Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лідком”: з 60 супрацоўнікаў працуюць толькі восем



Сумеснае прадпрыемства “Лідком”, што ў Смаргоні, выпускала поршневыя кольцы для рухавікоў, якія вырабляюць на расейскіх заводах у Ярцаве й Кастраме.

Прадпрыемства “Лідком” было створана сумесна з Смаргонскім ліцейна-мэханічным заводам і расейскім прадпрыемствам “Кастрама матор-дэталь”.

Прадпрыемства існавала пяць гадоў і ўпершыню цалкам спыніла вытворчасьць. Вось што сказаў нашаму радыё намесьнік дырэктара Мар’ян Калбасьнік.

Калбасьнік: “Гэта зьвязана з тым, што ў нас цяпер няма рэалізацыі ў Расею. Мы адпраўлялі кольцы на Ярцава й Кастраму, але там прадпрыемствы стаяць, і мы сталі. Людзей адправілі на дзьве трэціх заробку, няма заказаў. Вось з гэтым зьвязана прыпыненьне прадпрыемства”.

Рабочыя цяпер толькі прыходзяць штодня на прадпрыемства й адзначаюцца.

Калбасьнік: “Працуюць толькі некалькі рамонтнікаў, бухгальтэрыя рыхтуе гадавую справаздачу. Практычна працуюць толькі восем чалавек з шасьцідзесяці“.

Пра далейшы лёс прадпрыемства ніхто нічога ня ведае. Спадар Калбасьнік кажа, што спрабуюць уладкоўваць рабочых на іншыя месцы працы.

Праўда, знайсьці працу ў Смаргоні зусім ня проста. Рабочы заводу СП ”Лідком”, спадар Віктар, кажа, што ўжо прыходзяць з Цэнтру занятасьці супрацоўнікі й прапануюць новае працаўладкаваньне.

Спадар Віктар: “Жанчынам прапаноўвалі перавучыцца ў швачак, а астатнім — каму недзе вартаўніком, але там заробак усяго 200 тысяч. А мы тут атрымлівалі да 600—700 тысяч. На 200 тысяч цяпер пражыць немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG