Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіна і Пачобут сябе героямі ня лічаць


На мапе сабоды прэсы за 2013 год горшай сытуацыі адпавядае цямнейшы колер. Беларусь пазначаная чорным.

На мапе сабоды прэсы за 2013 год горшай сытуацыі адпавядае цямнейшы колер. Беларусь пазначаная чорным.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» упершыню склала сьпіс «Сто герояў інфармацыі».

У яго ўвайшлі журналісты з 65 краінаў ва ўзросьце ад 25 да 75 гадоў. З Эўропы ў ганаровы сьпіс трапілі восем чалавек, у тым ліку беларусы Жанна Літвіна і Андрэй Пачобут.

Журналіст Андрэй Пачобут, які працуе карэспандэнтам польскага выданьня «Gazeta Wyborcza», быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі, за журналісцкую і грамадзка-палітычную дзейнасьць караўся штрафамі, адміністрацыйнымі арыштамі, на яго двойчы заводзілі крымінальныя справы. У 2011 годзе яго асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады за «паклёп на прэзыдэнта».

Тым ня меней «героем інфармацыі» Андрэй сябе ня лічыць: Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

«На жаль, Беларусь — гэта не прыязная краіна для журналістаў, для прэсы. Я думаю, што кожны з тых, хто працуе ў галіне СМІ, прычым незалежна, ці гэта дзяржаўнае СМІ, ці недзяржаўнае, — калі так шчыра размаўляць, то кожны прызнае, што тут вельмі складаныя ўмовы для працы. Дзяржаўныя СМІ — фактычна абслуга ўлады, і стаўленьне да іх з боку чыноўнікаў адпаведнае — што гэта абслуга. Ну, а да недзяржаўных СМІ ставяцца як да дывэрсантаў. Вось так выглядае праца журналіста ў Беларусі. Ну, а калі ўжо казаць пра замежныя СМІ — тым больш стаўленьне да іх як да дывэрсантаў. Гэта, вядома, сымптом хваробы ўлады, сымптом хваробы нашага грамадзтва, на жаль».

Для старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, стваральніцы некалькіх незалежных радыёстанцыяў Жанны Літвіной прысуджэньне званьня «Герой інфармацыі» таксама стала абсалютна нечаканай навіной:
Жана Літвіна

Жана Літвіна

«Канечне, я не адчуваю сябе героем, таму што сёньня я аддавала б перавагу тым сваім калегам, якія знаходзяцца ў „гарачых кропках“, у першую чаргу ва Ўкраіне — калегам, якія там працуюць у жорсткіх, невыносных умовах. Чаго толькі вартая гэтая лічба, названая офісам АБСЭ, што перасьлед там зазналі больш за 200 журналістаў.

Калі ўвогуле глядзець на беларускую сытуацыю, на тыя ўмовы, у якіх сёньня працуюць беларускія журналісты, — на жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што сваю стабільнасьць і сваю бясьпеку ўлада ўсё яшчэ забясьпечвае шляхам кантролю за інфармацыяй, а гэта значыць, і за грамадзкай сьвядомасьцю. Жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне, закрытасьць улады, нецярпімасьць і непрыманьне крытыкі — вось, відаць, адна з прычынаў праблем журналісцкай супольнасьці ў Беларусі. Праблемаў у нас сапраўды шмат. Самае галоўнае — я веру, што калі прытрымліваесься прынцыпаў, стандартаў сваёй прафэсіі, тады ўсе гэтыя цяжкасьці пераадольныя».
XS
SM
MD
LG