Грамадзтва

У Менску зьявяцца сквэры Балівара і Чанчунь

20.06.2008 08:13

Шэрагу праектаваных сталічных вуліц і безыменных сквэраў прысвоеныя назвы. Адпаведнае рашэньне прынятае дэпутатамі на сэсіі Менскага гарадзкога савету. Якія новыя назвы зьявяцца ў Менску і чаму?

Новыя вуліцы, якія забудоўваюцца ў мікрараёне Каменная Горка, будуць называцца Каменнагорская, Казіміраўская, Дамброўская, Нёманская. Зьявіцца й вуліца імя народнага артыста СССР, выдатнага дзеяча харавога мастацтва Рыгора Шырмы. Атрымалі назвы й некалькі безыменных сквэраў. Сквэр у раёне вуліц Мініна і Чыгуначнай будзе насіць імя маршала Жукава, сквэр на Берасьцянскай – кітайскага гораду-пабраціма Чанчунь, сквэр на скрыжаваньні Захарава і Першамайскай – імя Сымона Балівара. Ці маюць менчукі ўяўленьне,у гонар каго назвалі сквэры?

Карэспандэнтка: “Вы ведаеце, хто такія Жукаў і Балівар?”

Дзяўчына: “Чула, але ня ведаю”.

Юнак: “Жукаў – гэта маршал, а хто там другі? Балівар? Без паняцьця”.

Спадар: “Маршал Савецкага Саюзу – Жукаў”.

Спадар: “Балівар – гэта паўднёваамэрыканскі нейкі таксама, здаецца, палкаводзец”.

Юнак: “Балівар? Мабыць, гэта пісьменьнік”.

Спадар: “Чуў, але дакладна ня ведаю”.

Юнак: “Жукаў і Балівар – чуў нешта. Можа, кампазытары якія”.

Ну калі пра Жукава тое-сёе яшчэ ведаюць, то што да Балівара – уяўленьні цьмяныя. Супрацоўніца Менгарвыканкаму прызналася шчыра, чаму ў Менску вырашылі ўвекавечыць Балівара:

“Сквэр імем Сымона Балівара назвалі па просьбе Рэспублікі Вэнэсуэлы. Было негалоснае распараджэньне зьверху. Яны хацелі, каб так была названая вуліца, але з вуліцай узьніклі праблемы. Таму што старыя вуліцы, натуральна, ніхто пераймяноўваць ня будзе, а забудовы новыя – Каменная Горка, мікрараён Дружба – там ёсьць свае прынцыпы, якія больш стасуюцца зь беларускай тапанімікай, чым з вэнэсуэльскай. Таму вырашылі назваць сквэр. Так што скажыце “дзякуй”, што гэта ня вуліцы і нікому не давядзецца пісаць “жыву на вуліцы Чанчунь”.

Прыемна, што ня страцілі яшчэ пачуцьця гумару беларускія чыноўнікі. Але, магчыма, штосьці яшчэ перадумаюць. Паслухаем тлумачэньне супрацоўніцы гарвыканкаму:

“Гэта рашэньне сэсіяй гарсавету прынятае, але яно яшчэ не зацьверджанае Міністэрствам юстыцыі. Так што сілы яно яшчэ не набыло, і ёсьць верагоднасьць, што і не набудзе, пакуль Мін’юст не зацьвердзіць яго і не апублікуе ў Нацыянальным рэестры прававых актаў”.

Дарэчы, былі прэцэдэнты, калі Міністэрства юстыцыі не зацьвярджала рашэньняў Менгарсавету. Апошні прыклад – вуліцу Берсана ў вуліцу Вайніловіча так і не перайменавалі.


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Генадзь Горад:: Менск
20.06.2008 12:01

...Засталася...Зьнайсьці.."зялёны закуток" у Менску. Ды даць назоў, напрыклад "Хамейні Парк"..Бо? Зь сяброў Лукашенкі, амаль, "не пазначаны" , ""раслінамі", застаўся толькі Іран, ды арабскія сябры..тыпа (Хусейна, ці "Кайеды)...


Імя:: Я Горад:: Смаргонь
20.06.2008 19:03

я прапаную "завулак Вусаты" ці "праспект ЧЭсны"

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks