Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы канвэер за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага: штраф Дзьмітрыеву


Традыцыйнае фота ўдзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы

Традыцыйнае фота ўдзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы

Сьвіслацкі раённы суд аштрафаваў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Канстанціна Дзьмітрыева на 10 базавых велічыняў (паўтара мільёна рублёў) за ўдзел ва ўшанаваньні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы.

Суд настаяў на прысутнасьці актывіста ў судзе, і ён быў вымушаны ехаць зь Менску ў Сьвіслач.

Канстанцін Дзьмітрыеў — ужо дзясяты аштрафаваны «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Дагэтуль вялікімі штрафамі былі пакараныя Юры Глебік зь Сьвіслачы, журналіст Радыё Свабода Міхал Карневіч, актывісты Ўладзімер Хільмановіч, Ежы Грыгенча, Віталь Лопасаў, Віктар Бабкін, Уладзімер Пруднікаў з Горадні, Віталь Гуляк з Ваўкавыску, Алесь Мех з Кобрыня.

16 сьнежня ў Сьвіслачы будуць судзіць старшыню Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Аляксандру Васілевіч. Яе справу будзе разглядаць старшыня суду Аляксандар Шылін.

Аналягічны пратакол, складзены на навукоўца Алеся Астроўскага, накіраваны на дапрацоўку, бо міліцыянты напісалі, што Астроўскі парушыў заканадаўства ў Сьвіслачы і Якушоўцы, але насамрэч у Якушоўцы яго не было.

Гарадзенец Вадзім Саранчукоў атрымаў СМС-паведамленьне, што яго выклікаюць у суд Сьвіслацкага раёну 19 сьнежня для разгляду адміністрацыйнай справы па артыкуле 23.34 ч. 1.

Актывіст Партыі БНФ сказаў карэспандэнту Свабоды, што, калі сканчаў юрфак, «такія формы запрашэньня не былі прадугледжаны, і ня памятаю, каб з таго часу такія зьмены ўносіліся».

Ён не выключае, што яго таксама выклікаюць за ўдзел ва ўшанаваньні памяці.

«Толькі бардак у іх у гэтым годзе — у кожнага падсуднага свае прыколы... Відаць, няма адзінага цэнтра кіраваньня. Сказана пакараць — і кожны выдурняецца, на колькі фантазіі хапае», — сказаў Вадзім.

Масавай акцыяй улады палічылі традыцыйнае ўшанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага, якое адбылося 26 кастрычніка ў Сьвіслачы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG