Блогі / Юры Дракахруст

Клясавыя баі бізнэс-пралетарыяту

10.01.2008 18:30

Падчас сёньняшняй акцыі прадпрымальнікаў не было ніякіх палітычных лёзунгаў, дробныя бізнэсоўцы патрабавалі ўсяго толькі скасаваньня ўказу №760.


Але рэпрэсіі, якія абрынуліся на іх, цалкам супастаўныя з тымі, якія ўлада ўжывае адносна палітычнай апазыцыі: і запалохваньне, і публічная дыскрэдытацыя, і прэвэнтыўныя затрыманьні паводле надуманых падставаў, і крымінальны перасьлед удзельнікаў масавых акцый. Хаця здавалася б – чыстая эканоміка, так бы мовіць, “сацыялка”, нічога болей, самая што ні на ёсьць справа сацыяльнай дзяржавы. Нават міністэрства эканомікі налічыла 46 тысяч прадпрымальнікаў, якія дагэтуль не перарэгістраваліся ў ПУПы. Гэта значна больш, чым 1767 “дэструктыўных элемэнтаў”, дакладна падлічаных шэфам КДБ Ю. Жадобіным. А сродкі – як супраць “дэструктыўных”.

Чыноўнікі тлумачаць неабходнасьць 760-га ўказу патрэбамі эканомікі, часам гучаць нават спасылкі на замежныя краіны зь пераходнай эканомікай, дзе колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў беларускага тыпу істотна зьменшылася, калі яны ня зьніклі наагул. І гэта насамрэч так, бо краіны зь пераходнай эканомікай як раз гэты пераход і ажыцьцявілі. У гадавых справаздачах Усясьветнага банку ўражваюць долі ў ВУП краінаў рэгіёну, якія вырабляе прыватны сэктар: Польшча – за 80%, Расея – 70%, Беларусь – 25% (!). З усіх постсавецкіх краінаў такая самая доля ўкладу прыватнага сэктару ў ВУП – толькі ва Ўзбэкістане.

Беларусь нікуды не пераходзіць, вось у чым праблема.

Напрыканцы году ў кампаніі цкаваньня прадпрымальнікаў узяў удзел асабіста кіраўнік дзяржавы, натхняючы сваім прыкладам шараговых прапагандыстаў. Прадпрымальнікі былі абвінавачаныя ў падрыве нацыянальнай (дзяржаўнай, зразумела) прамысловасьці: вязуць таннае, зьбіваюць цэны, у выніку церпяць прадпрыемствы і іх работнікі. Тое, што як пакупнікі работнікі гэтых прадпрыемстваў як раз выйграюць, купляючы танны тавар, - пра гэта чамусьці ня ўзгадвалася.

Ужо, здаецца, колькі гадоў прайшло з абяцаньня страсаць прадпрымальнікаў “як ушывых блох”, а ў сэнсе эканамічнай філязофіі, як бачым, нічога не зьмянілася.
Хаця можа ўлада і мае рацыю ў тым сэнсе, што знакамітая “кітайская мадэль” двухсэктарнай эканомікі, на якую так любяць спасылацца, ў нашых краёх неяк не атрымліваецца: ці нармальная рынкавая эканоміка, у якой колькасьць дробных прыватнікаў сапраўды зьмяншаецца, ці эканоміка адзяржаўленая, дзе прадпрымальнікі – як пятае кола ў возе. І калі апазыцыя для ўлады – вораг палітычны, то прадпрымальнікі – клясавы.

Магчыма, такую жорсткасьць у “дыялёгу” з прадпрымальнікамі ўлада дэманструе таму, што ведае, іх хаця і шмат, але яны – ў пэўным сацыяльным гета, наўрад ці іх пратэст знойдзе шырокую падтрымку іншых слаёў насельніцтва, для іх бізнэсоўцы – тыя, хто ў “масьле качаецца” і “грошы рыдлёўкай грабе”. Хаця хто ведае, пратэст з выхадам на цэнтральныя плошчы сталіцы – гэта ўзор, гатовая форма. Паводле дадзеных апытаньняў, леташняе скасаваньне льгот і скачок цэн даволі істотна падвысілі ўзровень незадавальненьня ў грамадзтве. Пакуль гэтае незадавальненьне ніяк не праяўляецца, акрамя бурчэньня, але сытуацыя робіцца няўстойлівай і нават маленькі штуршок можа спарадзіць лявіну. Нешта, у тым ліку і страйк прадпрымальнікаў, можа стаць каталізатарам пратэсту тых, хто можа і ніяк не падтрымлівае барацьбу бізнэсоўцаў. Магчыма, перасьцярогай ад такога сцэнару і тлумачыцца тая жорсткасьць, зь якой улады абышліся з чыста эканамічным пратэстам прыватных прадпрымальнікаў.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Fedar
11.01.2008 00:25

+1


Імя:: алексей
11.01.2008 15:42

Очень жаль что и на этот раз чиновники - Петкевич. Пролесковский. миротворец Чергинец . не начали диалог с предпринимателями. А ведь 21 января на площадь уже выйдут афганцы. чернобыльцы. пенсионеры. доноры и студенты. Вы же господа из Администрации наносете большой вред иммиджу страны или у Вас обратного пути нет. Уважаемый Президент начните диалог. Как в оппозиции так и в Администрации есть люди с которыми можно начать вести диалог.


Імя:: Алег
12.01.2008 21:10

Брава!


Імя:: Ірына
12.01.2008 21:13

Пытаньне аўтару - вы не пачулі, агучаныя Радыё, палітычных лёзунгаў? На Вашую думку - не было?


Імя:: drakakhrust
13.01.2008 15:20

to Ірына Вы маеце рацыю. У рэшце рэшт патрабаваньне скасаваць 760 указ і прыняць закон аб малым і сярэднім бізнэсе - гэта ўласна і ёсьць палітыка, парлямэнты ў сьвеце першапачаткова ствараліся менавіта для вызначэньня падаткаў. Але ў нас неяк прынята лічыць палітыкай аспрэчваньне права дзейнай улады на ўладу ("Далоў..."), яе палітыкі датычна правоў чалавека ("Вызваліце палітвязьняў") ці яе знешнепалітычнага курсу ("Беларусь - у Эўропу"). Нічога такога на прадпрымальніцкай акцыі не было (хіба што патрабаваньне вызваліць актывістаў прадпрымальніцкага руху), ці не было патрабаваньнем усіх (можа, тут Вы са мной не пагодзіцеся). Але з тым, што паводле лёзунгаў і патрабаваньняў акцыя 10 сьнежня істотна адрозьнівалася от традыцыйных акцый апазыцыі, магчыма, пагодзіцеся і Вы.


Імя:: юрась.
13.01.2008 15:25

такія малаколькасныя акцыі вялікага эфекту мець ня будуць. Іншая справа, калі б рэальна сабралася тысяч дваццаць у адным месцы, у цэнтры сталіцы. Перакананы, у гэтым выпадку ўлада мусіла б пайсьці на дыялёг.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks