Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску назвалі вуліцу імем Дуніна-Марцінкевіча


Яна знаходзіцца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці.


Вуліца Дуніна-Марцінкевіча — адзіная ў Бабруйску, якую назвалі імем беларускага культурнага дзеяча ад часоў атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Сёлета беларуская грамадзкасьць адзначыла двухсотгадовы юбілей беларускага драматурга. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 году на Бабруйшчыне ў фальварку Панюшкавічы. Ахрысьцілі Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйскім катэдральным касьцёле.

Вуліца, названая імем Дуніна-Марцінкевіча, — цэнтральная на тэрыторыі крэпасьці. Гаворыць старшыня бабруйскай суполкі Таварыства беларускай мовы Віктар Маліноўскі:

“Гэта ўсё ж лепей, чым называць вуліцу дзе-небудзь на ўскрайку Бабруйску, у якім-небудзь мікрараёне аддаленым. Усё ж такі гэтая вуліца хоць неяк прылягае да касьцёла, дакладней, рэшткаў касьцёла, у якім калісьці хрысьцілі Дуніна-Марцінкевіча. Ад яго фактычна нічога не засталося. Хіба адзін падмурак, на якім узьвялі двухпавярховы будынак, пасьля таго як касьцёл згарэў у 1885 годзе”.

Год таму бабруйская суполка ТБМ прапаноўвала гарвыканкаму правесьці 2008 год пад знакам 200-гадовага юбілею Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Суполкаўцы тады прапанавалі ўсталяваць у Бабруйску помнік Дуніну-Марцінкевічу, перайменаваць вуліцу Карла Лібкхнехта ў вуліцу Дуніна-Марцінкевіча, а таксама на працягу ўсяго году выкарыстоўваць юбілейную тэматыку ў аздабленьні вуліц гораду.

У Бабруйскім гарвыканкаме паведамілі, што неўзабаве ў Бабруйску зьявіцца і помнік Дуніну-Марцінкевічу, аднак не ўдакладнілі, калі.

Пры канцы 80-х гадоў XX стагодзьдзя ў Бабруйску ўжо зьбіраліся былі ўсталяваць помнік Дуніну-Марцінкевічу, але справу не давялі да канца. Помнік скралі. Замест яго паставілі сьціплы бюст. Імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску носіць драматычны тэатар. Ён месьціцца на вуліцы Карла Лібкхнэхта, якую і прапаноўвалі пераназваць актывісты ТБМ.

Увогуле, што да назваў бабруйскіх вуліц, то яны засталіся нязьменнымі ад савецкіх часоў. У бабруйскім гарсавеце паведамілі, што бліжэйшым часам зьмяняць іх не зьбіраюцца:

“Мы будуем зараз сёмы мікрараён, мікрараён Заходні, там будуць зьяўляцца вуліцы, якія будуць мець прывабны выгляд і сучасныя фасады. Вось там будзем шукаць умацаваньне памяці нашых знакамітых землякоў у гэтых новых кварталах”.

Названыя мікрараёны знаходзяцца на ўскрайку Бабруйску. Сярод прычынаў, якія нібыта не дазваляюць пераназываць цэнтральныя бабруйскія вуліцы, у гарсавеце назвалі вялікія фінансавыя выдаткі й нязручнасьці для людзей, якія прызвычаіліся да старых назваў.

Вуліцы, названыя ў гонар беларускіх дзеячаў культуры, у горадзе ёсьць, але знаходзяцца яны ў прыватным сэктары, удалечыні ад цэнтру гораду:

“Як правіла, гэта вельмі невялікія вуліцы, на якіх знаходзяцца пяцьдзясят, шэсьцьдзесят дамоў. Там няма ніякіх адміністрацыйных будынкаў, таму гэтыя вуліцы нідзе ня згадваюцца. Нават калі ў пашукавіку Google увесьці “горад Бабруйск, вуліца Янкі Купалы”, то я ўпэўнены, што ніякіх зьвестак пра гэтую вуліцу ня будзе. Але яна ёсьць”, — зазначае бабруйскі палітык і гісторык Алесь Чыгір.

XS
SM
MD
LG