Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанна Літвіна: «Я хачу своечасова, годна, сумленна пакінуць пасаду»


Жанна Літвіна

Жанна Літвіна

24 красавіка адбудзецца чарговы, ІХ зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Больш за восемдзесят дэлегатаў возьмуць удзел у зьезьдзе, абяруць новае кіраўніцтва, абмяркуюць сучасны стан беларускай журналістыкі і зацьвердзяць стратэгію працы на бліжэйшыя тры гады. А ў верасьні 2015 году грамадзкае аб’яднаньне БАЖ адзначыць сваё 20-годзьдзе. Нязьменны лідэр БАЖа, ляўрэат шматлікіх міжнародных прэміяў Жанна Літвіна напярэдадні зьезду дала эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

— Галоўная інтрыга зьезду — ваша ўжо анансаваная ў вузкіх колах адмова ад пасады старшыні. Што гэта — стомленасьць ці бачаньне новых лідэраў?

— Відаць, усяго патрошку. Гэта вельмі складанае для мяне пытаньне. Але перш за ўсё гэта пачуцьцё ўласнай годнасьці. Кожны чалавек павінен клапаціцца аб павазе да сябе і своечасова, годна, сумленна пакінуць пасаду. Проста ўсьвядоміць, што ўзрост бярэ сваё, што энэргетыка шмат у чым вычарпана. Так, застаецца досьвед, мудрасьць, але аднойчы надыходзіць час, калі трэба такія пасады саступаць людзям маладзейшым, перадаваць справу ў добрыя рукі.

Я неверагодна ўдзячная БАЖу, які зь мяне зрабіў асобу, упрыгожыў мой асабісты лёс, гэта частка майго жыцьця абсалютна неад’емная. Я неверагодна ўдзячная людзям, якія працавалі ўсе гэтыя гады побач са мной. Але так атрымалася, што сяброў маладосьці, той часткі жыцьця, якая была да БАЖа, неяк я пакрысе разгубіла. Сёньня лад жыцьця, сябры мае — гэта ўсё БАЖ. Таму нізкі паклон і падзяка гэтым людзям. А трагедыі ніякай не адбылося. Я застаюся ў арганізацыі. Калі спатрэблюся са сваімі ведамі, досьведам, абавязкова дапамагу.

І яшчэ адзін момант: ёсьць такая характэрная асаблівасьць нашай краіны, што яе называюць «краінай незьмяняльнай улады». Дык хоць у грамадзянскай супольнасьці, хоць на ўзроўні грамадзкіх арганізацыяў павінны зьявіцца людзі, якія разумеюць, што аднойчы надыходзіць час, і трэба проста пакідаць пасаду. І мне вельмі хочацца, каб разам з маім сыходам з пасады сышлі ў гісторыю і самыя драматычныя старонкі гісторыі БАЖа, зьвязаныя і з крымінальнымі перасьледамі, і з забойствамі — я маю на ўвазе трагедыі сябраў БАЖ Веранікі Чаркасавай, Зьмітра Завадзкага... Каб гэта ўсё сышло ў гісторыю. І пачалася эра росквіту незалежнай журналістыкі, прафэсійнай трываласьці.

— Але я, ведаючы ваш няўрымсьлівы характар, ня веру, што вы будзеце адпачываць, капаючыся ў градках на лецішчы ў Раўкуцевічах. Чым будзеце займацца?

У мяне самой такія багатыя архівы неразабраныя. Павыцягваць бы ўсё гэта, сыстэматызаваць

— Ёсьць адзін нязьдзейсьнены абавязак. БАЖу 20 гадоў, і за гэты час колькі было закрытых выданьняў, зорных выданьняў, колькі людзей сышло ў іншы сьвет... І гэта ўсё не сабрана ў адно цэлае, яно раскіданае. У мяне самой такія багатыя архівы неразабраныя. Павыцягваць бы ўсё гэта, сыстэматызаваць. Мару стварыць хоць віртуальны музэй. Я не зьбіраюся сядзець у гародзе. Вядома, спачатку мару пра адпачынак, хаця б на пару тыдняў. А пасьля праца заўсёды зьявіцца.

— Але гэта не мэмуары?

— Не, я не прыхільніца мэмуараў...

— Я прагледзела пастанову мінулага, VIII зьезду БАЖ, які адбыўся 3 гады таму. Акрэсьленыя там праблемы дагэтуль застаюцца актуальнымі: рэпрэсіўнае заканадаўства аб СМІ, перасьлед фрылансэраў, манапалізацыя дзяржавай СМІ і іх распаўсюду... А ў чымсьці ўдалося дамовіцца зь дзяржавай? Ці ёсьць, ці была нейкая супраца?

— На жаль, гэта сапраўды наша рэчаіснасьць — хранічныя сыстэмныя невырашальныя праблемы. Я думаю, карані гэтых праблем усё адно ў першую чаргу ў тым, якое месца, ролю ўлады адводзяць СМІ ў нашай краіне. І іхнае бачаньне: СМІ — гэта не чацьвёртая ўлада, гэта партнэр улады. Дзяржаўныя СМІ павінны забясьпечваць правядзеньне дзяржаўнай ідэалёгіі, тыя задачы, якія сфармуляваныя. Я думаю, такая пазыцыя ўлады прынцыпова перашкаджае рэфармаваньню мэдыясфэры. Але маё глыбокае перакананьне, што гэта непазьбежныя працэсы, яны ўсё роўна будуць адбывацца. І ў гэтым, відаць, выключная роля журналісцкай супольнасьці, недзяржаўнага сэктару. І менавіта гэтая супольнасьць павінна ўзяць на сябе ролю правадніка ідэяў пераменаў, рэфармаваньня мэдыясфэры, яна павінна стаць узорам па прасоўваньні стандартаў журналістыкі для ўсёй журналісцкай супольнасьці незалежна ад таго, дзе працуюць нашы калегі: у дзяржаўных альбо ў незалежных СМІ.

А самая галоўная заваёва за гэтыя 3 гады — можна публічна не рэагаваць на тое, што робіць БАЖ, але не заўважаць яго нельга. У БАЖа за гэтыя гады назапасіўся, мне падаецца, вельмі прафэсійны патэнцыял юрыдычных экспэртаў, і тыя экспэртызы, якія мы робім па заканадаўстве, тыя дакумэнты, якія рыхтуюцца экспэртнай супольнасьцю юрыстаў, — яны свайго роду арыенцір, у які бок трэба рухацца.

За апошнія 3 гады я лічу вельмі пасьпяховай кампанію, якая мае назву «За фрыланс». Таму што адна зь вельмі сур’ёзных праблемаў фрылансэраў у нашай краіне — што яны па-за законам. І менавіта яны робяцца лёгкай здабычай для прадстаўнікоў сілавых структураў падчас дэманстрацый і мітынгаў. І наагул яны на сёньняшні дзень не абароненыя, іх можна затрымліваць, арыштоўваць, цягнуць у суды, штрафаваць. Прычым юрысты пастаянна адзначаюць парадокс — прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 22.9 КаАП: незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У нас абсалютна ўражальныя лічбы: калі ў мінулым годзе з красавіка было прыцягнута да адказнасьці 14 нашых калегаў і агульная сума штрафаў склала 52 мільёны рублёў, то ўжо з пачатку гэтага году 10 журналістаў прыцягнута да адказнасьці і сума штрафаў дасягнула 50 мільёнаў.

Ідзе проста паляваньне, адсочваньне імёнаў, матэрыялаў, якія разьмяшчаюцца на сайтах замежных СМІ

Прычым штрафуюць не за вострыя палітычныя матэрыялы, а за асьветніцкія, культурніцкія — пра слуцкія паясы, напрыклад. Ідзе проста паляваньне, адсочваньне імёнаў, матэрыялаў, якія разьмяшчаюцца на сайтах замежных СМІ.

Я таксама цешуся, што наша праблема фрылансэраў выйшла па-за межы асобна ўзятай краіны — дзякуючы нашаму ўступленьню ў Эўрапейскую фэдэрацыю журналістаў. Гэта нам дазволіла далучыцца да агульнаэўрапейскай кампаніі ў падтрымку фрылансэраў. Ну, і апошнія крокі, якія робіць Эўрапейская фэдэрацыя — гэта звароты да кіраўніка Міністэрства інфармацыі, гэта настойлівыя — з усіх эўрапейскіх краінаў — заклікі распачаць дыялёг па легалізацыі працы фрылансэраў. Я лічу, што ўсё адно кропля камень точыць, і вельмі спадзяюся, што ў гэтым кірунку будуць зрухі. Тым больш вядомыя, зразумелыя для нас шляхі — як гэтую праблему вырашыць: маленечкая зьмена ў Закон аб СМІ, дзе была б паўнавартасная фармулёўка, што такое наша прафэсія, што такое журналіст. Не журналіст СМІ, як сёньня вузка запісана, а проста журналіст, якому гарантавана Канстытуцыяй права зьбіраць, распаўсюджваць інфармацыю.

— БАЖу сёлета споўніцца 20 гадоў. На міжнародным узроўні, на абсягах СНД гэта аўтарытэтная арганізацыя. А як дзяржава да вас ставіцца, як ставіцца афіцыйны Саюз журналістаў? Ці супрацоўнічаеце вы зь ім?

— 20 гадоў — гэта сапраўды ў нашых умовах вельмі значная дата. Я яшчэ жартую, што калі прыняць, што год за тры ідзе, можна лічыць, што ўжо 60-годзьдзе на падыходзе. Гэта гады выпрабаваньняў, адстойваньня нашых прафэсійных правоў.

І на працягу ўсяго існаваньня БАЖа, можа, ня вельмі настойліва, але рабіліся спробы знайсьці паразуменьне з нашымі калегамі з Саюзу журналістаў. Апошнія 4 гады сумесная са Швэдзкім інстытутам павышэньня кваліфікацыі FOJO праграма тычыцца выключна пытаньняў прафэсійнай этыкі. У нас, на жаль, рознае разуменьне прызначэньня нашай прафэсіі, ролі, месца яе ў грамадзтве. Таму супрацоўніцтва даволі складана ажыцьцяўляецца. Але, дзякуй Богу, усё адно ёсьць магчымасьць сесьці за стол перамоваў.

Дарэчы, за гэты круглы стол па абмеркаваньні пытаньняў прафэсійнай этыкі сядаюць сябры камісіяў абедзьвюх арганізацыяў і спрабуюць нейкім чынам дамовіцца хаця б вакол некалькіх прынцыпаў, стандартаў нашай прафэсіі. На жаль, марудна гэты працэс ідзе. На сёньняшні дзень не ўдалося ніводнага разу паставіць подпісы дзьвюм арганізацыям пад нейкімі экспэртызамі заканадаўства альбо пад зваротамі да ўладаў. Я не прыгадаю таксама нейкіх публікацыяў сваіх калегаў у абарону тых жа фрылансэраў. Альбо была гучная справа, калі фотаальбом «Прэс-фота 2011» быў прызнаны экстрэмісцкім. Нават у такіх абсурдных сытуацыях нашы калегі па-ранейшаму не працягваюць руку салідарнасьці, падтрымкі.

Ну, відаць, не надышоў яшчэ час. Самае галоўнае — гэта ўсьведамленьне, што мы робім тое, што абавязаныя рабіць. Вядома, былі б вельмі рады, калі б наш голас стаў яшчэ больш гучным. А калі не атрымліваецца — застаецца толькі стаяць на сваіх пазыцыях, на сваіх прынцыпах.

— А як у вас складаюцца адносіны зь Міністэрствам інфармацыі?

— Апошнім часам трывожыць тое, што нават не дэманструецца ніякіх крокаў па выкананьні рэкамэндацыяў афіцыйнага прадстаўніка па пытаньнях свабоды слова АБСЭ Дуні Міятавіч. Ва ўсіх рэкамэндацыях, ва ўсіх парадах, якія давала гэтая эўрапейская структура, заўсёды прысутнічалі і падкрэсьліваліся завышаныя паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі ў дзяржаўным рэгуляваньні мэдыясфэры. Вельмі трывожаць і апошнія папраўкі ў Закон аб СМІ, якія былі падмацаваныя Палажэньнем, прынятым Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сумесна з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Я маю на ўвазе магчымасьць па-за судовай сыстэмай блякаваць інтэрнэт-рэсурсы. І тыя тэсты, якія былі праведзеныя ў сьнежні, сьведчаць, што праблема гэтая вельмі сур’ёзная.

Мы стварылі рэйтынг закрытасьці і адкрытасьці дзяржаўных ведамстваў, міністэрстваў. На жаль, Міністэрства інфармацыі па гэтых рэйтынгах самае закрытае

Яшчэ, дарэчы, мы вельмі занепакоеныя праблемай доступу да інфармацыі. Яна тычыцца ня толькі незалежных журналістаў, сябраў БАЖа, але і вельмі хвалюе нашых калегаў, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. Мы стварылі рэйтынг закрытасьці і адкрытасьці дзяржаўных ведамстваў, міністэрстваў. На жаль, Міністэрства інфармацыі па гэтых рэйтынгах самае закрытае.

Зьезду будзе прапанавала пачаць кампанію, якая будзе насіць назву «За права на інфармацыю». Ёсьць законы, ёсьць Канстытуцыя, і нашы чыноўнікі абавязаныя выконваць гэтыя нормы, зьвязаныя з прадстаўленьнем інфармацыі. Я разумею, што ім вельмі зручна спасылацца на Закон аб дзяржаўнай таямніцы, Закон аб дзяржаўнай службе. Усё гэта дае ім права адмаўляць у прадстаўленьні інфармацыі, хавацца за ідэолягаў. Гэта ненармальна. У першую чаргу, парушаюцца правы нашых грамадзянаў на інфармацыю. Усё роўна гэта ня можа доўжыцца бясконца. Я веру, што і чыноўнікі нашы, і сілавыя структуры хутка будуць вымушаныя паважаць нашу прафэсію.

— БАЖ — арганізацыя, якая абараняе журналістаў, фрылансэраў, якая павінна дапамагаць рэдакцыям у вырашэньні пэўных праблемаў. Ці можа БАЖ умешвацца ў вырашэньне канфліктаў у рэдакцыях незалежных выданьняў? У зьвязку з гэтым пытаньнем — як вы ацэньваеце сытуацыю ў тыднёвіку «Белорусы и рынок»?

— Каб ацаніць гэтую сытуацыю, не абысьціся безь перадгісторыі. Роўна 3 гады таму на зьезьдзе БАЖ рэдакцыя «Белорусы и рынок» адзначалася як лідэр у інфармацыйнай прасторы краіны. Некалькі гадоў таму мы пачалі гаварыць пра неабходнасьць стварэньня рэдакцыйных палітык, падпісаньня калектыўных дамоваў, стварэньня дакумэнтаў на падставе Працоўнага кодэксу, каб рэгуляваць адносіны ўнутры калектываў. Тады мы ўжо разумелі, што БАЖ павінен спрыяць стварэньню ня проста бізнэс-плянаў, а антыкрызісных плянаў для рэдакцыйных калектываў, таму што тая палітыка эканамічнай дыскрымінацыі, якая ажыцьцяўляецца ў дачыненьні да недзяржаўных СМІ, не дазваляе адчуваць сябе ўпэўнена і ўстойліва ў самой рэдакцыі.

У дадзенай сытуацыі канфлікт пачаўся са зьмены ўласьнікаў і прызначэньня новага кіраўніка рэдакцыі. Па шчырасьці, я ніколі не сутыкалася з такога кшталту канфліктамі. Мяне засмучае, у першую чаргу, адсутнасьць павагі да калектыву рэдакцыі. Зразумела, там не атрымліваецца бізнэс-праект. Але сама рэдакцыя — гэта журналісцкі праект. Я ня ведаю іншага выданьня ў краіне, у якім быў бы такі моцны экспэртны, аналітычны патэнцыял. І гэтыя людзі заслугоўваюць павагі.

БАЖам была зладжаная сустрэча і з новым уласьнікам, акцыянэрамі, і з новым прызначаным галоўным рэдактарам, і з калектывам тыднёвіка. БАЖ паспрабаваў узяць на сябе функцыю мэдыятара. Падчас сустрэчы прапаноўвалася спрыяньне ў стварэньні камісіі па працоўных канфліктах, камісіі па выпрацоўцы рэдакцыйнай палітыкі. З боку самога калектыву прагучала адна з прапановаў, якая б, відаць, спыніла канфлікт: гэта разьдзяленьне паўнамоцтваў. Ёсьць дырэктар, які павінен займацца гаспадарчымі справамі, прасоўваньнем рэклямы, распаўсюдам выданьня. А ёсьць кантэнт, які павінны фармаваць у рэдакцыі ня ўласьнікі, не гаспадары, не акцыянэры, а павінны ствараць самі журналісты. Вось гэтыя правілы парушаныя, і канфлікт абвастрыўся.

На жаль, падчас сустрэчы і новыя ўласьнікі, акцыянэры, і дырэктар прадэманстравалі сваю негатовасьць шукаць кампрамісу. І скончылася гэта тым, што 26 сакавіка калектыў выказаў недавер новаму кіраўніку, празь некалькі дзён большая частка калектыву падала заявы на звальненьне. Я цяпер з трывогай чакаю 4 траўня, калі сканчаецца тэрмін і могуць рэальна пачацца звальненьні журналістаў.

Так, на пэўны час брэнд «Белорусы и рынок», магчыма, і застанецца. А журналісты сыдуць. Я лічу, гэта будзе неверагоднай стратай для беларускай журналістыкі. Тым больш — у год прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, калі людзям неабходная спэцыялізаваная эканамічная інфармацыя, калі мы ніяк ня можам разабрацца і прааналізаваць сытуацыю, выпрацаваць нейкія шляхі, як нам справіцца з той хваляй агрэсіўнай прапаганды, якая звалілася на нашу сьвядомасьць з боку расейскіх СМІ.

То бок настолькі складаная вонкавая сытуацыя — і ставіць задачу пераўтварэньня такога выданьня ў бізнэс... Ну, калі бізнэс — то гэта тады не «Белорусы и рынок», а «Белорусы и Комаровский рынок», «Белорусы и Ждановичский рынок». Мы на мяжы, калі можам страціць адно зь нешматлікіх прафэсійных выданьняў. Я неверагодна спачуваю калегам па-чалавечы. Я лічу, што людзі з пачуцьцём уласнай годнасьці заслугоўваюць павагі. І маральная перавага на іх баку.

— Толькі што вы ўзгадалі агрэсіўную расейскую прапаганду. Нават Павал Якубовіч у праграме «Клюб рэдактараў» на БТ публічна абураўся Салаўёвым, Жырыноўскім ды іншымі «зоркамі» расейскіх каналаў. Беларускія дэмакратычныя партыі і рухі патрабуюць забароны расейскіх каналаў. Ці можна неяк супольна зь дзяржаўнымі СМІ працаваць у гэтым кірунку?

Прапаганду перабіць прапагандай — складана. І я лічу, што толькі прафэсійная журналістыка, толькі адмежаваньне ад гэтых байцоў інфармацыйных войнаў — вось дзе наш паратунак

— Я гэта называю поўным бязьмежжам. Проста шакуе гэтая агрэсія. Што з гэтым рабіць? Прапаганду перабіць прапагандай — складана. І я лічу, што толькі прафэсійная журналістыка, толькі адмежаваньне ад гэтых байцоў інфармацыйных войнаў — вось дзе наш паратунак. То бок, уся прафэсійная журналістыка павінна быць інстытутам рэпутацыі. Трэба даваць сваёй аўдыторыі як мага больш праўдзівай інфармацыі.

Нашы назіраньні цешаць: найбольш абароненая ад гэтай прапаганды якраз аўдыторыя незалежных СМІ. Незалежная супольнасьць павінна зрабіць усё, каб людзі валодалі поўным спэктрам праўдзівай інфармацыі.

Трывожыць і не дае спакою паўзучае прасоўваньне канцэпту «русского мира». Адзін з апошніх прыкладаў — зьяўленьне фэйкавага сайту. Ёсьць папулярны, прасунуты рэсурс «Медиа-Полесье», дзе працуюць аўтарытэтныя журналісты. І побач — зьяўленьне фэйкавага сайту, дзе ўсё паўтараецца — і дадаецца разьдзел «Донбасс», дзе падаецца інфармацыя вельмі несумленная. Альбо інфармацыя пра тое, што ЛДПБ рыхтуецца вырабіць 100 тысяч георгіеўскіх стужак. А сытуацыя з «Начнымі ваўкамі»? Можа, я перабольшваю, але гэта страшэнна насьцярожвае. Можа, за «Начнымі ваўкамі» прыйдуць «зялёныя чалавечкі»?

Відаць, самае галоўнае — прышчапіць нашым людзям крытычнае стаўленьне да прапаганды, каб наступствам гэтай прапаганды ня стала поўная дэзынфармацыя, дэзарыентацыя беларусаў. Таму місія журналістыкі на сёньняшні дзень яшчэ больш узрастае.

XS
SM
MD
LG