Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавая “вольніца” давядзе дырэктараў да турмы?


Трактары “Беларусь” <br/>на&nbsp;Менскім трактарным заводзе

Трактары “Беларусь” <br/>на&nbsp;Менскім трактарным заводзе

У&nbsp;адпаведнасьці з&nbsp;пастановай Савету міністраў, прадпрыемствам, якія падпарадкоўваюцца дзяржаўным органам, дазволена пастаўляць на&nbsp;экспарт прадукцыю ніжэй за&nbsp;сабекошт.


Пастанова ўжо набыла сілу і будзе дзейнічаць увесь наступны год — да 1 студзеня 2010 году. Удакладняецца, што рашэньне прынятае дзеля паскарэньня абароту сродкаў у схеме “вытворца-спажывец”. Ці апраўданы такі мэханізм, калі прадукцыя рэалізуецца нават на шкоду прыбыткам?

Два апошнія месяцы бальшыня беларускіх прадпрыемстваў працуе пераважна на склад. Сусьветны фінансавы крызіс спрычыніўся да страты асноўных рынкаў збыту, перадусім расейскага і ўкраінскага. Пакупнікі беларускай прадукцыі пазбавіліся магчымасьці атрымліваць крэдыты і браць тавары ў лізінг, ускладніліся безнаяўныя разьлікі. Згодна з урадавай пастановай, цяпер кіраўнік прадпрыемства можа аднаасобна прымаць рашэньне аб зьніжэньні экспартных коштаў, але пры ўмове захаваньня станоўчай рэнтабэльнасьці.

Васіль Шлындзікаў
Былы генэральны дырэктар заводу спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор” Васіль Шлындзікаў лічыць, што ў пэўнай ступені такое рашэньне апраўданае — прадаць за мінімум, але атрымаць хоць нейкія абаротныя сродкі. Зь іншага боку, такая самастойнасьць можа дорага каштаваць дырэктарскаму корпусу:

“Апраўдана — каб хоць штосьці атрымаць, чым нічога. Але тут вельмі шмат магчымасьцяў для злоўжываньняў з наступнымі абвінавачаньнямі. Таму карыстацца гэтым трэба вельмі асьцярожна. Я рэкамэндаваў бы дырэктарам засьцерагацца ад такой практыкі. Альбо так усё абстаўляць, каб потым ні да чога нельга было прычапіцца. Аднак ня думаю, што гэта панацэя і трэба масава гэтым карыстацца. Канечне, хоць якая аддушына для кіраўнікоў — самастойна прыняць рашэньне, але гэта небясьпечная рэч. Улічваючы нашу практыку, дзе турмы забітыя гаспадарчымі кіраўнікамі, думаю, што пасьля гэтага экспэрымэнту шмат хто папоўніць гэтыя турмы”.

На стратэгічных заводах адмаўляюцца гаварыць на тэмы, так ці інакш зьвязаныя з крызісам. Але адзін з кіраўнікоў сярэдняга зьвяна Менскага трактарнага заводу на ўмовах ананімнасьці сказаў, што асаблівых альтэрнатываў у рэалізацыі прадукцыі няма. Таму трэба хапацца за любую магчымасьць прывабіць пакупніка — нават сьвядома заніжанымі цэнамі:

“Я асабіста ня ведаю, як яшчэ інакш „разруліць“ гэтую сытуацыю. Абаротныя сродкі замарожваюцца, а крэдыт узяць немагчыма. Банкі крэдыты даюць выключна на заробкі, і то толькі пасьля пагашэньня папярэдняга крэдыту. Таму рост, вядома, можна забясьпечыць — як зноў жа плянуюць нейкія працэнты. Але гэта ўсё будзе работа на склад. І ўрэшце нават на склад ня змогуць напрацоўваць, калі няма абаротных сродкаў. Ну напрацаваў, заробак выплаціў, за энэрганосьбіты заплаціў. Але ж гэта не бясконцыя рэсурсы! А потым што далей? Сядзі з гэтай гатовай прадукцыяй, чакай невядома чаго”.

Напярэдадні такую ж думку падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім агучыў Аляксандар Лукашэнка. У даручэньні ўраду ён загадаў задзейнічаць усе рычагі, каб рэалізаваць гатовую прадукцыю і ня страціць рынкі збыту: “Абсалютна недапушчальна працаваць на склад, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Калі мы пазбавімся абаротных сродкаў, то прадпрыемствы апынуцца бяз грошай, а нерэалізаваная прадукцыя будзе ляжаць на складах”.

Але чаго чакаць у выпадку, калі замежныя спажыўцы будуць адмаўляцца нават ад таннай беларускай прадукцыі?
Сытуацыя хваляваньняў працоўных пачатку 1990-х можа вярнуцца — нават пры адсутнасьці паўнавартаснага прафсаюзнага руху.
Аналітыкі прагназуюць паглыбленьне эканамічнага крызісу. А значыць, не выпадае чакаць, што банкі хуткім часам пачнуць выдаваць крэдыты ў ранейшых аб’ёмах. У такім разе, як мяркуюць экспэрты, няма як пазьбегнуць скарачэньня вытворчасьці і звальненьня працаўнікоў. Адзін з прафсаюзных лідэраў Беларусі Генадзь Быкаў не выключае, што сытуацыя хваляваньняў працоўных пачатку 1990-х можа вярнуцца — нават пры адсутнасьці паўнавартаснага прафсаюзнага руху:

“Справа такая, што Фэдэрацыі прафсаюзаў ніякай няма, усё гэта пустэча. А незалежныя і свабодныя прафсаюзы могуць уплыў нейкі рабіць на асобных прадпрыемствах. Але як толькі пачнуцца праблемы, з таго ж асяродку працоўных зьявяцца новыя рабочыя лідэры, якіх мы зараз і ня ведаем і якія павядуць за сабой людзей. Так было і ў 1991 годзе — ніхто сюды нікога не засылаў; людзі глядзелі, як паводзіць сябе чалавек на прадпрыемстве цягам многіх, 5—10 гадоў. І чалавек, які мае лідэрскія здольнасьці, урэшце станавіўся лідэрам, вакол яго аб’ядноўваліся”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG