Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцаў імя Вайніловіча, Брыля і Сапегі ў Менску ня будзе?


Іна Студзінская, Менск Рашэньне дэпутатаў Менгарсавету перайменаваць вуліцу Берсана ў вуліцу Вайніловіча, а таксама надаць новым сталічным вуліцам імёны Лява Сапегі й Янкі Брыля не прайшло прававой экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі. Пра гэта паведаміла “Наша Ніва” са спасылкай на крыніцу ў Менгарвыканкаме.

26 верасьня на пятай сэсіі Менскага гарадзкога савету дэпутаты пастанавілі даць назвы шэрагу новых і перайменаваць некаторыя вуліцы сталіцы.

З просьбай назваць вуліцы імёнамі Сапегі, Брыля і Вайніловіча зьвярнулася Таварыства беларускай мовы і Рымска-каталіцкі касьцёл.

У новым мікрараёне Міхалова плянавалі новым вуліцам надаць імёны клясыка беларускай літаратуры Янкі Брыля й вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Лява Сапегі.

Таксама было рашэньне аб перайменаваньні вуліцы Берсана ў вуліцу імя заснавальніка касьцёла сьвятых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча. Тады “за” прагаласавалі 37 дэпутатаў з 44.

Дэпутат Менскага гарадзкога савету, намесьнік старшыні камісіі па культуры Ўладзімер Краўчанка паведаміў, што афіцыйнага адказу зь Міністэрства юстыцыі дэпутаты пакуль не атрымалі. Але навіной быў зьдзіўлены:

“Павінна ж быць нейкая прычына! Дапусьцім, называньне вуліцы імем Напалеона Орды прайшло экспэртызу, чаму тады Сапегі не прайшло? Берсана — так, тут мог нейкі фактар ролю адыграць. А што тычыцца Сапегі й Янкі Брыля — мне зусім не зразумела”.

Нічога канкрэтнага не адказалі й ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму. Натальля Старыкава, загадчыца сэктару культасьветработы, якая займаецца пытаньнямі перайменаваньня вуліц, на пытаньне “Свабоды” адказала так:

“Я ня ведаю, інфармацыя, пра якую вы кажаце, мне не расьпісаная”.

Карэспандэнтка: “Але такая інфармацыя павінна зь Мін’юсту да вас паступіць?”

“У прынцыпе, так. Калі палічаць патрэбным, то паступіць”.

Начальнік Упраўленьня прававой экспэртызы прававых актаў Нацбанку і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня Міністэрства юстыцыі Вера Ярохава спаслалася на занятасьць і паскардзілася, што ня мае фэнамэнальнай памяці, каб згадаць усе дакумэнты:

“Цяпер я нічога вам сказаць не магу, таму што трэба глядзець гэты дакумэнт, а дакумэнтаў ідзе вельмі шмат на нашае ўпраўленьне. Такіх, якія не праходзяць экспэртызу, таксама нямала”.

Карэспандэнтка: “А ці ўсе перайменаваньні вуліцаў павінны праходзіць экспэртызу Мін’юсту?”

“Па-рознаму перайменаваньні адбываюцца. Ёсьць указы прэзыдэнта — яны, натуральна, у нас не праходзяць экспэртызу. У нас экспэртыза толькі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і міністэрстваў ведамаснага ўзроўню”.

Такім чынам, атрымліваецца, што калі перайменавалі праспэкт Скарыны ў праспэкт Незалежнасьці, праспэкт Машэрава ў праспэкт Пераможцаў — экспэртыза Міністэрства юстыцыі не была патрэбная, бо быў указ прэзыдэнта.

А калектыўнае рашэньне дэпутатаў Менгарсавету павінна праходзіць прававую экспэртызу.
XS
SM
MD
LG