Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад крызісу выратуюць вайсковыя заказы


Адно з самых пасьпяховых і стабільных прадпрыемстваў Магілёва, акцыянэрнае таварыства “Магатэкс” сутыкнулася з праблемамі рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным, так і на зьнешнім рынку.


Кіраўніцтва вінаваціць у гэтым сусьветны фінансавы крызіс. На прадпрыемстве спадзяюцца ўвесну атрымаць заказы на выраб тканіны для сілавых структураў — гэта дапаможа яму выстаяць.

У гандлёвым доме “Магатэкса” паведамілі, што попыт на прадукцыю зьменшыўся яшчэ на пачатку гэтага году. У лістападзе гэта адчулася істотна, асабліва за мяжой:

“Лістапад у нас паказаў спад 30—40%. У нас хаця заплянаваныя да канца году кірмашы ў Расеі, але мы яшчэ думаем, каб стратаў не прывезьці ад кожнага кірмашовага продажу. У нас сумневы ёсьць, хаця ўсё адно паедзем, бо прадпрыемству грошы трэба зарабляць. Думаю, што студзень у нас будзе цяжкім і сярэдзіна лютага”, — паведаміла прадавачка гандлёвага дому.

На ўнутраным рынку попыт на прадукцыю “Магатэксу” таксама паменеў — прыкладна на 7%:

“Усё ж, напэўна, аздабленьне вакна з улікам таго, што заробкі ў людзей не растуць, — гэта ня самае галоўнае сёньня ў спажывецкім кошыку, адпаведна і попыт зьменшыўся. Мы гэта адчуваем дужа моцна. Людзі выбіраюць між прадуктамі харчаваньня й нашай прадукцыяй”, — тлумачыць гандлярка.

Тое, што праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ёсьць, прызнае й кіраўніцтва прадпрыемства. Спыняць вытворчасьць яно не зьбіраецца:

“Мы будзем працаваць. У сьнежні плянуецца стопрацэнтная загрузка. Не такія ў нас і вялікія складзкія запасы. Мы не зьбіраемся спыняцца. Ёсьць праблемы, аднак яны агульныя”, — паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара “Магатэксу” Міхаіл Сьвірэпа.

Замежныя пакупнікі прадукцыі “Магатэксу” тлумачаць зьмяншэньне попыту на яе адсутнасьцю грошай. Ківаюць на банкі, якія не даюць болей крэдытаў. Паводле прагнозаў, такая сытуацыя захаваецца да другога кварталу 2009 году.

Прадпрыемства, сярод іншага, вырабляе тканіну, зь якой шыюць форму вайскоўцам і міліцыі, а таксама вырабляюць спэцыяльны рыштунак. Замежныя кантракты на яе выраб, упэўненыя на “Магатэксе”, у крытычнай сытуацыі выратуюць прадпрыемства:

“Мы зьезьдзілі ў Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, Міністэрства абароны Ўкраіны, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Украіны. Там ёсьць цікавасьць да нашых узораў. Зразумела, невялікі часавы фактар у тым, што крызіс — ён будзе, аднак калі тэндэры будуць заключаць, а гэта вясной будзе, я думаю, што ўсё пацьвердзіцца. У любым выпадку войска, міліцыю і ўсіх астатніх трэба будзе апранаць. Бюджэтныя сродкі ж на гэта будуць выдзяляцца”, — лічыць супрацоўніца аднаго з аддзелаў прадпрыемства.

Прадукцыя “Магатэксу” прадаецца на рынках Расеі, Украіны, Казахстану, Малдовы, Індыі, Манголіі, а таксама ў краінах Эўразьвязу. Прадпрыемства вырабляе 120 відаў тканіны й шэсьцьсот мадэляў вопраткі. На “Магатэксе” працуе больш як 3500 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG