Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску а 12-й гадзіне індывідуальныя прадпрымальнікі пачалі пратэст на Кастрычніцкай плошчы. Яны патрабуюць адмены пункту 1.1 прэзыдэнцкага ўказу №760, які ад 1 студзеня дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Таксама прадпрымальнікі патрабуюць выкананьня 12 прапаноў Эўразьвязу для Беларусі і спыненьня перасьледу прадпрымальніцкіх лідэраў.


18.30 У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску знаходзяцца каля двух дзясяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Асноўная колькасьць затрыманых - студэнты. Сярод іх ёсьць выпускнікі гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, а таксама ўдзельнікі леташніх вясновых акцый апазыцыі.

Сярод затрыманых Павал Вінаградаў, Аляксандр Баразенка, Артур Кацуха.

У міліцыі Маскоўскага раёну Менску знаходзіцца лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка.

У рэгіёнах прэвэнтыўна затрыманыя актывісты прадпрымальніцкага руху.

17.50
Адзін з затрыманых пасьля акцыі Аляксандар Баразенка патэлефанаваў Радыё Свабода зь міліцэйскай машыны, у якой яго і яшчэ чатырох чалавек везьлі ў аддзяленьне міліцыі.



17.37
Як паведамілі "Свабодзе" ўдзельнікі акцыі прадпрымальнікаў, падчас яе было затрымана каля 20 маладых людзей.

17.20
Прапрымальнікі падыходзяць на Кастрычніцкай плошчы. Іх больш за сотню чалавек. Да Цэнтральнага ўнівэрсаму пад'ехаў аўтазак.

17.16
У раёне ГУМа людзі ў цывільным схапілі маладога ўдзельніка акцыі і пацягнулі ў двор. На асфальце застаўся ляжыць ягоны пакет, у ім сьцяг Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Прозьвішча хлопца невядомае.

17.15 Як перадае Алесь Дашчынскі, кіраўнік спэцназу міліцыі палкоўнік Юры Падабед заявіў журналістаў, што затрыманых падчас акцыі не было. У той жа час прадпрымальнікі паведамляюць, што былі затрыманыя Алесь Чарнышоў і Ян Міхайлаў. Затрыманы раней Анатоль Лябедзька знаходзіцца цяпер у адзьдзяленьні міліцыі Маскоўскага раёну.

16.56 Прадпрымальнікі пачалі разыходзіцца. Частка зь іх накіравалася ў бок Кастрычніцкай плошчы.

16.45 Як паведаміў прадпрымальнік Алесь Таўстыка, падчас акцыі быў затрыманы лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Раней а 13 гадзіне Анатоль Лябедзька паведаміў журналістам, што ён мяркуе, што яго зьбіраюцца затрымаць на акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Ён прадэманстраваў журналістам наступнае. Палітык адышоў у бок падземнага пераходу, і за ім адразу ж пайшлі людзі ў цывільным. На пытаньне журналістаў, чаму яны ідуць за Лябедзькам, яны пачалі сьмяяцца.

16.36 Пачаўся разгон дэманстрантаў. Спэцназаўцы выціскаюць людзей з плошчы Незалежнасьці, байцы спэцназу стаяць уздоўж праспэкту, рух транспарту адноўлены.

16.35 Да дэмантрантаў зьвярнуўся намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкама Аляксандр Найдзенка. Ён сказаў, што ў сувязі з несанкцыянаванай акцыяй заведзеная крымінальная справа і дэманстрантам даюць тры хвіліны, каб разыйсьціся.

16.33
Ля Пэдагагічнага ўнівэрсытэту стаяць тры аўтазакі і мікрааўтобус. Увесь час падыходзяць супрацоўнікі міліцыі. Іх вельмі шмат. Адзін з дэманстрантаў залез на аўтобус і махаў бел-чырвона-белым сьцягам.

16.30 Прадпрымальнікі заплянавалі наступную акцыю пратэсту на 19 гадзіну 21 студзеня.

16.25 Прадпрымальнікі прынялі рашэньне стаяць на плошчы да 17 гадзінаў. Яны абмяркоўваюць новыя акцыі пратэсту.

16.20
Прадпрымальнікі вырашаюць, што рабіць далей – ці заставацца на плошчы Незалежнасьці ці разыходзіцца. Канчатковае рашэньне пакуль не прынятае. Тым часам некаторыя машыны спрабуюць праехаць праз кардон дэманстрантаў па праспэкце Незалежнасьці, аднак прадпрымальнікі не даюць ім праехаць.

15.45.
Алесь Дашчынскі расказвае, як спэцназаўцы выціскалі дэманстрантаў з праспэкту Незалежнасьці.




16.00
У раёне плошчы Незалежнасьці ўтварыліся вялікія аўтамабільныя заторы ў сувязі з тым, што прадпрымальнікі перакрылі рух транспарту ў раёне плошчы

15.45
Прадпрымальнікі па-ранейшаму стаяць на плошчы Незалежнасьці. Перакрыты рух транспарту. Як паведаміў Радыё Свабода лідэр аб'яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрпэктыва" Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі зьбіраюцца заставацца на плошчы і надалей. Перадае Алесь Дашчынскі.



15.30
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху на Гомельшчыне Алег Шабетнік асуджаны сёньня ў Рэчыцы на 5 сутак арышту і аштрафаваны на 700 тысяч рублёў.

18.30 У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску знаходзяцца каля двух дзесяткаў чалавек. У асноўным студэнты. Радыё Свабода стала вядома, што сярод затрыманых ёсьць зьбітыя. Каля Цэнтральнага РУУС знаходзіцца машына “хуткай дапамогі”.
Сярод затрыманых ёсьць студэнты-каліноўцы, якія знаходзіліся ў Менску і далучыліся да акцыі прадпрымальнікаў. Адзін зь іх Аляксандр Баразенка.
Цяпер мабільныя тэлефоны затрыманых адключаныя.
Хутчэй за ўсё іх абвінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Але ёсьць небясьпека, што каго-небудзь зь іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, бо ў гарадзкім упраўленьні міліцыі паведаміла, што распачата крымінальная справа па факце масавых беспарадкаў.
Такім чынам улады адрэагавалі на перакрыцьцё дарожнага руху ў цэнтры саліцы.




17.57

У сям’і Алега Шабетніка паведамілі, што ён быў затрыманы ўчора блізу 22 гадзінаў участковым міліцыянтам і абвінавачаны ім ў брыдкаслоўі і супраціву міліцыянту. “Свабода” паведамляла, што Алег Шабетнік не ўтойваў свае намеры ўдзельнічаць 10 студзеня ў страйку прадпрымальнікаў у Менску.

15.38 Прадпрымальнікі перакрылі рух транспарту ля плошчы Незалежнасьці. Яны прапусьцілі толькі машыну “Хуткай дапамогі”. Перадае Алесь Дашчынскі.




15.25 Загадчыца галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта спадарыня Мядзьведзева, якая размаўляла з групай прадпрымальнікаў, паведаміла, што іх патрабаваньні будуць перададзеныя кіраўніку адміністрацыі Генадзю Нявыгласу, які праінфармуе пра гэта прэзыдэнта. Таксама яна заявіла, што адмяняць указ № 760 ніхто не зьбіраецца.

15.15. Прадпрымальнікі па-ранейшаму на плошчы Незалежнасьці. Яны вырашаюць, што рабіць далей. Яны дамаўляюцца пра сустрэчу са старшынём камісіі па прадпрымальніцтву Палаты прадстаўнікоў Анатолем Паўловічам.


15.20
Прадпрымальнікі выйшлі на праспэкт Незалежнасьці і цалкам перакрылі яго.


14.45 Прадпрымальнікі занялі цалкам плошчу Незалежнасьці. Зьявіліся супрацоўнікі спэцназу.

З плошчы Незалежнасьці перадае Любоў Лунёва.



15.00 У Барысаве сёньня больш як 200 прадпрымальнікаў з рынкаў гораду вышлі на акцыю пратэсту на цэнтральнай плошчы гораду. Удзельнікі несанкцыянаванага мітынгу прынялі рэзалюцыю. Арыгінал яе накіраваны ў адміністрацыю прэзыдэнта.

Са словаў барысаўскага актывіста Алега Лыско, прадпрымальнікі патрабуюць:

Аб’явіць мараторый на выкананьне ўказу №760;

  1. Паскорыць прыняцьце закону аб сярэднім і малым бізнэсе ў Беларусі;
  2. Спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкага руху.



14.50 Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў сёньня ад раніцы заблякаваны ў адным з дамоў Барысава.

"У мяне адключаныя мабільныя тэлефоны. Ля парога кватэры – міліцыянты, у двары таксама пільнуюць міліцыянты і супрацоўнікі КДБ," – паведаміў спадар Гарбачоў.

14.31 Прадпрымальнікі рушаць праспэктам у бок плошчы Незалежнасьці. У калёне наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі



14.30
У Магілевё на плошчы Леніна супраць будынку аблвыканкаму застаецца крыху больш за сто ўдзельнікаў стыхійнага мітынгу. Карэспандэнт “Свабоды” паведамляе, што людзі пайшлі разыходзяцца пасьля таго, як дэлегацыя прадпрымальнікаў вярнулася з сустрэчы з чыноўнікамі Магілёўскага аблвыканкаму.

Лідэр сёньняшняй акцыі пратэсту Валадар Цурпанаў заявіў “Свабодзе”, што цяжка спадзявацца на канкрэтныя рашэньні аблвыканкама, хаця, па яго словах, чыноўнікі “абяцаюць накіраваць свае прапановы па ўдасканальваньні працы індывідуальных прадпрымальнікаў у адміністрацыю прэзыдэнта”.

“Нам тэрмінова неабходна ствараць арганізацыі страйку на кожным рынку горада, – кажа спадар Цурпанаў, – разьвіваць і замацоўваць рашучасьць людзей у адкрытую змагацца за свае правы.


Удзельнікі мітынгу вырашылі ісьці па праезднай частцы да будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Але міліцыя не прапусьціла калёну, ужыўшы грубую фізычную сілу. Людзям прапанавалі цягам 10 хвілінаў разысьціся. Тады калёна разьвярнулася і пачала рушыць у бок плошчы Незалежнасьці па праезднай частцы праспэкту.



14.20

14.19 Прадпрымальнікі перакрылі праспэкт Незалежнасьці. Пераде Любоў Лунёва

14.08 Прадпрымальнікі перакрылі праспэкт Незалежнасьці і скандуюць "Разам!" і "Жыве Беларусь!" Супраць дэманстрантаў ужытыя дубінкі, і выкліканы спэцназ

14.00 Удзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў накіраваліся праз праспэкт Незалежнасьці да будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Яны рушаць не праз падземны пераход, а па версе. Міліцыя папярэджвае ў мэгафоны пра парушэньне парадку.

13.55 Прадпрымальнікі прагаласавалі за тое, каб ісьці да адміністрацыі прэзыдэнта. Людзі пачалі рухаць у бок гэтага будынку.

13.50. На Кастрычніцкай плошчы адбываецца мітынг прадпрымальнікаў. Яны чакаюць, чым скончацца перамовы ў адміністрацыі прэзыдэнта. Выступае прадпрымальнік Алесь Таўстыка. На плошчы знаходзіцца Любоў Лунёва.



13.40 Чацьвярых прадпрымальнікаў – спадароў Шумчанку, Рамашына, Акопава і Шапавалава – прапусьцілі ў будынак адміністрацыі прэзыдэнта на сустрэчу з начальнікам эканамічнага ўпраўленьня Нінай Мядзьведзевай. Журналістаў ў адміністрацыю не пусьцілі.

13.40. На Кастрычніцкай плошчы адбываецца мітынг прадпрымальнікаў. Яны чакаюць, чым скончацца перамовы ў адміністрацыі прэзыдэнта. Перадае Алесь Дашчынскі.



13.05 Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Снапкоў загадаў журналістам пакінуць залю, дзе адбываецца яго сустрэча з прадстаўнікамі ад удзельнікаў мітынгу на плошчы імя Леніна.

Пра гэта паведаміў карэспандэнт “Свабоды”. Ён таксама адзначае, што міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў застаюцца на сваіх месцах. Удзельнікі мітынгу, якіх на гэты час амаль 500 чалавек, намераны чакаць вынікаў перамоваў сваіх прадстаўнікоў з чыноўнікамі аблвыканкаму.

13.04
На Кастрычніцкай плошчы зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі руху “За Свабоду”. Перад удзельнікамі мітынгу выступілі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, прадпрымальнікі, людзі, якія назваліся наёмнымі работнікамі. Супрацоўнікі міліцыі ў мэгафоны папярэджваюць людзей аб забароне выходзіць на праезную частку і ладзіць шэсьце. На самой плошчы ў гэты час БРСМ праводзіць моладзевыя конкурсы

13.00 Наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі ад будынку Адміністрацыі прэзыдэнта:



Карэспандэнт: “Я знаходжуся ля Адмінстрацыі прэзыдэнта разам з групай прадпрымальнікаў, якія прыйшлі сюды на перамовы з прадстаўнікамі адміністрацыі. Яны патрабуюць, каб нехта з адміністрацыі прыйшоў і адказаў на іх пытаньні. Служба бясьпекі не дапусьціла дэлегацыю да будынку. Да іх выклікалі прадстаўніка службы прыёму грамадзянаў. Адбыліся перамовы, пра і х раскажа лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка.



Шумчанка: “мы сустрэліся з начальнікам аддзелу прыёму лістоў адміністрацыі прэзыдэнта і сказалі яму, што людзі на Кастрычніцкай плошчы патрабуюць. Каб да іх выйшаў альбо Лукашэнка, альбо іншы высокі чыноўнік, які пачаў бы перамовы і патлумачыў, як ім далей жыць і працаваць у гэтай краіне. Ён пайшоў далей у адміністрацыю, каб перадаць нашы патрабаваньні. Мы чакаем адказу. Прадпрымальнікі чакаюць чыноўніка, які выйдзе да іх на плошчу – Кабякова, Пяткевіч, Тура, Лукашэнку -- няважна каго. Няхай выйдуць і правядуць перамовы”.

Колькі паводле Вашай ацэнкі людзей на плошчы і ля адміністрацыі?
Шумчанка: “Тысячы тры дакладна ёсьць”.

12.40 Група прадпрымальнікаў у складзе 10 чалавек накіравалася ў будынак Магілёўскага аблвыканкаму. Выбар сваіх прадстаўнікоў зрабілі ўдзельнікі мітынгу. Больш як 500 чалавек застаюцца на плошчы перад будынкам аблвыканкаму. Яны аднагалосна прагаласавалі за вылучаныя патрабаваньні:


  1. Накласьці маратор на ўказ прэзыдэнта № 760, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам наймаць іншых працаўнікоў, акрамя як зь ліку сваіх блізкіх сваякоў.
  2. Паскорыць прыняцьце парлямэнтам закону аб малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі.


12.40 З Кастрычніцкай плошчы перадае Любоў Лунёва



12.35
Група прадпрымальнікаў на чале з лідэрам грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Анатолем Шумчанкам вырашыла ісьці да адміністрацыі прэзыдэнта і запрасіць прадстаўнікоў адміністрацыі на Кастрычніцкую плошчы для размовы з прадпрымальнікамі. У выпадку, калі ніхто ня выйдзе, усе, хто сабраўся на Кастрычніцкай плошчы, і маюць намер пайсьці да будынку адміністрацыі.

12.20 На Кастрычніцкай плошчы зьявіўся лідэр незарэгістраванага "Руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч. Прадпрымальнікі скандуюць: "Работу!"

12.03 У
Магілёве група прадпрымальнікаў, якіх запрасіў на сустрэчу старшыня ўправы прадпрымальніцтва Камітэту эканомікі Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Красоўскі, вярнулася на плошчу. Ініцыятар акцыі беспрацоўны Валадар Цурпанаў паінфармаваў, што чыноўнікі аблвыканкаму просяць вылучыць сем прадстаўнікоў ад мітынгоўцаў.
  1. Накласьці маратор на ўказ прэзыдэнта № 760, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам наймаць іншых працаўнікоў, акрамя як зь ліку сваіх блізкіх сваякоў;
  2. Паскорыць прыняцьце парлямэнтам закону аб малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі.

“Нашы вылучэнцы мусяць падрыхтавацца і прадставіць пісьмовы дакумэнт, " – удакладніў Валадар Цурпанаў.

12.00 У Магілёве на плошчы знаходзіцца ўжо больш як 500 прадпрымальнікаў. Гучыць патрабаваньне: “Жадаем пачуць прадстаўніка ўлады. Няхай ён выйдзе на плошчу і патлумачыць, як нам карміць свае сем’і”. Міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў ня робяць больш спробаў уварвацца праз кола абароны да арганізатараў акцыі.


11.50 Стала вядома, што ў мікрараёне Сухарава на прыпынку грамадзкага транспарту быў затрыманы адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў. Яго затрымалі разам з маленькім сынам, калі актывіст зьбіраўся ехаць на мітынг на Кастрычніцкую плошчу.

11.30 У
Магілёве групе прадпрымальнікаў дазволілі сустрэцца з начальнікам ўправы прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Магілёўскага аблвыканкаму Віктарам Красоўскім.

Мітынгоўцы застаюцца на плошчы. Тут ужо больш як 300 чалавек. Павялічваецца таксама колькасьць міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным.

У Магілёўскім аблвыканкаме паведамілі, што на гэты момант старшыня Барыс Батура нібыта “знаходзіцца па-за межамі вобласьці".

11.00
У Магілёве на плошчы Леніна перад будынкам аблвыканкаму сабраліся больш як 250 чалавек. Падпалкоўнік міліцыі, які не пажадаў назваць сваё імя, праз мэгафон папярэджвае людзей аб незаконным знаходжаньні на плошчы, пагражае затрыманьнямі і штрафамі. За прадпрымальнікамі назіраюць людзі ў цывільным і група міліцыянтаў. Пакуль тут няма лідэраў рэгіянальных суполак аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” і кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

Стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў на плошчы Леніна ў Магілёве адбываліся 4 і 5 студзеня. Людзі патрабуюць адмены пункту 1.1 прэзыдэнцкага ўказу №760, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмных працаўнікоў, акрамя як блізкіх сваякоў.

10.20
У раёне Самахвалавічаў супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі спынілі мікрааўтобус, на якім ехалі ў Менск прадпрымальнікі Віктар Крываль і Аляксандар Цацура з сям’ёй.

Супрацоўнікі ДАІ спачатку прапусьцілі машыну, а потым пачалі яе даганяць. Яны сказалі, нібыта кіроўца ехаў па левым баку, а трэба па правым. Міліцыянты настойвалі, каб прадпрымальнікі паехалі у аддзел, аднак яны адмовіліся.

Пасьля падпалкоўнік Карповіч і яшчэ каля сямі міліцыянтаў пасадзілі спадароў Крываля і Цацуру, а таксама яго жонку і сына ў міліцэйскую машыну і павезьлі ў міліцыю. Яны кажуць, што нібыта кіроўца белага мікрааўтобуса зьбіў чалавека на трасе Слуцак-Менск. Машына, на якой ехалі прадпрымальнікі, засталася на трасе.






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG