Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фальварку Люцінка ўшаноўваюць Дуніна-Марцінкевіча


Сёньня ў фальварку Люцінка каля Івянца, дзе жыў і працаваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, прайшлі ўрачыстасьці да 200-годзьдзя яго нараджэньня. У адной з адноўленых сядзібаў адкрылася літаратурна-мастацкая выстава. А ў касьцёле служылі ўрачыстую імшу.


Вось што паведаміў “Свабодзе” арганізатар юбілейных імпрэзаў гісторык Алесь Белы:

“Наш музэй — рэгіянальны, на краі Люцінкі. Тут — фотаздымкі Крыжанскіх, унукаў Дуніна-Марцінкевіча, з 1930-х гадоў. Мапы і пляны Люцінкі і яе ваколіцаў 1830 году. Таксама ў музэі фотаздымкі, які адлюстроўваюць этапы рэканструкцыі драўлянай хаты пад музэй. Выстаўлены творы мастакоў.

Ствараць экспазыцыю мне дапамагалі сябры грамадзкага аб’яднаньня “Гісторыка”. Сёньня на адкрыцьці выставы тут шмат мастакоў, музыкаў, дзеячаў культуры. Да прыкладу, мастак Уладзімер Кандрусевіч, літаратары Валеры Булгакаў, Уладзімер Содаль, Вячаслаў Рагойша”.

На гэта час стала вядома, што Люцінку наведалі нашчадкі Дуніна-Марцінкевіча — Станіслаў Плаўскі, Агнешка і Тадэвуш Крыжанскія.

Фальварак Люцінка быў куплены Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам у 1840 годзе. Пераехаў сюды пісьменьнік зь першай жонкай Юзэфай і двума дзецьмі — дачкой Камілай і сынам Міраславам. Малодшыя дочкі, Сафія і Цэзарына, нарадзіліся ўжо ў Люцінцы.

Тут спадар Вінцэнт пражыў больш за сорак гадоў і склаў бальшыню сваіх твораў. Люцінку ў той час наведвалі пісьменьнік Уладзімер Сыракомля, кампазытар Станіслаў Манюшка, мастак Ян Дамель, гісторык Аляксандар Ельскі.

У доме Дуніна-Марцінкевіча адбываліся рэпэтыцыі сялянскага хору, які ўдзельнічаў у першым прадстаўленьні п’есы “Сялянка”. Яно адбылося ў 1852 годзе ў менскім гарадзкім тэатры.

XS
SM
MD
LG