Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З намі змагацца лёгка, бо мы не хаваемся, — Кастусёў пра судовы канвэер у Сьвіслачы


Традыцыйнае фота ўдзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы,
Традыцыйнае фота ўдзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы,

Працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году.

Сёньня ў Сьвіслачы аштрафавалі на 3 мільёны 750 тысяч рублёў кіраўніцу абласной арганізацыі АГП Аляксандру Васілевіч. Сёньня ж абласны суд адхіліў скаргу на рашэньне Ленінскага суду Горадні ў дачыненьні Ўладзімера Хільмановіча, які таксама быў асуджаны за імпрэзу ў Сьвіслачы.

Паводле Аляксандры Васілевіч, суд над ёй адбываўся такім самым чынам, як і над іншымі: сьведчылі тыя самыя сьведкі, праглядалі той самы відэаматэрыял. Васілевіч спрабавала давесьці суду, што аповед каля помніка паўстанцаў пра іх подзьвіг, а таксама запальваньне зьнічоў і ўскладаньне кветак не зьяўляюцца прыкметамі мітынгу.

Яна спасылалася на Канстытуцыю, паводле якой грамадзяне маюць права праводзіць розныя мерапрыемствы, калі яны не парушаюць правапарадак і не замінаюць іншым людзям. Паводле Васілевіч, міліцыя таксама прызнала, што ніхто не парушаў правапарадку, нікога не затрымлівалі, што і сьведчыць пра тое, што акцыя не падпадае пад несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. І тым ня менш, судзьдзя не прыняў гэтыя аргумэнты да ўвагі.

Аляксандра Васілевіч
Аляксандра Васілевіч

Васілевіч: «Але, нягледзячы на Канстытуцыю, паводле якой мы маем права на мірныя сходы, якія не парушаюць правы іншых людзей, ня маюць на мэце зруйнаваньне канстытуцыйнага ладу і іншае, суд усё ж прызнаў мяне вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і вулічным шэсьці і аштрафаваў на 25 базавых велічынь».

Васілевіч кажа, што ня ведае, як камэнтаваць такое рашэньне суду, паколькі яно ніякім чынам не зьвязана з правам, якое дэкляруецца ў Рэспубліцы Беларусь.

Разгляд у абласным судзе скаргі Ўладзімера Хільмановіча на рашэньне Ленінскага суду Горадні, паводле якога ён быў аштрафаваны на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў, працягваўся ня болей за 15 хвілінаў. Хільмановіч патлумачыў судзьдзі, што нават паводле матэрыялаў справы ў Ленінскім судзе быў устаноўлены толькі факт яго прысутнасьці ў Сьвіслачы, а ніяк ня ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

Паказаньні сьвіслацкіх міліцыянтаў, паводле пратаколу судовага паседжаньня, таксама сьведчылі на ягоную карысьць, паколькі міліцыянты засьведчылі, што Хільмановіч не парушаў грамадзкага парадку. Гэта, паводле Хільмановіча, сьведчыць пра тое, што ягоная віна ў судзе не была даказаная.

Хільмановіч таксама тлумачыў, што судзьдзя Алена Пятрова падчас разгляду ягонай справы парушыла заканадаўства аб мовах, пазбавіўшы яго права, каб усе ягоныя паказаньні ў судзе фіксаваліся на беларускай мове. Хільмановіч прывёў у прыклад некалькі выпадкаў, калі сакратарка ўнесла ў пратакол фразы, якія адвольна пераклала зь беларускай на расейскую мову, і якія, паводле Хільмановіча, не адпавядаюць таму, што ён казаў у судзе.

Усе гэтыя довады судзьдзя да ведама не прыняў і абвясьціў, што пакідае рашэньне Ленінскага суду ў дачыненьні Хільмановіча бязь зьменаў. Уладзімер Хільмановіч з гэтае нагоды заявіў Свабодзе:

«Судзьдзі абласнога суду пры разглядзе касацыйных скаргаў не прымаюць да ўвагі ніякіх юрыдычных аргумэнтаў, кіруюцца толькі палітычнай каньюнктурай і той сытуацыяй, якая склалася ў судах за апошнія 10-15 гадоў. Абласны суд па звыклай завядзёнцы кіруецца тым жа „тэлефонным правам“, і па сутнасьці сыстэмы юстыцыі, як і правасудзьдзя, у Рэспубліцы Беларусь больш няма».

На сёньняшні дзень за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году асуджана 11 чалавек. Вядома, што пратаколы складзеныя яшчэ на гарадзенцаў Алеся Астроўскага і Вадзіма Саранчукова.

Вольга Крапоцкіна
Вольга Крапоцкіна

Сёньня ж у абласным судзе Горадні была разгледжана скарга Вольгі Крапоцінай, якую асудзілі за расклейваньне ўлётак «Вярніце Крым!» на машынах з расейскімі нумарамі. Аналягічна, рашэньне Ленінскага суда было пакінута бязь зьменаў. Вольгу Крапоціну аштрафавалі на чатыры з паловай мільёны рублёў.

На Магілёўшчыне намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, распачатай па факце ягонага ўдзелу 26 кастрычніка ў акцыі па ўшанаваньні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы. Партыйца вінавацяць у тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным уладай мітынгу. Адміністрацыйную справу, паведамілі Кастусёву ў шклоўскай міліцыі, накіроўваюць у суд. Судзіць актывіста зьбіраюцца ў Шклове.

Каб міліцыя займалася барацьбой з карупцыяй гэтак зацята, як яна змагаецца з апазыцыяй, дык відаць плёну было б куды болей

Паводле фронтаўца, са Сьвіслачы ў Шклоў матэрыялы справы накіроўвалі двойчы. Першы раз шклоўская міліцыя іх вярнула сваім калегам з Гарадзеншчыны, бо справа была, як кажа Кастусёў, непрафэсійна падрыхтаваная.

«Я азнаёміўся з даволі аб’ёмай папкай з паперамі супраць мяне. У матэрыялах згадваецца, што я выступаў на мітынгу, ускладаў кветку. Не прамінулі адзначыць міліцыянты, што я ўдзельнічаў у паховінах мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка. Во, каб міліцыя займалася барацьбой з карупцыяй гэтак зацята, як яна змагаецца з апазыцыяй, дык відаць плёну было б куды болей. З намі змагацца лёгка, бо мы не хаваемся. Зразумела, што сьвіслацкай міліцыі далі загад за намі сачыць з кіраўніцтва сілавых структураў», — камэнтуе сытуацыю Рыгор Кастусёў.

За ўдзел у акцыі па ўшанаваньні паўстанцаў-каліноўцаў суды караюць штрафамі. Каля дзясятка ўдзельнікаў прайшлі гэтую працэдуру. Пошук актывістаў працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG