Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: “Дасьедчыкаў” у Быкава куды больш, чым дасьледчыкаў”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

На гэтым тыдні, на які прыпадаюць дні нараджэньня і сьмерці Васіля Быкава (19 і 22 чэрвеня), Рыгор Барадулін як грамадзкі рэдактар даручыў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць тэматычную перадачу “Быкаў і сьвет”. Яна выйдзе ў эфір у пятніцу. А сам Рыгор Барадулін штораніцы расказвае, якім запомніўся яму Васіль Быкаў.

Сёньня – пра тое, як Быкаў ставіўся да цкаваньня з боку савецкіх ідэолягаў.

Барадулін: “Відаць не было той хвіліны, каб Быкава не цкавалі, каб не пісалі на яго даносаў. “Дасьедчыкаў” у яго было куды больш, чым дасьледчыкаў.

Пісалі, забівалі ананімнымі званкамі... Я нават ня ведаю, чаго там было больш – званкоў, скажам, ці ананімнай пісаніны… З трыбуны палівалі ўсе, каму даручалі. І ў дакладах – свае ж паплечнікі так званыя.

У свой час была рассакрэчаная нейкая пастанова ЦК з такой дырэктывай: “Распрацаваць работу з Васілём Быкавым”... Васіля ўвесь час імкнуліся накіраваць на “правільны” шлях, але з гэтага нічога ня выйшла.

Быкаў быў такой пароды, што не паддаваўся нічому. Яго загартавалі галеча і голад у маладыя гады, затым вайна.

А самае галоўнае – ён ніколі ня здрадзіў праўдзе. Ніколі не напісаў ніводнага радка, ніводнага слова ці паўслова няпраўды. Яму й званьні, прэміі давалі ў надзеі, што зьменіцца. Аднак тыя спадзевы былі марныя.

Быкаў быў вонкава чалавек закрыты. Ён усё браў у сябе. І ўсё тое цкаваньне, даносы якраз і дарабілі ягоную хваробу. Мог бы выгаварыцца, выкрычацца, але гэтага не рабіў.

Свой боль і гнеў выдыхаў праз сваіх жа адмоўных герояў. Можна сказаць, гэта была ягоная аддушына. Не з трыбун, а праз творчасьць адстойваў сваё.

І чым больш яго душылі, чым больш яго цкавалі, тым больш загартоўваўся ягоны характар. Да таго ж насуперак ідэолягам чытачы зь яшчэ большай цікавасьцю і павагай ставіліся да слова Быкава. Тым больш да яго цягнуліся... Хай падсподна, з боязьзю, але спачувалі яму – каго тагачасныя моцныя так бязьлітасна білі.

Ну і ў заключэньне – мае радкі зь вершаліста да Васіля:

Юрма, як пыл, узносіцца сама.
Юрме дарма –
Прарок а ці Мэсія.
Няма прарокаў – клопатаў няма.
Юрма прыйсьці
Мэсію не прасіла.

Спакой нябесны –
Вечны пілігрым.
Пасланаму часовы сьвет наведаць,
Лягчэй Мэсію несьці крыж,
Нячым
Людзкую шчырую няшчырасьць
Ведаць
”.
XS
SM
MD
LG