Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Вохар. Жыцьцё ва ўмовах радыяцыі


Хата ў вёсцы Вохар
Хата ў вёсцы Вохар
26 красавіка — гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На Магілёўшчыне ў выніку катастрофы больш за 400 паселішчаў былі адселеныя. Значная тэрыторыя вобласьці застаецца зонай радыяцыйнага забруджаньня. Адзін з самых забруджаных — Чэрыкаўскі раён. 23 тутэйшыя вёскі пахаваныя. Сотні сем’яў пераселеныя на чужыну. А ў некаторых паселішчах людзі дагэтуль жывуць, нягледзячы на небясьпеку.
«Адсюль я нікуды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:17 0:00
Наўпроставы лінк


Вохар, некалі вялікая вёска на беразе Сажа, цяпер амаль бязьлюдная. Паводле Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя, тут зона з правам на адсяленьне. Навокал засеяныя палі. У самой вёсцы ацалелыя хаты разбураюцца, а на месцы пахаваных — сады ды хмызы. Сям-там яшчэ засталіся падмуркі сядзібаў. Радыяцыйных знакаў вакол вёскі няма.

Адшукаць вяскоўцаў удалося ў адной з хатаў. Трое мужчын у прыцемках пра нешта гаварылі, калі да іх завітаў журналіст. Старэйшы, васьмідзесяцігадовы Міхаіл ахвотна пагадзіўся расказаць пра сваё самотнае жыцьцё ў роднай вёсцы. На яго ён не наракае:

«Няма вось тут людзей толькі, дык сумна. А так нармальна. Пэнсію нам даюць», — кажа будзённа стары.

«Мне ж таксама прапаноўвалі выехаць адсюль, але я не пагадзіўся, — апавядае дзед Міхаіл. — Аддадзены я вось гэтай зямельцы. Як гаворыцца, дзе пупавіна закопаная, дык туды мяне цягне. У іншыя мясьціны ня дай бог выяжджаць».
Узровень радыяцыі на полі ля вёскі
Узровень радыяцыі на полі ля вёскі

Чатыры месяцы таму стары пахаваў жонку. Цяпер глядзіць гаспадарку сам. Ёсьць кабыла, сьвінчо. Была карова, але нядаўна здаў, кажа. Яшчэ ёсьць трактар і сеялка. Даплатаў за пражываньне ў зоне радыяцыйнага забруджаньня вяскоўцам не даюць. Раней, згадвае Міхаіл, плацілі. Пра радыяцыю кажа гэтаксама будзённа, як і пра жыцьцё:

«У нас цяпер такая зона — калі ласка, засяляйся сюды. Жыві свабодна тут. Наўкола ж усе палі засяваюцца. Нашу ж і бульбу, і хлеб па ўсёй Беларусі і Расеі вязуць. Цяпер „грабавыя“ не выплачваюць. Усё ж скасавалі».

Сваё слова ўстаўляе ў гутарку і сусед дзеда Міхаіла — пяцідзесяцівасьмігадовы мужчына:

«Мы такая нацыя, што нам гэта радыяцыя абыякавая. Мы ж тут жывём на беразе Сажа. Рыбу тут ловім. Вось засталося нас пяцёра мужчынаў — што нам тут яшчэ рабіць?»

«Вы б лепей так напісалі, каб сюды паляўнічыя прыехалі, — ня стрымліваецца самы малады з кампаніі вяскоўцаў Алег. Яму трыццаць восем. — Каб яны прыехалі ды ваўкоў папабілі. Авечак, барана, коз задралі. Лісы ж тут ходзяць. Зайцоў тут хапае. Дзікі тут проста па вёсцы ходзяць. Нікога не баяцца».
Падмурак дома ў вёсцы паволі зарастае хмызам
Падмурак дома ў вёсцы паволі зарастае хмызам

Калі людзям сказалі, што будуць адсяляць вёску, то яны наўзрыд плакалі, — неяк нечакана згадваюць суразмоўнікі. Тых, хто не хацеў ехаць, запалохвалі. Вяскоўцы лічаць, што ніхто тады з чыноўнікаў ня думаў пра людзей:

«Начальства панажываліся тады, — цьвердзяць мужчыны, — яны самыя лепшыя хаты пазабіралі сабе. А людзей падманулі. Вось калі б не давалі грошы за хаты. А то тады грошы давалі — вось і ўсё».
У ацалелай хаце
У ацалелай хаце
Пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, працягваюць згадваць суразмоўнікі, людзям стараліся не казаць.

«Мы тады на палях працавалі, а начальства ні душы. Паўцякалі. Хавалі ад нас усё адразу. Вось калі Радыё Свабода амэрыканскае пачало гаварыць, дык во, пачулі нашы гэтыя... А так хавалі, што выбухнула, — зазначаюць вяскоўцы. І тут жа прыгадваюць былую веліч вёскі: — А раней вёска была! Людзей! Па дзьве цыстэрны браў малакавоз малака. Столькі кароў было».
Засеянае поле ля вёскі Вохар
Засеянае поле ля вёскі Вохар

Перад Радаўніцай, каб прыбраць могілкі, Вохар наведваюць тыя, хто вымушана зьехаў адсюль. Дзьвюх жанчын пераняў ля самых кладоў. Іхныя родныя хаты, як яны кажуць, даўно пахаваныя. Самі жывуць у Чэрыкаве. Пра апусьцелыя родныя мясьціны апавядаюць са сьлязьмі.

«Людзі тут жылі, і ім доўга не казалі пра радыяцыю. Потым пачалі пясок вазіць, — згадвае адна з жанчын. — А потым сталі калодзежы зачыняць. Я сваю маму забрала ў 1989 годзе, бо ў яе інсульт быў. А людзі тут і раней жылі».

Радыяцыі, заўважае яшчэ адна суразмоўніца, тутэйшыя не баяцца. Не баіцца і яна:

«Я на роднай зямлі. Гэта самае дарагое, што ў мяне ёсьць у жыцьці. Сказалі б сёньня пераехаць сюды, дамо хатку, — я б і сёньня пераехала, — зазначае жанчына і тут жа тлумачыць: — Тут забароненая зона. Так! Толькі па пропусках сюды можна, а так не. Да нас жа прывыклі, што мы дома».
Узровень радыяцыі ў вёсцы
Узровень радыяцыі ў вёсцы

Непадалёк ад вёскі камень. Такіх камянёў з таблічкамі, на якіх зьвесткі пра адселеныя вёскі, па Чэрыкаўскім раёне мноства. Той, што ля Вохара, — без таблічкі. Замест яе пляміна цэмэнту, якім, відаць, шыльда мацавалася. Ля каменя букет штучных кветак, утаптаных у пыл дарогі. Вакол засеянае поле. Рунь на ім добра ўзьнялася.
Камень без таблічкі на фоне засеянага поля
Камень без таблічкі на фоне засеянага поля
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG