Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянона Пазьняка зноў абралі лідэрам КХП-БНФ


Зянон Пазьняк, архіўнае фота
Зянон Пазьняк, архіўнае фота

Зянон Пазьняк будзе па-ранейшаму ачольваць Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ і Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне». За яго кандыдатуру прагаласавалі ўдзельнікі дзясятага партыйнага зьезду і дванаццатага форуму «Адраджэньня».

Намесьнікамі лідэра абралі Юрася Беленькага і Сяргея Папкова. Усе яны былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня. У склад новага сойму ўвайшлі 33 асобы. Рашэньні пра гэта прынятыя 27 красавіка ў Менску.

На зьезд сабраліся 124 дэлегаты і шэраг гасьцей з розных рэгіёнаў краіны. Яны выслухалі даклад Зянона Пазьняка «Пройдзены шлях — новая пэрспэктыва», які прачытаў Валеры Буйвал, і павіншавалі воплескамі свайго лідэра з 70-годзьдзем.

Сёньня ў размове са Свабодай Юрась Беленькі назваў зьезд звычайным, рабочым мерапрыемствам. Ён падкрэсьліў, што згодна са статутам партыя мусіць абавязкова зьбірацца на свой галоўны форум адзін раз на два гады.

Намесьнік Зянона Пазьняка адзначыў такую адметнасьць учорашняга форуму:

— Было абсалютнае разуменьне дэлегатамі і гасьцямі зьезду той сытуацыі, якая ёсьць сёньня. Яны адзначалі, што тыя ацэнкі, якія рабіў Зянон Пазьняк раней, напрыклад, у артыкуле аб рускім імпэрыялізьме і яго небясьпецы, цалкам пацьверджаныя сёньня. Было заўважана, што практычна ніводная беларуская палітычная структура не зрабіла такіх дакладных ацэнак сытуацыі, прагнозных ацэнак разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі і вакол Беларусі.

— Ці была на зьезьдзе дыскусія пра месца партыі ў грамадзтве, пра яе мэты?
Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
— Партыя як была, так і застаецца на пазыцыях нацыянальнага адраджэньня, пабудовы моцнай дэмакратычнай Беларусі. То бок нашы базавыя канцэптуальныя прынцыпы ня зьмененыя. Мы на іх як стаялі, так і стаім.

Больш за тое, цяпер, калі яны пацьверджаныя часам, гэта дадае нам яшчэ больш імпэту. Я размаўляў з маладымі людзьмі, якія былі на зьезьдзе, напрыклад, 1990 году нараджэньня. І было прыемна, што і для іх няма сумневу ў тым, што разьвіцьцё нашай Беларусі палягае ў тым рэчышчы, якое ў свой час вызначыў Беларускі Народны Фронт. Гэта — нацыянальная глеба, адбудова нацыянальнай дзяржавы, дэмакратычнай дзяржавы, разьвіцьцё беларускай мовы і культуры.

— А якія мэты вы вызначылі для сябе на бліжэйшы час?

— У бліжэйшыя год-два галоўнае — гэта праца з грамадзтвам. Гэта, як было сказана ў дакладзе Зянона Пазьняка, давядзеньне праўды. І вось што тут важна і пра што казалі выступоўцы. Былі моманты, калі давядзеньне праўды было як бы неспрыяльна для нас. Некаторыя асобы па-за межамі партыі папракалі, што асобныя нашы заявы не зусім электаральна вывераныя. Але ж час пацьвердзіў — калі партыя стаіць на праўдзівых пазыцыях і дае ўсяму праўдзівыя ацэнкі, гэта і ёсьць адзіная нармальная пазыцыя. Бо сіюмінутная каньюнктура пасьля заўжды дае страты.

— Мабыць, форум ня мог абмінуць падзеі ва Ўкраіне?

— Так. Калі супраць беларускага насельніцтва выкарыстоўваюцца фактычна мэханізмы інфармацыйнай зброі, калі ідзе інфармацыйная вайна, то вельмі важна (і пра гэта ёсьць у рэзалюцыі) не дапусьціць, каб нашых вайскоўцаў расейскія імпэрцы ўцягнулі ў вайну з Украінай, каб іх прымусілі страляць у брацкі ўкраінскі народ. Некалькі разоў падкрэсьліваліся — мы мусім менавіта сёньня зрабіць усё, каб ніводзін беларускі вайсковец не накіраваў сваю зброю ў бок братоў-украінцаў. На бліжэйшы час — гэта самая галоўная наша задача.

— У наступным годзе ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Што гаварылі пра гэта?

— У нас пазыцыя вызначаная. Мы дастаткова даўно разумеем гэтую ўладу. Мы ведаем яе прыроду. Гэта не беларуская дыктатура, як некаторыя думаюць. Гэта прынесеная сюды ўлада з Масквы. І яна мае выключна службовую ролю і толькі выконвае загады Масквы. Таму ўдзельнічаць у псэўдавыбарах няма ніякага сэнсу. Я заўважыў: калі раней пра выбары яшчэ вяліся дыскусіі, то цяпер было поўнае паразуменьне.

— Ці правільна я разумею, што ваш зьезд прайшоў без удзелу мэдыяў? Чаму так адбылося?

— Гэта чыста рабочы зьезд. Хачу сказаць, што ў нас была праблема з атрыманьнем памяшканьня. Магло быць так, што і не атрымалася б правесьці зьезд. Сытуацыя была такая, скажам, надзвычайная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG