Быкаў. Сёньня – пра быкаўскае стаўленьне да славы.

“Слава – гэта самае цяжкое выпрабаваньне. Можна перанесьці голад. Можна перанесьці холад. Можна перанесьці хваробы. А вось каб спакойна перанесьці славу – тое ўжо рэдка каму ўдаецца.

Быкаў жа быў менавіта з тых волатаў духу, з тых крэўных беларусаў, якія да славы ставяцца абсалютна спакойна. Невыпадкова ж часта казаў: самае страшнае – гэта страціць невядомасьць. Бо любіў быць сам-насам з сабой, думаць, працаваць…

А большасьць са скуры вылузваецца дзеля вядомасьці...

Яго ж насуперак жаданьню літаральна разрывалі на часткі. Ён, так бы мовіць, быў расьпяты на крыжы славы. Аднак ён гэта вытрымаў так, быццам нічога падобнага й не было.

Крыж славы – гэта тое ж самае, што й крыж пакут.

Васіль быў хрысьціянінам, вернікам, і нёс крыж за ўсю Беларусь. За беларускі народ. За беларускую дзяржаву. І рабіў гэта шчыра.

Што да славы, то стараўся не зважаць на яе. І гэта было дужа арганічна, бо Васіль глядзеў на славу, як на далёкую суседку.

Калі яму давалі зоркі ды прэміі, Васіль ведаў: так яго хочуць прылашчыць. Ведалі тое й людзі, чытачы. Таму й не мялела народная любоў. Народ чытаў Быкава і бачыў, што ідуць гады, аднак ён нідзе ні на крок не адступіўся ад праўды.

Сярод іншага гэта адбывалася й таму, што слава не задурманіла яму галавы. Яе Быкаў лічыў дымам, што разьвейваецца. Дым той не засьвяціў і не зацямніў яму вачэй. На сьвет ён глядзеў чыстым, прарочым поглядам, за што чытачы плацілі яму шчырай любоўю. Так што слава ў Быкава была не афіцыйная, а – народная.

А ў заключэньне – мае радкі, прысьвечаныя Васілю:

З мора смутку свайго
Дабірайся прылівам.
Будзе шлях твой з выгнаньня
Салодкім ад сьлёз.
Сам сябе пацярпі
Ў гэтым сьвеце цярплівым,
Бо ў сэрцы тваім
Нарадзіўся Хрыстос
”.
XS
SM
MD
LG