Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае заканадаўства па Чарнобылю — самае найгоршае


14 сьнежня ў суседняй Украіне адзначаецца Дзень ушанаваньня ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Дзень ліквідатара афіцыйна быў зацьверджаны ў 2006 годзе. У Расеі Дзень ліквідатара зьявіўся нядаўна — з 2012 года. Тагачасны прэзыдэнт краіны Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў Федэральны закон «Аб днях воінскай славы і памятных датах Расеі», у які была ўнесеная новая памятная дата — Дзень удзельнікаў ліквідацыі наступстваў радыяцыйных аварый і памяці ахвяраў гэтых катастроф, які адзначаецца 26 красавіка. І толькі ў Беларусі, якая больш за іншыя краіны пацярпела ад Чарнобылю, такога дня няма. У лепшым выпадку, улады пра чарнобыльцаў узгадваюць мімаходзь у чарговую гадавіну катастрофы.

Ці пачуваюць сябе беларускія чарнобыльцы абароненымі?

Асноўныя ільготы ў беларускіх ліквідатараў адабралі яшчэ ў сьнежні 2007 года прэзыдэнцкім указам, а з 1 студзеня 2013 года іх наагул пазбавілі статусу ліквідатараў, зрабілі проста пацярпелымі, ураўняўшы такім чынам тых, хто пражываў у так званай «зоне», альбо туды прыяжджаў на пару дзён, і тых, хто працаваў непасрэдна на ЧАЭС, каля рэактару. Лейтэнант запасу Васіль Сіліверст быў прызваны ў войска ў 1988-м, вайсковая частка разьмяшчалася ў 14-ці кілямэтрах ад ЧАЭС, і займаўся ён дэзактывацыіяй тэрыторыі і вайсковай амуніцыі. Цяпер Васіль Сіліверст — інвалід другой групы:

«Па-першае, ужо ліквідатараў у Беларусі няма, а ёсьць толькі пацярпелыя.
ліквідатараў у Беларусі няма, а ёсьць толькі пацярпелыя
У нас забралі ўсё. Наша заканадаўства па Чарнобылю самае найгоршае ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай. Там няма ніякіх сацыяльных гарантый. Адзінае, у ліквідатараў, якія зьяўляюцца інвалідамі, бонус нядрэнны. Але ж дамагчыся гэтага статусу немагчыма ў Беларусі. Я асабіста сустракаўся са старшынём камісіі па экалёгіі і чарнобыльскай катастрофе Сяргеем Міхайлавічам Каноплічам, але і ён нічога ня можа. Няма ў Беларусі і грамадзкай арганізацыі ліквідатараў, і ніхто нічога не адстойвае».

Ліквідатар Аляксандар Валчанін з Жодзіна кажа, што беларускія ліквідатары ў параўнаньні, да прыкладу, з расейскімі амаль нічога ня маюць.

Аляксандар Валчанін

Аляксандар Валчанін

«Ёсьць Дамова аб саюзнай дзяржаве, артыкул 18 кажа, што мы павінны разам пераадольваць наступствы Чарнобылю. Патрэбна ўніфікацыя заканадаўства аб чарнобыльцах, каб мелі роўныя правы. У нас ужо засталося ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС менш за 100 тысяч. Некалі было каля 500 тысяч. 400 тысяч ужо памерла. І канечне, вельмі крыўдна ліквідатарам-беларусам, што сацыяльных гарантый зусім няма».

Дарэчы, калі пры канцы мінулага года ўсім ліквідатарамі трэба было памяняць свае пасьведчаньні на пасьведчаньні пацярпелых, многія на знак пратэсту ня сталі гэтага рабіць, кажа інвалід другой групы Васіль Сіліверст:

«Была перарэгістрацыя ліквідатараў, давалі новыя пасьведчаньні. Многія ліквідатары статус пацярпелых і не прынялі. І зараз гэтую лічбу дакладна вам ніхто ня скажа: ні дзяржава, ні ліквідатары. Колькі зараз ліквідатараў — лічба засакрэчаная. Да прыкладу, я ведаю, што ў Калінкавічах каля 200 інвалідаў Чарнобыля і каля 1 тысячы ліквідатараў. Калі я рабіў запыт ў Міністэрства аховы здароўя па ліквідатарах, мне адказалі, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Ёсьць такі адказ у мяне».

Такім чынам, нават дакладнай колькасьці ліквідатараў, якія жывуць у Беларусі, высьветліць Васілю Сіліверсту не ўдалося. Адзінае, што засталося ў беларускіх ліквідатараў — гэта дадатак да пэнсіі, які складае прыкладна 10 даляраў.





Прыпяць, Украіна

Прыпяць, Украіна

XS
SM
MD
LG