Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску адкрылі бюст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча


Урачыстасьць адбылася ў межах сьвяткаваньня двухсотгадовага юбілею клясыка беларускай літаратуры ды фэстывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які пачаўся 28 лістапада. Бюст усталявалі на галоўнай алеі гарадзкога парку, побач з кінатэатрам “Мір”.

На адкрыцьці прысутнічалі прадстаўнікі ўлады на чале з старшынём бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыем Бонахавым (крайні зьлева, ля мікрафону)
Паводле грамадзкага актывіста Алеся Чыгіра, на ўрачыстасьці прысутнічалі прадстаўнікі ўлады на чале з старшынём гарвыканкаму Дзьмітрыем Бонахавым, працоўных калектываў Ленінскага раёну Бабруйску, а таксама дзеячы культуры й акторы мясцовага тэатру драмы й камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У парк пабачыць урачыстасьць без адмысловых запрашэньняў прыйшло й багата простых бабруйцаў.


Алесь Чыгір кажа, што ў Бабруйску бюст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ўжо трэці:

“Першы помнік, прысьвечаны гэтаму найвыбітнейшаму беларускаму драматургу проста валяўся ля будынку тэатру. Недзе ў 1995 ці 1996 годзе, калі пачалася мэталёвая
ліхаманка, гэты помнік зьнік. Другі ўсталяваны помнік знаходзіцца цяпер ля будынку тэатру, але на гэтым помніку няма нават шыльды й ня кожны бабруец ведае, каму гэты помнік. І вось сёньня адкрылі трэці помнік Дуніну-Марцінкевічу. Улада толькі цяпер адкрывае для сябе гісторыю й таму будзем спадзявацца, што неўзабаве будуць зьяўляцца помнікі іншым беларускім дзеячам, лёс якіх зьвязаны з Бабруйскам”.

У жніўні 2007 году бабруйская суполка Таварыства беларускай мовы прапанавала гарвыканкаму 2008 год правесьці пад знакам 200-гадовага юбілею Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Актывісты тады прапанавалі ўсталяваць у горадзе помнік Дуніну-Марцінкевічу, перайменаваць вуліцу Карла Лібкхнехта у вуліцу Дуніна-Марцінкевіча, а таксама на працягу ўсяго году выкарыстоўваць юбілейную тэматыку ў аздабленьні вуліц.

Сёлета ў лютым у мясцовым касьцёле Беззаганнага зачацьця найсьвяцейшай Панны Марыі адкрылі мэмарыяльную дошку ў памяць пра клясыка беларускай драматургіі й літаратуры. Яе асьвяціў архібіскуп, мітрапаліт Менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. У жніўні галоўнай вуліцы бабруйскай крэпасьці далі імя Дуніна-Марцінкевіча.




Беларускі драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 году на Бабруйшчыне ў фальварку Панюшкавічы. Ахрысьцілі Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйскім катэдральным касьцёле, які не захаваўся. У Бабруйску ён скончыў павятовую школу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG