Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, былому старшыні Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянону Пазьняку споўнілася 70 гадоў.

Сяргей Навумчык: 70 гадоў — гэта яшчэ не юбілей, да юбілею 75-гадовага яшчэ пяць гадоў, але гэта сталы век і круглая дата. Як Вы сябе ў гэтым узросьце пачуваеце як палітык і як чалавек?

Зянон Пазьняк: Ну я ўсьведамляю чыста рацыянальна, што мне ўжо 70 гадоў і зь цяжкасьцю ў гэта веру. Адчуваньні такія, як былі ў 25 гадоў, у 30, у 40. Адчуваньні не мяняюцца. Адзінае, што, безумоўна, вопыт жыцьцёвы адчуваецца. Таму што тое, што, скажам, у 20 гадоў не разумеў, ці трэба было б доўга прыглядацца, доўга слухаць, аналізаваць — зараз з узростам прыходзіць такое разуменьне, што адразу ясна. Бывае часам дастаткова глянуць на чалавека, пачуць пару слоў — і ўсё зразумела. Што, скажам, у маладосьці абсалютна немагчыма. І гэта прыходзіць само сабой з узростам. Некалі, па-мойму, Канфуцый сказаў, што мудрасьць прыходзіць ад назіраньня за тым, як растуць дзеці. Можна быць нават неадукаваным і граматы ня ведаць. Так што — мае гады, маё багацьце.

Навумчык: Якія мэты Вы сабе ставіце ў наступныя гады — бліжэйшым часам і на пэрспэктыву?

Пазьняк: Самае галоўнае ў нас — вольная Беларусь. Тая Беларусь, якую затармазілі зараз на 20 гадоў. Мы павінны пайсьці наперад, хуткімі тэмпамі. І я адчуваю, што гэты шлях набліжаецца. Зразумела, пакуль ёсьць гэтая фашысцкая Расея мілітарысцкая і імпэрская, вызваліцца ў адзіночку вельмі цяжка. Я гэта пісаў у 1990-м годзе, адкуль і ўзьнікла ідэя Балта-Чарнаморскай супольнасьці, каб змагацца разам супраць Масквы. У адзіночку тады немагчыма было выйсьці. І разам, разам усе, пачынаючы ад Закаўказьзя, і да Эстоніі — уся гэта паласа — разам мы выйшлі. Дык вось, цяпер настае такі час, калі гэтае імпэрскае копішча зла можа здохнуць. І мы павінны гэтаму дапамагчы. Таму што гэты пуцінскі фашызм, які зараз пачаўся, у гэтым сьвеце, у XXI стагодзьдзі, — гэта поўны тупік. І яны ў гэты тупік ідуць. І вось тут мы маем надзею, калі будзем дзейнічаць разумна і разам.

Навумчык: Як вы сёньня праводзіце гэты дзень, як адзначаеце круглую дату?

Пазьняк: Скажу шчыра — ніяк практычна не адзначаю, бо праз пару дзён у нас зьезд партыі, сёньня я буду гаварыць па скайпу з паліткамітэтам, абмяркоўваць рэзалюцыі і гэтак далей. Так што нічога пад небам не мяняецца. Палітыка на першым пляне, і яе трэба рабіць. Вось так у мяне і пройдзе гэты дзень.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG