Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы Сапегі і Брыля зацьвердзілі, а Вайніловіча — не



Перайменаваньне вуліцы Берсана ў вуліцу Вайніловіча не зацьверджана, як тлумачаць Менгарвыканаме, з прычыны масавых зваротаў людзей, нязгодных з перайменаваньнем. У касьцёле сьвятых Сымона і Алены кажуць, што шмат вернікаў, наадварот, дасылалі менскім уладам лісты з просьбай перайменаваць вуліцу Берсана ў вуліцу імя фундатара гэтага касьцёла Эдварда Вайніловіча.

Як распавёў Радыё Свабода старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, упраўленьне культуры Менгарвыканкаму паведаміла ТБМ, што ў Мін’юсце прайшло юрыдычную экспэртызу рашэньне сталічнага гарсавету ад 30 лістапада 2007 года. Тады было вырашана надаць новым запраектаваным вуліцам у мікрараёне Міхалова-1 імёны народнага пісьменьніка Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.


“Сотні людзей сталі пісаць лісты міністру Галаванаву”

“Пасьля таго як Міністэрства юстыцыі не дало юрыдычнага заключэньня на рашэньне Менгарсавету, мы заклікалі грамадзянаў, каб яны зьвярталіся непасрэдна ў Міністэрства юстыцыі. Бо падстава была тая, што ўлады Менску не абмеркавалі гэтага з грамадзянамі. Сотні людзей сталі пісаць лісты на імя міністра Галаванава, што яны згодныя з такімі вуліцамі. І Менгарвыканкам зноў зацьвердзіў нашыя вуліцы, і на гэты раз Міністэрства юстыцыі ўжо таксама зацьвердзіла”, — кажа Алег Трусаў.


“Так надакучыла людзям ісьці па вуліцы Ўльянаўскай ці Леніна”

Сярод тых, хто падпісваў зварот аб наданьні менскім вуліцам імёнаў Брыля і Сапегі, была народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

“Я вельмі рада, што ўрэшце рашэньне прынятае. Мы павінны адыйсьці ад камуністычна-бальшавіцкіх назваў вуліцаў. Гэта ўжо так надакучыла людзям ісьці па вуліцы Ўльянаўскай ці Леніна, калі ў нас столькі нашых, беларускіх герояў, імёны якіх павінны насіць нашы вуліцы”, — лічыць Зінаіда Бандарэнка.


“Нідзе ў такой канцэнтрацыі не ўшанаваныя імёны монстраў нялюдзкай сыстэмы”

Пад лістом да менскіх уладаў падпісаўся і пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Дарэчы, раней ён быў аўтарам звароту да Мін’юсту, у якім прапаноўвалася перайменаваць вуліцу Калектарную, дзе знаходзіцца міністэрства, у вуліцу імя Эўфрасіньні Полацкай.

“Сярод аргумэнтаў быў і той, што Мін’юст мае вялізарнае ліставаньне, і, можа, яму сорамна пісаць свой адрас – вуліца Калектарная. Гэтая прапанова была “заваленая”. Калі задумваесься пра тапаніміку нашай сталіцы, то робіцца проста вусьцішна і сорамна пры параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі. Нідзе ў такой канцэнтрацыі не ўшанаваныя імёны часам проста монстраў той нялюдзкай сыстэмы”.


“Насельніцтва абурылася гэтым перайменаваньнем”


Міністэрства юстыцыі не задаволіла прапанову вернікаў перайменаваць вуліцу імя наркама дзяржкантролю першага ўраду БССР Станіслава Берсана ў вуліцу імя фундатара Чырвонага касьцёла Эдварда Вайніловіча. Загадчыца сэктару культасьветработы ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Натальля Старыкава патлумачыла прычыну.

“Вуліца Берсана ў вуліцу Вайніловіча перайменаваная ня будзе, таму што насельніцтва абурылася гэтым перайменаваньнем. Мы атрымалі шмат лістоў. Паводле закону трэба было высьветліць думку насельніцтва, мы гэтага не зрабілі, і рашэньне аб перайменаваньні ў вуліцу Вайніловіча не прайшло юрыдычную экспэртызу”.


“Людзі зьбіралі гэтыя подпісы, і ня толькі ў касьцёле”

Дарэчы, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены “Свабодзе” паведамілі, што вельмі многія вернікі пісалі ў Менгарвыканкам лісты з просьбай перайменаваць вуліцу Берсана ў вуліцу Вайніловіча. Кажа супрацоўніца касьцёлу:

“Людзі зьбіралі гэтыя подпісы, і ня толькі ў касьцёле, але і ў іншых месцах. І несьлі гэтыя подпісы. Мы прасілі спачатку перайменаваць у Вайніловіча вуліцу Берсана, а потым любую блізкую да нас вуліцу, хаця б Савецкую”.

Паводле старшыні таварыства беларускай мовы Алега Трусава, з ініцыятывы ТБМ некалькім дзясяткам новых вуліцаў у Менску надалі імёны грамадзкіх і культурных дзеячаў Беларусі. У нядаўна збудаваным мікрараёне Лошыца зьявіліся вуліцы Лучыны, Гацкевіча ды іншыя. Зьявілася плошча імя Францішка Багушэвіча. Алег Трусаў спадзяецца, што сёлета прымуць рашэньне аб наданьні новай вуліцы імя віцэ-прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук Сьцяпана Некрашэвіча. Старшыня ТБМ, аднак, адзначае, што зьмяніць савецкія назвы вуліцаў вельмі складана.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG